Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жыхары Ганконгу змагаюцца з дэманстрантамі


У Ганконгу адбыліся сутыкненьні паміж прыхільнікамі і праціўнікамі прадэмакратычнага руху.

На лягер пратэстоўцаў, разьбіты ў фінансавым раёне гораду, напалі сотні мужчын зь ліку мясцовых жыхароў. Яны мелі намер разабраць збудаваныя дэманстрантамі барыкады, паведамляе Бі-бі-сі.

Паліцыя спрабавала стрымліваць беспарадкі. Напярэдадні ўлады здолелі разабраць частку барыкадаў ля ўрадавых будынкаў, каб палегчыць рух транспарту.

У нядзелю кіраўнік адміністрацыі Ганконгу Лян Чжэн’ін заявіў, што ўдзельнікі вулічных акцый пратэсту ня маюць ніводнага шанцу зьмяніць пазыцыю Пэкіну наконт фармату выбараў 2017 году.

У тэлеінтэрвію Чжэн’ін заявіў, што пратэсты выйшлі з-пад кантролю, і ня выключыў магчымасьці прымяненьня сілы для іх спыненьня.

«Калі папярэдняй умовай для рэалізацыі ўсеагульнага выбарчага права ў 2017 будуць адмена Асноўнага закону і рашэньня пастаяннага камітэту Ўсекітайскага сходу народных прадстаўнікоў, то я ўпэўнены, што шанцы такога рашэньня роўныя нулю», — сказаў ён.

Асноўны закон зьяўляецца свайго роду канстытуцыяй Ганконгу, які дзейнічае ад 1997 году, калі Вялікабрытанія перадала Ганконг пад кіраваньне Кітаю. Паводле гэтага закону, кіраўнік Ганконгу абіраецца ўсеагульным галасаваньнем, пасьля таго, як яго кандыдатура зацьвярджаецца камітэтам прадстаўнікоў палітычнай і дзелавой эліты гораду шляхам дэмакратычнага галасаваньня.

Увечары ў нядзелю ля часовага намётавага лягера студэнтаў ля Адміралцейства сталі зьбірацца праціўнікі руху пратэсту. Яны патрабавалі адкрыць рух па заблякаваных вуліцах і падтрымаць паліцыю.

Сярод іх было шмат мясцовых таксістаў, раззлаваных перабоямі ў руху, што працягваюцца ўжо два тыдні. Яны прыбылі да лягеру на сваіх машынах, гучна сыгналілі і скандавалі лёзунгі.

Дзе-нідзе на машынах былі надпісы: «Мы больш ня можам трываць». Некаторыя сталі разьбіраць намёты, устаноўленыя дэманстрантамі, і расьцягваць іх. Яны таксама падагналі да лягера грузавік з кранам, на які пагрузілі рэшткі барыкадаў.

У пачатку кастрычніка на студэнтаў, якія сабраліся на мітынг у раёне Мангкок, напалі мясцовыя жыхары. Паліцыя лічыць, што сярод іх былі члены злачыннай групоўкі «Трыяда».

За апошнія дні колькасьць дэманстрантаў моцна скарацілася — зь дзясяткаў тысяч да некалькіх сотняў, у асноўным студэнтаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG