На выбарах у парлямэнт Латвіі найбольш галасоў атрымала сацыял-дэмакратычная партыя «Згода», якая прадстаўляе інтарэсы рускамоўнага насельніцтва. Яе ўзначальвае першы рускі мэр Рыгі Ніл Ушакоў.
Як паведаміў у нядзелю кіраўнік цэнтральнай выбарчай камісіі Латвіі Арніс Цымдарс, за «Згоду» прагаласавалі 23,13 працэнтаў выбарнікаў. На другім месцы — аб’яднаньне «Адзінства», сябрам якога зьяўляецца цяперашні прэм’ер-міністар Латвіі Лаймдота Страўюма. Яно атрымала 21,76 адсоткаў галасоў. На трэцім месцы — аб’яднаньне Саюз «зялёных» і сялян, у якога 19,62 адсоткаў.
У сэйм таксама праходзяць нацыяналістычнае аб’яднаньне «Усё для Латвіі»! — Айчыне і свабодзе», «Аб’яднаньне рэгіёнаў Латвіі» і партыя «Латвіі — ад душы».
Выбары ў сэйм Латвіі адбыліся 4 кастрычніка. Яўка на выбарах склала каля 59 працэнтаў ад амаль паўтара мільёна выбаршнікаў.
Як адзначае ІТАР-ТАСС, у выбарах чарговы раз не змаглі прыняць удзел каля 320 тысяч чалавек. Гэта рускамоўныя «неграмадзяне», якія пасьля аддзяленьня Латвіі ад СССР былі пазбаўленыя грамадзянства краіны і ня маюць права голасу.