Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Ганконгу працягваецца «рэвалюцыя парасонаў»


У Ганконгу тысячы дэманстрантаў працягваюць блякаваць вуліцы. Працягваюцца спарадычныя сутыкненьні з паліцыяй.

Дзелавы цэнтар горада паралізаваны. Дэманстранты адмаўляюцца падпарадкоўвацца заклікам уладаў разысьціся па дамах, паведамляе ВВС. Удзельнікі пратэстаў незадаволеныя тым, што ўлады Кітаю хочуць самі адсяваць кандыдатаў на выбарах 2017 у Ганконгу.

Вялікабрытанія вярнула Ганконг Кітаю ў 1997 годзе на ўмовах захаваньня формулы «адна краіна, дзьве сыстэмы», што гарантуе ў Ганконгу захаваньне права на пратэсты, якога пазбаўленыя жыхары мацерыковага Кітаю.

Дэманстранты правялі на вуліцах усю ноч. У нядзелю паліцыя спрабавала разагнаць дэманстрацыі, ужываючы дубінкі, сьлезацечны газ і перачныя аэразолі. У панядзелак раніцай улады аўтаномнай тэрыторыі заявілі, што паліцыя адклікаецца з вуліц, бо дэманстранты «супакоіліся».

Тым ня менш, шматлікія крамы і банкі зачыненыя. Транспарт таксама практычна не працуе. Многія гаспадары крамаў заяўляюць, што зачыняюць дзьверы не з-за дэманстрацый, а з-за асьцярог, што паліцыя зноў ужыве сьлезацечны газ. Некаторыя з тых, хто выйшаў на вуліцы ў панядзелак, кажуць, што зрабілі гэта менавіта з-за таго, што ў нядзелю паліцыя ўжыла сілу.

Жоўтыя стужкі

Масавы рух пратэсту ў Ганконгу ў сацыяльных сетках ужо называюць «рэвалюцыяй парасонаў», бо людзі, якія выйшлі на вуліцу, нясуць у руках парасоны. У Ганконгу 30-градусная сьпякота, так што парасоны абараняюць ад сонца, а акрамя таго, некаторыя лічаць, што парасоны могуць абараніць ад перачнай аэразолі.

Многія карыстальнікі Facebook мяняюць свае профільныя фотаздымкі на выяву жоўтай стужачкі або жоўтага парасоніка — на знак падтрымкі руху пратэсту. Прыхільнікі паліцыі вывешваюць сінія стужачкі. На многіх вуліцах зьявіліся ўлёткі, якія заклікаюць паліцэйскіх кіравацца сваім сумленьнем, а не загадамі.

Кіраўнік каталіцкай царквы Ганконгу кардынал Джон Тонг Хон заклікаў улады тэрыторыі гарантаваць бясьпеку грамадзян. Прэзыдэнт Тайваню Ма Інцьзю заявіў: «Мы цалкам спачуваем і падтрымліваем жыхароў Ганконгу ў іх патрабаваньнях усеагульнага выбарчага права».

Улады Ганконгу, у сваю чаргу, абвяргаюць чуткі пра тое, што яны могуць задзейнічаць войскі, але працягваюць настойваць на тым, што паліцыя будзе ужываць захады па навядзеньні парадку ў інтарэсах грамадзкай бясьпекі і бесьперабойнага руху транспарту.

Нягледзячы на тое, што ў Ганконгу разьмешчаны гарнізон народна-вызваленчай арміі Кітая, улады выказалі ўпэўненасьць, што адміністрацыя анкляву самастойна дасьць рады.

Адна краіна, дзьве сыстэмы

Арганізатары акцыі заклікалі дэманстрантаў не рызыкаваць і адступіць у выпадку, калі паліцыя пачне ўжываць гумовыя кулі. «Гэта пытаньне жыцьця і сьмерці, калі паўстане пагроза іх жыцьцю, яны павінны адступіць», — заявіў адзін са стваральнікаў гурту «Акупай Сэнтрал» прафэсар Чан Кінман. Менавіта гэтая група згуртавала вакол сябе пратэстны рух студэнтаў і стала ініцыятарам кампаніі масавага непадпарадкаваньня.

Прадстаўнік упраўленьня па справах Ганконгу і Макао заявіў, што Пэкін «катэгарычна супраць любых незаконных дзеяньняў, якія парушаюць правапарадак і ставяць пад пагрозу грамадзкі супакой, і ўсяляк падтрымлівае ўрад Ганконгу».

Тым ня менш, экспэрты мяркуюць, што камуністычныя ўлады Кітаю ўстрывожаныя тым, што заклікі да дэмакратыі могуць быць падтрыманы і на мацерыковай частцы краіны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG