Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дыктатура і хаос ідуць заўсёды побач


Аргумэнт, што стабільная аўтакратычная дзяржава лепшая за няўдалую дзяржаву, у якой пануе хаос — прыкладам, Беларусь лепшая за Ўкраіну — становіцца ўсё больш модным. Але гэты аргумэнт не бярэ пад увагу, што аўтакратыі ў канчатковым рахунку зьяўляюцца крыніцай хаосу.

На гэтую тэму піша журналіст нямецкага тыднёвіка «Der Spiegel» Мацье фон Рор. Прапануем вам фрагмэнты ягонага артыкулу.

Падзеньне дыктатараў не заўсёды зьяўляецца падставай для радасьці, як напісала мая калега Крысціяна Гофман у артыкуле, апублікаваным у SPIEGEL International. Калі б грамадзяне краіны мелі магчымасьць выбару паміж «дзейснай дыктатурай і хаосам няўдалай дзяржавы», цьвердзіць яна, то дыктатура часта аказалася б «меншым злом», таму што яна абяцае працяг стабільнасьці.

Гэта панадлівы тэзіс, які набыў новую сілу пасьля выбуху грамадзянскай вайны ў Сырыі. «Арабская вясна» выклікала неапраўданую надзею на дэмакратызацыю на Блізкім Усходзе — але цяпер, калі ідэалісты расчараваліся амаль паўсюдна, прыхільнікі гэтак званай рэальнай палітыкі зноў даказваюць — хоць іхны заклік да стабільнасьці можа падацца непрыемным і, магчыма, нават цынічным, ён зьяўляецца найбольш цьвярозым выбарам. Але ці так гэта насамрэч?

Дзейсныя дэмакратыі зьяўляюцца, у доўгатэрміновай пэрспэктыве, як правіла больш стабільнымі, чым дыктатуры. Дыктатуры стабільныя толькі тады, калі яны вельмі рэпрэсіўныя або калі яны ў стане забясьпечыць дабрабыт для даволі шырокага пласту насельніцтва.

Але дыктатарская сыстэма нестабільная па вызначэньні, і менавіта таму яе трэба падтрымліваць сілай. Адзіным адказам дыктатуры на народную незадаволенасьць, сацыяльную напружанасьць або этнічны канфлікт зьяўляюцца рэпрэсіі. Нягнуткасьць гэткіх сыстэмаў кіраваньня не дазваляе ім улагоджваць канфлікты ўнутры грамадзтва, а гэта азначае, што хоць сацыяльныя або палітычныя канфлікты можна стрымліваць на працягу доўгага часу, гэтыя праблемы захоўваюць здольнасьць дэстабілізаваць усю дзяржаву ў доўгатэрміновай пэрспэктыве.

Пасьля таго, як наступае канец дыктатарскага рэжыму, як правіла пачынаецца хаос. Гэта, аднак, ня мае нічога агульнага з дэмакратыяй як такой, гэта проста канстатацыя факту. Стабільнасьць безумоўна лепшая, чым нестабільнасьць, але галоўнае пытаньне ў тым, як яе стварыць. Яна ня можа быць створаная бамбаваньнем і скіданьнем дыктатарскіх рэжымаў Захадам, як мы пераканаліся на падставе катастрафічных наступстваў ірацкай вайны 2003 году, якая была спробай навязаць дэмакратыю звонку. Нельга таксама, як паказала «арабская вясна», дамагчыся стабільнасьці шляхам падтрымкі дыктатарскіх рэжымаў. «Арабская вясна» таксама прадэманстравала, што рашэньні пра лёс краінаў прымаюцца не на Захадзе, але ўнутры саміх гэтых краінаў. У гэтай дыскусіі важна рабіць адрозьненьне паміж «зьменай рэжыму» знутры і звонку. Цяпер наогул не аспрэчваецца, што рашэньне Злучаных Штатаў скінуць Садама Хусэйна было памылкай. Але нельга гэтага параўноўваць з арабскімі паўстаньнямі, у якіх рэжымы былі дэстабілізаваныя знутры і зрынутыя іх уласнымі народамі.

Ісламісцкі тэрарызм, які стаў цяпер крыніцай сусьветных праблемаў, таксама ўзьнік з рэпрэсій з боку арабскіх дыктатураў, якія падтрымліваліся Захадам. Многія з тых, хто ўчыніў тэракты 11 верасьня, паходзілі з Савудаўскай Арабіі. Рэпрэсіі рэжыму Асада прывялі да ўзьнікненьня джыгадыстаў у пачатку 2000-х гадоў. Многія з ахвяраваньняў, якія дапамаглі джыгадысцкім баевікам у Сырыі збудаваць свае цяперашнія пазыцыі, паходзілі ад грамадзянаў такіх аўтарытарных дзяржаваў, як Савудаўская Арабія і Катар. І невыпадкова, што стваральнікам другога глябальнага крызісу зьяўляецца Расея — аўтарытарны рэжым, чые агрэсіўныя паводзіны ва ўкраінскім крызісе таксама зьвязаныя з тым, што ён менш стабільны ўнутры краіны, чым нам здаецца.

Калі пачалася вайна ў былой Югаславіі ў 1990-я гады, некаторыя адчулі настальгію па былым дыктатары Ціта, прыгадваючы, што яму ўсё ж удалося ўтрымаць цэласнасьць шматэтнічнай дзяржавы. Але яны ня мелі больш рацыі, чым тыя, хто цяпер кажа, што канфэсійныя канфлікты паміж шыітамі і сунітамі не існавалі пры Асадзе. Дыктатура можа, як падаецца, замарозіць гэткія канфлікты на многія дзесяцігодзьдзі, але яны ўсё роўна не перастаюць кіпець пад паверхняй. Што было ў Югаславіі калісьці, цяпер мае месца ў Сырыі — у хуткаварцы, якая страціла шчыльнасьць, пара вырываецца навонкі.

Чаму гэта нас вучыць? Перакананьне, што дыктатура спрыяе стабільнасьці — гэта казка; вынікам аўтарытарных сыстэм пасьля іх разбурэньня часта аказваецца хаос.

Прынамсі адна нацыя павінна ўсьведамляць сабе, што трэба час, каб стварыць дзейную дэмакратыю, і што гэта патрабуе доўгага працэсу навучаньня, пасьля якога нават людзі з гісторыяй аўтарытарызму могуць стварыць дэмакратычную стабільнасьць. Гэтая нацыя — немцы. Краіна, якая стварыла самую жудасную дыктатуру ў гісторыі, цяпер зьяўляецца узорнай дэмакратыяй. Цяжка знайсьці лепшае абвяржэньне тэорыі, што нібыта ёсьць культуры, якім дэмакратыя не пасуе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG