Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гомельшчына: вынішчым дзікоў — захаваем сьвінакомплексы


На Гомельшчыне з ініцыятывы мясцовых уладаў вядзецца татальнае зьнішчэньне дзікоў. Забіта ўжо каля 3 тысяч гэтых лясных жывёлін. Яны ня толькі дратуюць пасевы сельгаскультур, але і пераносяць небясьпечны вірус афрыканскай чумы сьвіней.

На адной з апошніх нарадаў старшыня Гомельскага аблвыканкаму Ўладзімер Дворнік скрытыкаваў падначаленых за слабую барацьбу зь дзікамі. «Забіта амаль у два разы больш за афіцыйную колькасьць папуляцыі, але задача ня вырашана», — канстатаваў абласны начальнік. І параіў аб’яднаць намаганьні ў праблемных раёнах, каб закрыць гэтую «дзікую» тэму.

Кіраўнік рэгіянальнай арганізацыйнай структуры Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў Сяргей Марчанка тлумачыць, што, паводле іхніх падлікаў, у рэгіёне налічвалася каля 700 дзікоў. Але лічба няпэўная, бо назіраецца вялікая міграцыя гэтых жывёлін. Дый улік мінулай зімой вёўся толькі па сьцежках. Адсюль і лічбы, якія не стасуюцца паміж сабою:

«На сёньня мы застрэлілі каля трох тысяч дзікоў. Пастаўлена задача максымальна іх адстраляць, чым цяпер мы й займаемся. Трымаем гэтае пытаньне на асаблівым кантролі. Гэтым займаюцца нашы паляўнічыя, у тым ліку й я як старшыня. Учора мы выяжджалі ў раён Хойнікаў — спэцыяльная брыгада. Мы выехалі туды, там ёсьць спэцыяльныя вышкі. На вышках адседзелі. Ні многа ні мала, але забілі трох дзікоў. Апроч нас, у раёне Хойнікаў іншыя забілі за ноч чатырох дзікоў. Усяго сем дзікоў. У сярэднім мы страляем ад 180 да 250 асобін за тыдзень».

Бывалыя паляўнічыя і гаспадарнікі даўно прапаноўвалі зрабіць паляваньне на дзікоў бясплатным. Але дзяржава хацела сама зарабіць на дзіках, таму й бралі паляўнічыя таварыствы грошы за дазвол на адстрэл. Цяпер — наадварот. Дзяржава сама плаціць зь бюджэту паляўнічаму 300 тысяч рублёў і за забітага секача, і за парасятка.

Мяса дзікоў аніяк не выкарыстоўваецца — яно альбо моцна заражана радыяцыяй, альбо з падазрэньнем на афрыканскую чуму. Забітых дзікоў проста закопваюць у зямлю, асьцерагаючыся, што яны прыйшлі з сумежнай Расеі, дзе зарэгістраваныя выпадкі афрыканскай чумы ў дзікоў:

З цэнтральнай часткі Расейскай Фэдэрацыі дзік можа прыйсьці да нас за тыдзень. Інфармацыя ж нейкім чынам паміж імі перадаецца: там сытней і смачней — пайшлі туды

«Мы застрэлілі і разам з вэтэрынарнай службай іх хаваем, каб мы ня сталі ініцыятарамі разносу афрыканскай чумы сьвіней з тэрыторыі Расейскай Фэдэрацыі ці адкуль яшчэ. У нас ёсьць вялікія сьвінакомплексы, і мы павінны іх аберагчы ў першую чаргу, каб забясьпечыць харчовую бясьпеку краіны. Гэтыя дзьве тысячы галоў дзікоў, якія яшчэ засталіся на тэрыторыі вобласьці, яны несувымерныя з той колькасьцю пагалоўя, якая ўтрымліваецца на некаторых сьвінакомплексах. Дзік за суткі можа прайсьці да 200 кілямэтраў. У нас да мяжы з Расеяй колькі кілямэтраў? Мізэр! Таму з цэнтральнай часткі Расейскай Фэдэрацыі дзік можа прыйсьці да нас за тыдзень. Інфармацыя ж нейкім чынам паміж імі перадаецца: там сытней і смачней — пайшлі туды».

У Брагінскім раёне, і асабліва на кукурузных палетках сельгаспрадпрыемства «Камарынскі», дзікам надзіва сытна й смачна, ды так, што ратунку няма. Мясцовы кіраўнік Рыгор Анупрыенка кажа, што дзікі сёлета зьнішчылі ці папсавалі каля 400 гектараў кукурузы ды іншых пасеваў. Гаспадарка — побач з Палескім радыяцыйна-экалягічным запаведнікам, дзе плодзяцца дзікі асабліва інтэнсіўна:

«Спасу няма. Кукурузу злажылі „пад нуль“. Статкі ходзяць па сорак-пяцьдзясят галоў — і лупяць усё запар, як дурныя. (І далей іранічна:) Можа, яны канец сьвету адчуваюць?»

У паляўнічых патронаў не хапае іх страляць. Яны ўжо іх адно што ня шылам колюць проста ў сэрца

Анупрыенка яшчэ гадоў пяць таму прапаноўваў адмяніць ліцэнзаваны адстрэл дзікоў, але да ягонай парады ніхто не прыслухаўся. Цяпер уладам нічога не застаецца, як траціць на змаганьне зь дзікамі бюджэтныя грошы — каля мільёна рублёў на адну асобіну:

«Вельмі шмат дабываюць паляўнічыя, але дзікоў усё яшчэ больш, чым забітых. У паляўнічых патронаў не хапае іх страляць. Яны ўжо іх адно што ня шылам колюць проста ў сэрца. Тут, у Камарыне, дзьве брыгады працуюць, але ў іх толькі па дзьве рукі, а трэба, каб было па чатыры. І то з усімі наўрад ці дадуць рады».

Да эпапэі зь дзікамі ў рэгіёне змагаліся з пагалоўем сьвіней у прыватных гаспадарках, прымушаючы вяскоўцаў забіваць хатніх парсюкоў вакол буйных калгасных сьвінагадоўчых комплексаў. А тым часам дзікі гулялі сабе, дзе толькі хацелі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG