Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У грамадзтве назіраецца выразны трэнд на незалежнасьць Беларусі,— Мельянцоў


Калі б Расея збройным шляхам паспрабавала далучыць да сябе ўсю тэрыторыю Беларусі або яе частку, то амаль 26 працэнтаў беларусаў супраціўляліся б са зброяй у руках.

Пра гэта сьведчаць вынікі сацыялягічнага дасьледаваньня грамадзкай думкі, праведзенага ў верасьні 2014 году незалежнымі сацыёлягамі з НІСЭПД.

Адказваючы на аналягічнае пытаньне ў чэрвені, толькі 14 працэнтаў беларусаў адказалі, што супраціўляліся б са зброяй у руках, у той час як палова імкнулася б прыстасавацца да новай сытуацыі, а 16 працэнтаў віталі б падобныя зьмены.

Палітоляг Дзяніс Мельянцоў сьцьвярджае, што такія вынікі апытаньня не абавязкова паказваюць рэальную гатоўнасьць беларусаў змагацца са зброяй у руках — хутчэй гэта сьведчаньне надзвычайнай палітызаванасьці сытуацыі ў сувязі з украінскім канфліктам, які вымушае кожнага вызначыцца з пазыцыяй, абіраючы як мага больш радыкальныя фармулёўкі:

Дзяніс Мельянцоў
Дзяніс Мельянцоў

«Украінскі крызіс стварыў фон, на якім людзі моцна палітызаваліся і паўсталі перад выбарам. І калі б раней яны сказалі, што яны ня будуць удзельнічаць ні ў якіх войнах, то на тле гучнага канфлікту вымушаныя неяк сябе пазыцыянаваць. З улікам таго, што палітызаванасьць гэтага канфлікту выклікае рознагалосьсі нават у межах сем’яў, калі гутарка заходзіць пра сэпаратыстаў ці кіеўскае кіраўніцтва, то людзі проста схільныя выбіраць самы радыкальны з усіх магчымых варыянтаў адказу на пытаньне».

Таксама палітоляг нагадвае, што ва Ўкраіне суадносіны тых, хто дэкляраваў гатоўнасьць ваяваць супраць Расеі, і тых, хто сапраўды запісаўся ў добраахвотніцкія аддзелы, склалі 10 да 1.

На думку вайсковага экспэрта Аляксандра Алесіна, выказваючы гатоўнасьць ваяваць супраць Расеі, беларусы прадэманстравалі ня столькі рэальную ахвоту браць зброю ў рукі, колькі эмацыйнае стаўленьне да падзеяў, якія адбываюцца ў рэгіёне:

Аляксандар Алесін
Аляксандар Алесін

«Для незалежнай краіны гэта нармальная зьява, калі людзі выказваюць гатоўнасьць змагацца са зброяй у руках у выпадку агрэсіі. Да таго ж, дзякуючы сытуацыі ва Ўкраіне, людзі сталі разумець, да чаго агрэсія з боку Расеі можа прывесьці. Калі на самой справе адбудзецца такі канфлікт, то найперш будуць задзейнічаныя сілавыя ведамствы — армія, МУС, КДБ, а таксама войскі пастаяннай гатоўнасьці. І ўжо толькі пасьля гэтага можа адбывацца прызыў людзей, для якіх „узяць зброю ў рукі“ можа быць зьвязана з пэўным маральным выбарам».

У межах дасьледаваньня, вынікі якога апублікавала НІСЭПД, рэспандэнты адказвалі яшчэ на адно пытаньне — «Калі б краіны НАТО паспрабавалі збройным шляхам зьмяніць палітыку Беларусі, як бы вы дзейнічалі?». Як і ў выпадку з пытаньнем пра агрэсію з боку Расеі, чвэрць апытаных таксама сказала, што змагаліся б са зброяй у руках.

Дзяніс Мельянцоў лічыць такія вынікі заканамернымі — цягам апошніх пяці гадоў стаўленьне беларусаў як да саюзу з Расеяй, так і да эўраінтэграцыі аднолькава адмоўнае.

«Апошнія гадоў пяць праэўрапейскія і прарасейскія інтэнцыі насельніцтва былі прыкладна роўныя, што зьвязана з расчараваньнем у Эўразьвязе, а таксама з пастаяннымі газа-нафтавымі канфліктамі з Расеяй.

Таксама трэба разумець, што людзі ня пойдуць ваяваць у той колькасьці, якая вынікае з апытаньня, — гэта проста выказваецца інтэнцыя. Такая вялікая колькасьць людзей выказвае інтэнцыю ваяваць са зброяй у руках, бо сытуацыя цяпер вельмі палітызаваная з-за падзеяў ва Ўкраіне. Ёсьць вельмі радыкальная вэрсія пра тое, што Расея нападзе на Беларусь, і ёсьць вэрсія пра тое, што НАТО ўварвецца ў Беларусь. Праз тое, што СМІ нагнятаюць сытуацыю вакол украінскага крызісу, людзі вымушаныя выразна пазыцыянавацца што да канфлікту».

Дзяніс Мельянцоў таксама адзначыў, што цяпер назіраецца вельмі выразны трэнд на незалежнасьць Беларусі. Паводле экспэрта, народ не падтрымлівае ні расейскую інтэграцыю, ні эўрапейскую інтэграцыю, але бачыць Беларусь па-за любымі саюзамі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG