Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускім баевіком, які ваюе на Данбасе, цікавяцца праваахоўнікі


Ігар Шчука
Ігар Шчука

Паводле прэсавай службы незарэгістраванай партыі «Другая Россия», нацбола зь Беларусі Ігара Шчуку шукаюць беларускія праваахоўныя органы.

У паведамленьні гаворыцца, што супраць 27-гадовага ўраджэнца Салігорску распачалі крымінальную справу за ягоную паездку ва Ўсходнюю Ўкраіну. З паведамленьня вынікае, што беларуская пракуратура лічыць ягоную дзейнасьць злачынствам супраць міру і чалавечнасьці, у выніку чаго яму можа пагражаць нават вышэйшая мера пакараньня — расстрэл.

У пракуратуры Салігорскага раёну пацьвердзіць ці абвергнуць гэтыя зьвесткі адмовіліся. З самім Ігарам Шчукам зьвязацца таксама пакуль не ўдалося.

Радыё Свабода паразмаўляла з маці Ігара. Жана Міхайлаўна пацьвердзіла, што ейным сынам зноў зацікавіліся праваахоўныя органы, а яе саму прасілі «расьпісацца ў паперах», аднак у якіх дакладна, жанчына не змагла адказаць.

Жана Міхайлаўна распавяла:

«Яны тэлефанавалі, можа, з тыдзень таму, але не прадставіліся. Я ня ведаю ні пасады, нічога. Можа, гэта былі міліцыянты. Сказалі, што могуць прыехаць да мяне на працу. Але я ня ведаю, ні што гэта за паперы, ні зь якой нагоды яны зноў цікавяцца маім сынам. Я ім адказала, што нічога падпісваць ня буду. Сказалі, што ператэлефануюць. Пакуль не званілі. Можа, адчэпяцца».

Пра тое, што на Ігара маглі завесьці крымінальную справу, маці даведалася ад журналістаў. Са словаў жанчыны, са сваім сынам яна кантактуе рэдка. У Беларусь жа Ігар прыяжджаў апошні раз на Новы год. Ці знаходзіцца цяпер Ігар ва Ўкраіне, Жана Міхайлаўна ня ведае.

«Апошні раз мы перапісваліся каля 2 месяцаў таму. Я нават ня ведаю, дзе ён цяпер. Можа, ва Ўкраіне, можа, у Маскве. Яны (Ігар і ягоная жонка. — РС) казалі, што езьдзілі дадому. У Маскву, ці што. Пасьля зноў ва Ўкраіну. Я нічога ня ведаю пра яго».

У размове з Радыё Свабода ў траўні нацбол з Салігорску распавёў, што ваюе на баку сэпаратыстаў ва Ўсходняй Украіне. Пасьля гэтае размовы міліцыянты таксама выклікалі на допыт ягоную маці.

Раней Ігара Шчуку спрабавалі прымусова забраць у беларускае войска, але ўрэшце адпусьцілі па стане здароўя. Гэткую зацікаўленасьць з боку ваенкамату ён палічыў помстай за палітычную актыўнасьць. У Расеі Шчуку ня раз затрымлівалі за ўдзел у акцыях нацболаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG