Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пад Менскам адкрылі помнік Віктару Івашкевічу (ФОТА)


Сёньня на Паўночных могілках Менску быў адкрыты і асьвечаны помнік беларускаму палітычнаму дзеячу Віктару Івашкевічу, які перадчасна памёр год таму.

Аўтар кампазыцыі — скульптар Ігар Засімовіч. Гранітны помнік вышынёй у рост Віктара выкананы ў форме шчыта з шасьціканцовым крыжам. У крыж умантаваныя адлітыя з мэталу Пагоня і барэльеф з партрэтам Віктара, выкананы паводле аднаго зь ягоных апошніх здымкаў падчас акцыі — там Віктар трымае сьцяг і глядзіць на яго ўгару. На помніку таксама адлітая ў мэтале цытата зь верша Анатоля Сыса, прысьвечанага Івашкевічу: «А мяне натхняе Воля».

Надмагільная пліта ў кшталце нацыянальнага сьцяга хутка была закрытая мноствам жывых кветак белага і чырвонага колераў.

Дэкан Беларускай грэка-каталіцкай царквы а. Андрэй Абламейка асьвяціў помнік.

Гучала дуда Вячаслава Красуліна. На ўрачыстасьць сабраліся шматлікія сябры й паплечнікі Віктара, бацька Антон Іванавіч, брат Яўген.

Словы ў ягоную памяць сказалі Алесь Суша, Вінцук Вячорка, Алесь Бяляцкі, Дзіяна Мікульская, Генадзь Фядыніч, Марыя Касьян.

Згадвалі Віктара як адкрытага, пазытыўнага і пры гэтым адважнага, цьвёрдага і прынцыповага чалавека, для якога Свабода і Беларусь былі абсалютнымі каштоўнасьцямі.

Ушанаваньне завяршылася гімнам «Магутны Божа».

Выступае Алесь Бяляцкі
Выступае Алесь Бяляцкі

Асьвячэньне помніка
Асьвячэньне помніка

Прамаўляе Вінцук Вячорка
Прамаўляе Вінцук Вячорка

На надмагільлі ў выглядзе нацыянальнага сьцяга — легендарная шапка-„швейкаўка” Віктара Івашкевіча
На надмагільлі ў выглядзе нацыянальнага сьцяга — легендарная шапка-„швейкаўка” Віктара Івашкевіча

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG