Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Грузіі асуджаны былы міністар абароны і ўнутраных спраў


Бачана Ахалая
Бачана Ахалая

Тбіліскі гарадзкі суд асудзіў экс-міністра абароны і былога міністра ўнутраных спраў Бачана Ахалая да сямі з паловай гадоў турмы за злачынства, зьдзейсьненае амаль дзевяць гадоў таму, калі ён займаў пасаду кіраўніка дэпартамэнту выкананьня пакараньняў.

Паводле прысуду, Ахалая, які лічыўся адным з найбліжэйшых паплечнікаў экс-прэзыдэнта Саакашвілі, асабіста катаваў зьняволеных, западозраных у спробе ўцёкаў. Разам з тым ён, як лічыць сьледзтва, ствараў камфортныя ўмовы знаходжаньня ў турме былым паліцыянтам, якія былі асуджаныя за выкраданьне і сьмерць маладога банкіра Сандра Гіргвліяні ў 2006 годзе.

Прысуд па справе аднаго з найбліжэйшых паплечнікаў Саакашвілі камэнтуе супрацоўнік грузінскай службы нашага радыё Зьвіяд Мчэдлішвілі:

«Недзе гадзіны праз тры пасьля завяршэньня судовага працэсу жонка Ахалая сабрала прэсавую канфэрэнцыю і заявіла, што працэс быў палітызаваны. Яе аргумэнты палягалі ў тым, што па частцы абвінавачваньняў ён быў апраўданы, а па частцы — прызнаны вінаватым. Таксама яна заявіла, што мае зьвесткі пра ціск на судзьдзю. Увогуле, прыхільнікі ранейшага прэзыдэнта Саакашвілі ва ўнісон кажуць, што гэты працэс палітызаваны. У якасьці пацьверджаньня сваёй ацэнкі яны спасылаюцца на тое, што суд у Грэцыі не прызнаў вынесеныя грузінскім бокам абвінавачаньні адносна Дато Ахалая — брата былога міністра, які цяпер хаваецца ў Грэцыі. Увогуле, практычна ўсіх былых функцыянэраў часоў Саакашвілі абвінавачваюць у перавышэньні службовых паўнамоцтваў, у нейкіх канкрэтных злачынствах іх не абвінавачваюць».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG