Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Народны кантроль» будзе змагацца з карупцыяй. Ужо сабрана 40 тысяч подпісаў


Галоўная мэта кампаніі — барацьба з карупцыяй і абарона правоў і інтарэсаў беларусаў. Як сьцьвярджаюць арганізатары кампаніі, ужо ёсьць вынікі.

У межах кампаніі «Народны кантроль», якую разгарнуў аргкамітэт па стварэньні Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі, сабрана больш за 40 тысяч подпісаў грамадзянаў за вырашэньне рэспубліканскіх і рэгіянальных праблемаў. Галоўная мэта кампаніі — барацьба з карупцыяй і абарона правоў і інтарэсаў беларусаў. Як сьцьвярджаюць арганізатары кампаніі, ужо ёсьць вынікі.

Беларуская хрысьціянская дэмакратыя вызначыла сваім прыярытэтам на 2014 год кампанію «Народны кантроль». Гэта сэрыя агульнагарадзкіх акцыяў, аснова якіх — збор подпісаў за вырашэньне канкрэтных праблемаў гораду, кажа сустаршыня БХД Павал Севярынец:

«Праблема ў Віцебску — гэта новая паліклініка для мікрараёна. У Гомелі — ачыстка вадаёма, у самым цэнтры гораду зялёная зона забруджаная, экалёгія. У Магілёве — таксама праблемы экалёгіі, праблемы „Хімвалакна“, чысьціні паветра. Да таго ж у Магілёве зьбіраюцца будаваць яшчэ адзін хімічны камбінат з кітайскім капіталам. У Горадні — мэдыцына, супраціў алькагалізму — нацыянальнай праблеме нумар адзін. Сабрана вялікая колькасьць подпісаў, ёсьць канкрэтныя прапановы да гарвыканкаму».

Віталь Рымашэўскі, Вольга Кавалькова і Павал Севярынец падачас прэсавай канфэрэнцыі
Віталь Рымашэўскі, Вольга Кавалькова і Павал Севярынец падачас прэсавай канфэрэнцыі

Падчас гэтай працы актывісты ходзяць ад дзьвярэй да дзьвярэй — гэта асноўны спосаб зьбіраць подпісы. І, акрамя канкрэтных праблемаў рэгіёну, закранаюць і пытаньні пераменаў у краіне, пытаньні незалежнасьці Беларусі. Ужо працуе сайт Narod.by. І кожны можа далучыцца да ўдзелу ў кампаніі. Распавядае кіраўніца кампаніі Вольга Кавалькова:

«Цяпер у гэтай кампаніі задзейнічана 50 гарадоў краіны. Гэта ўсе абласныя цэнтры, шмат раённых. У кожным горадзе гэта або агульнарэспубліканская праблема (да прыкладу, алькагалізацыі), ці свая, рэгіянальная: экалёгія, мэдыцына. Удзельнічалі нашы актывісты. І мэтай было прыцягненьне новых людзей, актывізацыя працы мясцовых грамадзкіх актывістаў у гарадах і ўзмацненьне рэгіянальных структур партыі. На сёньняшні дзень сабрана больш за 40 тысяч подпісаў».

Пэўныя вынікі ўжо ёсьць: распрацаваны праект закону аб рэкляме, дзе ўтрымліваецца забарона брэндаў-парасонаў (якія рэклямуюць пітную ваду і гарэлку пад той жа назвай). У некаторых рэгіёнах скарочаны час продажу алькаголю.

І хоць подпісы зьбіраюць за вырашэньне самых розных праблемаў, асноўная мэта кампаніі — барацьба з карупцыяй і абарона законных правоў і інтарэсаў беларусаў, падкрэсьлівае сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі:

У Беларусі людзі пазбаўленыя мэханізму, каб кантраляваць уладу праз дэмакратычныя выбары. Таму БХД прапануе кампэнсаторны такі мэханізм

«Усім зразумела, што адзіны дзейсны мэтад барацьбы з карупцыяй — гэта кантроль людзей за ўладай. У Беларусі людзі пазбаўленыя мэханізму, каб кантраляваць уладу праз дэмакратычныя выбары. Выбараў у Беларусі няма. БХД таму прапануе кампэнсаторны такі мэханізм: кампанія „Народны кантроль“ закліканая дапамагчы людзям змагацца з карупцыяй, дабівацца вырашэньня тых праблемаў, якія іх турбуюць. Праз кампанію „Народны кантроль“ мы гэта людзям прапануем. У нас зьявілася новая функцыя: працуе „гарачая лінія“, кожны можа дазваніцца, і будзе аказаная дапамога любому чалавеку ў яго бядзе».

З аднаго боку, у кампаніі ёсьць юрыдычна граматныя, распрацаваныя экспэртамі прапановы. А зь іншага боку, яны публічныя, за імі стаяць подпісы грамадзян, за імі стаяць галасы людзей, якія ведаюць, хто вінаваты і што трэба зрабіць, каб сытуацыю зьмяніць. Але чыноўнікаў пераканаць часьцяком няпроста, кажа Павал Севярынец:

«Канечне, даводзіцца мець справу зь нежаданьнем мясцовай улады штосьці мяняць. Нягледзячы на тое, што тысячы людзей падпісваюцца за тыя ці іншыя праблемы, улада (таму што яна не дэмакратычная, ня выбарная) рэагуе вельмі кепска. Даводзіцца прыкладаць тытанічныя намаганьні, для таго каб дасягнуць хоць нейкага, хоць мізэрнага выніку».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG