Сёньня ў Галерэі «Ў» беларускі журналіст Севярын Квяткоўскі прэзэнтуе кнігу «Як стаць беларусам. Сто гісторый».
Выданьне рыхтавалася некалькі гадоў і аб’ядноўвае пад сваёй вокладкай расказы пра працэс усьведамленьня сябе як беларуса, пра прыход да беларускасьці і беларускай мовы. Хоць сярод герояў кнігі нямала вядомых асобаў, сярод якіх Сяргей Міхалок, Уладзімер Арлоў, Ганна Кісьліцына, Андрэй Кудзіненка, аўтар праекту кажа, што для яго найбольш важна паказаць, як становяцца беларусамі людзі «з вуліцы».
Пра новую кнігу Свабода пагутарыла зь Севярынам Квяткоўскім.
— Спадар Севярын, калі абагульніць да некалькіх словаў, то пра што ваша кніга?
— Кніга пра розныя бакі чалавечнасьці. Яе назва «Як стаць беларусам» атрымалася правакацыйная, гэта было зроблена наўмысна, каб людзі задумаліся пра пэўныя рэчы. Пра тое, што ганьбіць беларускае могуць толькі людзі са зьмененай сьвядомасьцю, гэта значыць, людзі замбаваныя. Гэта праблема нашага рэгіёну, які ў свой час трапіў пад бальшавісцкую заразу. Таму кніга пра людзей, якія пазбавіліся гэтай заразы, а значыць — пра чалавечнасьць, пра нармальнае здаровае жыцьцё.
— Як вы сталі беларусам?
— У мяне такая сям’я, што гэтай праблемы адпачатку не было. Я толькі ў гадоў трыццаць з хвосьцікам зразумеў, што для многіх беларусаў па нацыянальнасьці гэта праблема — стаць беларусам. У маіх бацькоў з чалавечнасьцю ніколі праблемаў не было, у бальшавізм яны ня верылі.
— Як стваралася кніга? І як вы можаце ахарактарызаваць сваю ролю ў яе стварэньні?
— Рабіліся інтэрвію з героямі. Праз дыктафон альбо праз электронную пошту. Маналёгі герояў дасылаліся мне. Таму гэта хутчэй праект, набліжаны да журналістыкі. Калі глядзець на назву, то можна падумаць, што ўсім героям задавалася адно і тое ж пытаньне: «Як стаць беларусам?». Але былі і іншыя пытаньні, якія круціліся вакол гэтай тэмы. Назва кнігі паўстала пасьля збору тэкстаў. Да зьяўленьня кнігі існаваў інтэрнэт-праект, у які ўваходзіла каля 300 тэкстаў, аб’яднаных у сэрыі з рознымі назвамі. Для кнігі былі адабраныя самыя яркія і паказальныя. І тут я б адзначыў працу рэдактара кнігі Валянціна Акудовіча, які добра дапамог мне ў гэтым.
— Як адбіраліся героі?
— Хаатычна. Ніякага прынцыпу не было. Там ёсьць знакавыя асобы, але яны таксама адабраныя выпадкова. Вось трапіўся мне Міхалок — я ў яго запытаўся. Трапіўся Харэўскі — запісаў яго. Задача ставілася — найперш размаўляць зь людзьмі з вуліцы, а не зь вядомымі.
— Працаваўшы з развагамі людзей пра тое, як яны прыходзілі да таго, каб «быць беларусам», ці можаце сказаць, што спасьціглі формулу беларускасьці?
— Беларускасьць — гэта чалавечнасьць. У нас большасьць людзей ня могуць зразумець, што страшная чалавеканенавісьніцкая ідэалёгія дагэтуль намі кіруе. Як толькі ты робісься проста чалавекам, тады ты заадно робісься і беларусам. А ў нас жывуць замбаваныя людзі зь ненатуральнымі ідэямі. Што вядзе да таго, што чалавек робіцца трактарам. Нездарма на вокладцы кнігі ілюстрацыя працэсу эвалюцыі чалавека ўтрымлівае трактар. Чалавек-трактар — бяздумная машына, якой можна кіраваць. І ў нас такіх трактароў — палова насельніцтва. А стаць беларусам — гэта проста стаць чалавекам, перастаць быль трактарам.
— Якая гісторыя шляху да беларускасьці падалася вам найбольш забаўнай?
— Гэта вельмі складанае для мяне пытаньне, таму што я ўсе гісторыі люблю. І за кожнай гісторыяй, якая ўвайшла ў кнігу, ёсьць нешта адметнае. Можа, я лічу найбольш важнай думку аднаго з герояў кнігі пра тое, што ён знайшоў раней у яго адабранае. Людзі, якія нарадзіліся і пажылі ў Савецкім Саюзе, мяне зразумеюць. Нас падманвалі штосэкунды, мы жылі ў краіне ашуканства. Гэта неверагодны экспэрымэнт над псыхікай, калі цябе ашукваюць кожную сэкунду. Аднойчы ты пачынаеш разумець, што цябе наколваюць ад нараджэньня да сьмерці. Гэта была такая гульня дзяржавы з грамадзтвам. І вось адзін з герояў кнігі, Іван Восіпаў, кажа, што раптам да яго дайшло, што яго ашукваюць, і ён знайшоў тое, што ў яго скралі. Лічу гэтую думку вельмі каштоўнай.
Прэзэнтацыя кнігі адбудзецца 16 кастрычніка а 19 гадзіне у Галерэі «Ў» (Менск, пр-т Незалежнасьці, 37/а).