Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадпрымальнік судзіцца зь міліцэйскім начальнікам за паклёп


Мікола Чарнавус
Мікола Чарнавус

Суд гораду Баранавічы не знайшоў паклёпу ў словах намесьніка начальніка Баранавіцкага ГАУС Эдуарда Вільчкоўскага на адрас мясцовага лідэра прадпрымальніцкага руху Міколы Чарнавуса.

Спадар Чарнавус судзіўся зь міліцыянтам, бо Эдуард Вільчкоўскі ў пярэчаньнях у абласным судзе пісаў, што прадпрымальнік сымуляваў хваробу пасьля затрыманьня за мітынг.

«Ён напісаў у Берасьцейскі абласны суд, што я сымуляваў хваробу. Мне гэта не спадабалася, таму што хваробу я не сымуляваў, мяне хуткая забрала з аддзелу ўнутраных спраў, і факт гэты пацьверджаны хуткай дапамогай. Я падаў у суд, таму што нязгодны, і каб ён адказаў за свае словы», — распавядае Мікола Чарнавус.

Судзьдзя Вольга Апановіч адмовіла ў задавальненьні пазову прадпрымальніка да міліцыянта.

«Падтрымалі Вільчкоўскага, таму што Берасьцейскі абласны суд ня браў пад увагу маю хваробу, калі разглядаў справу аб акцыі. І ўсё, яны спасылаюцца на Берасьцейскі абласны суд», — дадае прадпрымальнік.

Мікола Чарнавус прасіў Баранавіцкі суд, каб той абавязаў міліцэйскага начальніка публічна выбачыцца і сплаціць дзяржпошліну за суд. У выніку выбачэньняў прадпрымальнік не дачакаўся, дый за суд плаціць мусіў сам.

Мікола Чарнавус зьбіраецца абскардзіць рашэньне Баранавіцкага суду ў Берасьцейскім абласным судзе.

У канцы ліпеня Баранавіцкі суд аштрафаваў Міколу Чарнавуса за арганізацыю мітынгу прадпрымальнікаў на 4,5 мільёна рублёў.

1 ліпеня каля 300 індывідуальных прадпрымальнікаў прыпынілі працу на знак пратэсту супраць уступленьня ў сілу ўказу прэзыдэнта № 222, які істотна ўскладняе іхную працу. Людзі сабраліся на цэнтральным каапэратыўным рынку Баранавічаў, а затым скіраваліся ў гарвыканкам, каб абмеркаваць з чыноўнікамі праблемы, зьвязаныя з увядзеньнем указу. У гарвыканкаме ім заявілі, што нікога з кіраўніцтва няма на месцы, аднак прадпрымальнікам удалося трапіць у актавую залю. Там яны зладзілі сход, па выніках якога прынялі рэзалюцыю на імя кіраўніка дзяржавы.

Чарнавуса затрымалі 2 ліпеня. У міліцыі прадпрымальніку, інваліду II групы, стала блага. Ён ня раз прасіў мэдычнай дапамогі, але ягоныя просьбы ігнараваліся.

Пасьля складаньня пратаколу прадпрымальніка адправілі ў ізалятар часовага ўтрыманьня, дзе ў яго рэзка падняўся ціск. Машына хуткай дапамогі адвезла Чарнавуса з пастарунку ў шпіталь.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG