Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскія вайскоўцы «заблукалі» ў Сырыі


Ваеўнікі сырыйскіх антыўрадавых сіл знайшлі расейска-сырыйскі выведны цэнтар непадалёк ад Дамаску.

Ваеўнікі сырыйскіх антыўрадавых сіл паведамілі, што выявілі сумесны расейска-сырыйскі радыёлякацыйны выведны цэнтар на захопленай імі нядаўна стратэгічнай вышыні Таль аль-Хара непадалёк ад Дамаску. Яны апублікавалі відэа- і фотаздымкі, на якіх паказаныя дакумэнты і іншыя прадметы, якія сьведчаць аб працы расійскіх спэцыялістаў на тэрыторыі Сырыі.

Сярод прадметаў на апублікаваных ваеўнікамі фотаздымках — значкі і эмблемы выведкі Сырыі і частак адмысловага прызначэньня Галоўнага выведнага ўпраўленьня Генштабу ўзброеных сілаў Расеі, а таксама стэнд з дакумэнтамі аб сумеснай працы сырыйскіх і расійскіх спэцыялістаў, у прыватнасьці, пра візыты ў выведны цэнтар высокапастаўленых расейскіх вайскоўцаў. Сярод іх — дарадца Міністэрства абароны Расіі Кудзеліна Л. І. і нейкі начальнік Галоўнага ўпраўленьня Міжнароднага ваеннага супрацоўніцтва ўзброеных сілаў Расеі, чыё імя на фатаграфіі разабраць немагчыма.

Злучаныя Штаты пакуль не выступалі з афіцыйнымі камэнтарамі з нагоды матэрыялаў, апублікаваных ваеўнікамі, аднак онлайн-часопіс The Daily Beast прыводзіць словы сэнатара ад штату Арызона Джона Маккейна, які лічыць, што знойдзены выведны цэнтар зьяўляецца чарговым пацьвярджэньнем факту цеснага супрацоўніцтва паміж Масквой і Дамаскам:

«Калі рэчы, якія там былі выяўленыя, зьяўляюцца сапраўднымі — а ў мяне няма падстаў лічыць, што гэта не так — то гэта сьведчаньне значнай ўцягнутасьці Расеі ў канфлікт у Сырыі і каардынацыі дзеяньняў па зборы выведных дадзеных і перахопе інфармацыі», — сказаў сэнатар Маккейн.

Перахопам якой менавіта інфармацыі мог займацца гэты выведны цэнтар? На адной з апублікаваных ваяўнікамі фатаграфій паказаная карта рэгіёну з надпісам па-расейску: «Аб’екты і крыніцы паўночнай ваеннай акругі ўзброеных сіл Ізраілю».

Спэцыяліст па расейскіх узброеных сілах, супрацоўнік Амэрыканскай рады па вонкавай палітыцы Стывэн Бланк лічыць, што гаворка ідзе ня толькі пра збор дадзеных аб ізраільскай арміі і ўзброенай апазыцыі ўнутры Сырыі:

«Гэты цэнтар, мабыць, выкарыстоўваўся таксама для назіраньня за амэрыканскімі вайсковымі камунікацыямі на Блізкім Усходзе. Сэнс стварэньня такога цэнтра ў Сырыі заключаецца ў тым, каб паспрабаваць перахапіць як мага больш электроннай інфармацыі. Гэта быў сумесны сырыйска-расейскі праект, але, напэўна, можна меркаваць, што сырыйскі бок больш за ўсё цікавіла інфармацыя пра апазыцыю ўнутры краіны і пра Ізраіль, у той час як для Расеі найбольшую цікавасьць, мабыць, уяўляў перахоп інфармацыі аб дзеяньнях ЗША на Блізкім Усходзе, у прыватнасьці, у такіх краінах, як Турцыя, Ірак і Іярданія», — кажа амэрыканскі экспэрт Стывэн Бланк.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG