Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея заблякавала пашырэньне місіі АБСЭ на яе мяжы з Украінай


Расея заблякавала пашырэньне міжнароднага маніторынгу АБСЭ за мяжой з Украінай. Гэта адбылося падчас сустрэчы прадстаўнікоў арганізацыі ў Вене.

Перад гэтым усе 57 краін АБСЭ, уключна з Расеяй, вырашылі падоўжыць мандат гэтай місіі яшчэ на месяц, да 23 лістапада. Колькасьць назіральнікаў застаецца на цяперашнім узроўні.

Прадстаўнік ЗША ў АБСЭ Джэніфэр Басфорт абвінаваціла Расею ў «неабгрунтаваных абмежаваньнях» для 16 назіральнікаў АБСЭ і трох адміністрацыйных асыстэнтаў, якія займаюцца маніторынгам расейскіх пунктаў пропуску «Гукава» і «Данецк».

«Мы занепакоеныя, што місія будзе ня ў стане маніторыць прастору, у якой Расея ўцягнутая ў нелегальныя патокі зброі, грошай, а таксама баевікоў для падтрымкі сэпаратыстаў на ўсходзе Ўкраіны», — сказала Джэніфэр Басфорт.

«Надзвычай шкада», адзначыла яна, што Расея не пагадзілася пашырыць маніторынгавую місію:

«Мы маем абмежаваную місію, якая пакрывае адзін з 2300 кілямэтраў мяжы», — падкрэсьліла Басфорт. Расейскі бок пакуль не камэнтаваў гэтую сытуацыю.

У пачатку кастрычніка ў Менску былі дасягнуты дамоўленасьці паміж прадстаўнікамі Ўкраіны, Расеі і сэпаратыстамі, паводле якіх за ўкраінска-расейскай мяжой павінен ажыцьцяўляцца поўны кантроль з удзелам прадстаўнікоў АБСЭ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG