Пра гэта паведамляе сайт Сьледчага камітэту Беларусі.
Апроч таго, дасудовае расьсьледаваньне спынілі і ў дачыненьні да жонкі высокапастаўленага супрацоўніка беларускіх праваахоўных органаў.
Сьледзтва па факце выкрыцьця патронаў у машыне Канапляніка літоўскія праваахоўныя органы вялі цягам месяца.
Пасьля таго як праваахоўныя органы распачалі расьсьледаваньне, Канапляніку і ягонай жонцы абмежавалі выезд зь Літоўскай Рэспублікі, пашпарты ў іх забралі. Пазьней меру стрыманьня (пазбаўленьне дакумэнтаў) у дачыненьні да Канапляніка адмянілі, і 20 кастрычніка начальнік управы СК па Менску вярнуўся ў Беларусь. Ягоная жонка змагла выехаць зь Літвы два тыдні таму.
Як паведамляе Сьледчы камітэт Беларусі, Канаплянік прыступіў да выкананьня службовых абавязкаў.
21 верасьня на Мядзінінкайскім кантрольна-прапускным пункце затрымалі двух беларускіх грамадзянаў. Літоўскія мытнікі правялі «паглыблены агляд» зарэгістраванага ў Беларусі легкавога аўтамабіля ды выявілі пад дном машыны некалькі дзясяткаў патронаў калібру 9 мм Luger. На гэтым аўтамабілі ў Беларусь вярталіся начальнік упраўленьня СК па Менску Дзьмітры Канаплянік з жонкай.
Спачатку ў Сьледчым камітэце Беларусі затрыманьне супрацоўніка праваахоўных органаў не пацьвярджалі, а афіцыйны прадстаўнік упраўленьня Сьледчага камітэту па Менску Аляксандар Герасімаў паведаміў карэспандэнту Свабоды, што начальнік управы СК па Менску Дзьмітры Канаплянік у адпачынку.
Пазьней беларускія сьледчыя заявілі, што Дзьмітрыю Канапляніку «заклалі патроны ў аўтамабіль».