Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рада Эўропы падпарадкавалася стандартам беларускай пракуратуры, — Лялькоў


Ігар Лялькоў
Ігар Лялькоў

Прадстаўнікі грамадзкага аб’яднаньня БНФ «Адраджэньне» і шэрагу іншых няўрадавых арганізацыяў не дапушчаныя да ўдзелу ў сэмінары «Адказнасьць юрыдычных асобаў за карупцыйныя правапарушэньні», які адбудзецца 21–22 кастрычніка ў Менску пад эгідай Рады Эўропы і Генэральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь.

Мэта сэмінару — падрыхтоўка спэцыялістаў і прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасьці ды ўдасканаленьне іх навыкаў у выяўленьні выпадкаў адказнасьці юрыдычных асобаў за карупцыйныя правапарушэньні.

Прадстаўнікі грамадзянскай супольнасьці Беларусі рэкамэндавалі да ўдзелу ў менскім сэмінары намесьніка старшыні БНФ «Адраджэньне» Ігара Лялькова. Аднак і яго кандыдатура, і кандыдатуры іншых экспэртаў былі адхіленыя.

«Наколькі мне вядома, мая кандыдатура была адхіленая арганізатарамі сэмінару з прычыны „залішняй палітызаванасьці“, а шэрагу іншых экспэртаў было адмоўлена з той прычыны, што яны прадстаўляюць незарэгістраваныя грамадзкія структуры», — зазначыў Лялькоў.

Прыкра, што агульнаэўрапейская арганізацыя, створаная для абароны правоў чалавека, выштурхоўвае са сваіх мерапрыемстваў прадстаўнікоў апазыцыі і грамадзянскай супольнасьці

«Я далёкі ад думкі, што Рада Эўропы зьмяніла сваё стаўленьне да пытаньня дыялёгу і свабоднага разьвіцьця грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі. Хутчэй можна казаць, што пры арганізацыі гэтага сэмінару Рада Эўропы сьвядома вырашыла падпарадкавацца стандартам беларускай пракуратуры — ніякай альтэрнатыўнай думкі, ніякіх крытычных заўвагаў, ніякай іншай пазыцыі, апроч афіцыйна дазволенай. Прыкра, што агульнаэўрапейская арганізацыя, створаная для абароны правоў чалавека, выштурхоўвае са сваіх мерапрыемстваў прадстаўнікоў апазыцыі і грамадзянскай супольнасьці», — падкрэсьліў Лялькоў.

Паводле яго, «выпадак з сэлектыўным адборам прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасьці для грамадзкага дыялёгу яскрава сьведчыць, што ніякай барацьбы з карупцыяй сёньняшняя ўлада рабіць не зьбіраецца».

«Гучна абвешчанае нядаўна грамадзкае абмеркаваньне новага закону „Аб барацьбе з карупцыяй“ — такая ж бутафорыя, пакліканая стварыць ілюзію грамадзкага абмеркаваньня там, дзе аніякае альтэрнатыўнае меркаваньне не дапускаецца», — лічыць намесьнік старшыні БНФ «Адраджэньне».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG