Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Чэхіі прыклад Femen перанялі мужчыны, назваўшыся oMEN

абноўлена

Кадр зь відэа

На прэсавай канфэрэнцыі чэскага прэм’ера і міністраў ураду ў Празе 8 кастрычніка два ўдзельнікі разьдзеліся да пояса і дэманстравалі ў падтрымку Ўкраіны.

Як высьветлілася, абодва мужчыны прыйшлі па журналісцкіх пасьведчаньнях (выдадзеных студэнцкім часопісам Babylon). Абодва пад адзеньнем мелі намаляваныя ўкраінскія сьцяжкі, а таксама лёзунгі «Ня будзьце з Пуціным» і «Прэм’ер, адвагу!»

Сучаснае чэскае кіраўніцтва, у тым ліку прэм’ер Багуслаў Собатка, даволі стрымана ўспрынялі санкцыі Захаду супраць Расеі. У прыватнасьці, эканаміст паводле адукацыі Собатка ня раз у сваіх выказваньнях даваў зразумець, што санкцыі супраць Расеі нявыгадныя для чэскай прамысловасьці і экспарту.

«Спадар Собатка, вы — прэм’ер Чэскай рэспублікі. Ня будзьце прыхільнікам інтарэсаў фірмаў, якія гандлююць з пуцінскай Расеяй, — напісалі мужчыны ва ўлётцы, якую пасьпелі перадаць іншым журналістам. — Украіна патрабуе дапамогі. Вы яе сваімі выказваньнямі кідаеце за борт, падобна як гэта рабілі заходнія палітыкі, якія здрадзілі нашай краіне у Мюнхене у 1938-м годзе».

Дэманстранты спакойна ўспрынялі выдаленьне з залі, якое было карэктным. Міністар абароны Марцін Страпніцкі, які прысутнічаў на прэс-канфэрэнцыі, адзначыў, што самым важным для яго было тое, што нечаканых дэманстрантаў ніхто не пасылаў у накаўт і не надзяваў ім наручнікі.

Як удакладняюць чэскія мэдыі, сталі вядомыя імёны затрыманых. Гэта галяндзец Атакар ван Гемунд, які жыве ў Чэхіі 25 гадоў, і чэх Марэк Гілшэр, навуковы супрацоўнік. Пасьля высьвятленьня асоб яны былі адпушчаныя паліцыяй. Выпадак будзе разглядацца як адміністрацыйнае правапарушэньне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG