Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міхалевіча ўзнавілі ў БНФ, Вячорку ня могуць знайсьці


Сёньня ў Менску праходзіць справаздачна-выбарны зьезд партыі БНФ.

Ягоныя дэлегаты пераабралі партыйным старшынём Аляксея Янукевіча, правялі дыскусію аб стратэгіі і тактыцы партыі на прэзыдэнцкіх выбарах 2015 году, унесьлі зьмены ў партыйную праграму.

У парадак дня, які падрыхтавала партыйнае кіраўніцтва, давялося дадаць яшчэ адзін пункт. Нечакана ўначы былы кандыдат на прэзыдэнта і былы намесьнік старшыні партыі БНФ Алесь Міхалевіч, які цяпер знаходзіцца ў эміграцыі, даслаў ліст да зьезду. Палітык просіць аднавіць яго ў складзе сяброў партыі.

Спадара Міхалевіча выключылі з партыі ў 2008 годзе. Сёньня стаўленьне да былога фронтаўца было рознае. Так, Янукевіч заклікаў галасаваць супраць узнаўленьня ягонай партыйнай прыналежнасьці, паколькі той «неаднаразова ганьбіў Партыю БНФ у публічных выступах». Старшыня партыі выказаў меркаваньне, што «не ўсё чыста ў намерах Міхалевіча» і тут магчыма ёсьць нейкія «махінацыі».

Насуперак Янукевічу зварот Міхалевіча падтрымалі намесьнік старшыні партыі Ігар Лялькоў, дэлегат зьезду Ўладзімер Лабковіч і Зьміцер Дрыгайла. Бальшыня дэлегатаў зьезду была на баку Міхалевіча.

Гэтая гісторыя выклікала пытаньне з залі пра лёс некаторых іншых былых фронтаўцаў — Лявона Баршчэўскага, Валяніца Голубева, Пётры Садоўскага, Вацлава Арэшкі ды Вінцука Вячоркі. Цяперашняе кіраўніцтва партыі паведаміла: першыя чацьвёра, хоць і ў прыязнай форме, але адмовіліся вяртацца ў партыю. А спадара Вячорку знайсьці немагчыма — нават праз скайп.

Гэтаксама нечакана, як і Алесь Міхалевіч, з’явіўся і альтэрнатыўны для Аляксея Янукевіча прэтэндэнт на пасаду старшыні партыі. Ім стаў гомельскі актывіст Васіль Раманаў. У сваім выступе ён заявіў, што ня мае добра распрацаванай праграмы і не спадзяецца на абраньне старшынём, а вылучае сваю кандыдатуру для таго, каб выказаць занепакоенасьць тым, што партыя «дэградуе»:

«Я прашу не прыдзірацца да гэтага слова. Але мы зараз нейкая купка людзей, якая жыве сваімі інтарэсамі. І насельніцтву мы робімся ўсё менш і менш цікавымі. Канечне, гэта можна сьпісаць на дзейнасьць КДБ, ФСБ, ЦРУ і Масад. Але гэта будзе штучна. Трэба разабрацца ў сябе і ў сабе. На маю думку, тут вялікае значэньне мае тое, што мы неяк адышлі ад сваіх каранёў. Мы ствараліся як партыя нацыянальная, якая ў першую чаргу абараняе нацыянальныя інтарэсы. Інтарэсы нават не народа, а нацыі».

Раманаў заклікаў зрабіць так, каб першаснымі ў дзейнасьці партыі сталі пытаньні нацыянальныя, а не агульныя пытаньні дэмакратыі.

Вынікі таемнага галасаваньня зафіксавалі перамогу Янукевіча. Яго падтрымалі 113 дэлегатаў. За Васіля Раманава прагаласавалі 18. З нейкіх прычынаў два з паловай дзесяткі дэлегатаў наагул не ўдзельнічалі ў выбарах.

Дэбаты выклікала і пытаньне пра стратэгію і тактыку партыі БНФ на прэзыдэнцкіх выбарах, якія маюць адбыцца ў 2015 годзе. Вызначэньне адзінага кандыдата ад дэмакратычных сілаў пераносіцца з месяца ў месяц. Таму Аляксей Янукевіч прапанаваў падчас сёньняшняга зьезду правесьці таемнае рэйтынгавае галасаваньне,каб высьветліць, які беларускі палітык лічыцца ў Партыі БНФ найбольш прымальнай асобай у якасьці адзінага кандыдата. Янукевіч прапанаваў для рэйтынгавага галасаваньня пяць магчымых кандыдатур: Алена Анісім, Аляксандр Мілінкевіч, Анатоль Лябедзька, Уладзімер Някляеў і Мікалай Статкевіч. Паводле старшыні партыі БНФ, адзіны кандыдат павінен адпавядаць пэўным крытэрам: ён абавязаны адстойваць нацыянальныя інтарэсы, а таксама не шукаць і не атрымліваць падтрымкі ад Крамля.

Дэлегат зьезду, былы дэпутат Менскага гарсавету Аляксандар Жучкоў, камэнтуючы сытуацыю для Свабоды, кажа: калі нават адзіны кандыдат і будзе абраны, гэта не азначае ягоную перамогу на прэзыдэнцкіх выбарах:

«Пакуль большасьць людзей не зразумее, што хопіць цярпець, і пакуль яна не выйдзе, каб адстаяць свой выбар (ня ведаю, куды — да выбарчых участкаў, на плошчу) з мірным супрацьстаяньнем, нічога не атрымаецца. Але чакаць такую сытуацыю сёньня, калі большасьць беларусаў задавальняе стабільнасьць, якая існуе ў нашай краіне, не выпадае. І пакуль не наступіць пералом у сьвядомасьці людзей, нешта значнае не залежыць ні ад адзінага, які можа знайсьціся, ні ад саміх дэмакратычных сілаў.

А тое, што зацыкліліся на працэдуры абраньня адзінага, то гэта, мне здаецца, тупік. Самі сябе туды завялі. А цяпер, спасылаючыся на тое, што ня можам выбраць працэдуру, тармозім увесь працэс».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG