Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апытаньне ў Магілёве: «Калі беларуская мова зьнікне — беларуская дзяржава застанецца толькі на паперы»


Апытаньне «Свабоды»: «Ці захаваецца Беларусь як незалежная дзяржава, калі ня будзе беларускай мовы?» Адказвалі жыхары Магілёва.


Юнак па-расейску: «Усё роўна будзе. Нават ва ўнівэрсытэце беларускую мову выкладаюць у прыярытэце. У мяне, напрыклад, расейскай мовы наагул няма. Не прападзе яна. Калі толькі Беларусь ня ўключаць у склад Расеі. Каб толькі не было як раней — русыфікацыі».

Спадар па-расейску з ужываньнем беларускіх слоў: «Бяз мовы ня будзе народу. Наша мова будзе разьвівацца пры любых абставінах незалежна ад нас — ці будзем мы жывыя, ці не. Дзяржава і мова — гэта дзьве розныя рэчы».

Маладая спадарыня па-расейску з ужываньнем беларускіх слоў: «Дзяржава будзе, але ўжо ня тая. Беларуская мова — гэта частка беларускай нацыі, таму лепей, каб яна не зьнікала».

Спадар па-беларуску: «Беларусь знаходзіцца ў страшэннай залежнасьці ад свайго, гэтак мовіць, усходняга партнэра, а насельніцтва, на жаль, не зацікаўлена ў захаваньні культуры, павагі да гісторыі, у тым ліку і мовы. Я гляджу пэсымістычна на існаваньне Беларусі».

Юнак па-расейску: «Адметнай рысай беларусаў ёсьць беларуская мова. Калі беларуская мова зьнікне, то будзе Расея, але ў беларускім стылі. Дзяржава застанецца, але толькі на паперы».

Малады спадар па-расейску: «Ад гэтага нічога ня зьменіцца. Бальшыня ж нашых людзей і цяпер гавораць па-расейску. Статыстыка гэта пацьвярджае».

Маладая спадарыня па-беларуску: «Не захаваецца. Дзяржаўная мова павінна быць дзяржаўнай мовай, і мы павінны ўмець на ёй гаварыць. Мо трэба іншую палітыку праводзіць той жа дзяржаве, бо ўсюды родная мова ёсьць, і ў маленькіх краінах, і ў вялікіх, і на ёй гавораць».

Спадар сталага веку па-расейску: «Захаваецца — якая розьніца, на якой мове будуць гаварыць. У нас жа ўсё роўна гавораць па-расейску амаль усе, і дзяржава ёсьць. Кепска ўводзяць у масы беларускую мову. Калі б людзі самі хацелі яе вучыць і гаварыць — але ж, як вы бачыце, яны ня маюць вялікага жаданьня гаварыць па-беларуску».

Спадарыня па-расейску: «Чалавек, які ня мае сваёй ідэнтычнасьці, — чалавек бяз будучыні. І грамадзтва таксама. Беларусь паглынуць расейцы, кітайцы, і ад яе нічога не застанецца. Беларусь — дзяржава, якая памірае».

Спадарыня па-расейску: «Ня зьнікне, паколькі мова павінна беларуская быць. Гэта наша родная. Безь яе мы ніяк. Паколькі ў школах усё па-расейску, як дзеці будуць гаварыць па-беларуску? Гэта хіба нашай адукацыі».

Спадарыня сталага веку па-беларуску: «Я згодная: беларуская мова павінна захавацца. А Беларусь — хацелася б, каб была незалежнай».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG