Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Анатоль Міхайлаў пра сваю адстаўку: Я досыць даўно марыў пра гэта


Анатоль Міхайлаў
Анатоль Міхайлаў

Адстаўка аднаго з заснавальнікаў ЭГУ Анатоля Міхайлава з пасады рэктара павінна паспрыяць больш прафэсійнаму мэнэджмэнту ўнівэрсытэту і ніяк не зьвязаная з апошнімі скандаламі ў ЭГУ. Пра гэта ў інтэрвію Радыё Свабода заявіў сам Анатоль Міхайлаў.

«Я досыць даўно марыў пра гэта. Сытуацыя была фарсіраваная тымі падзеямі, якія адбыліся: да нас прыехаў прафэсар Дэвід Полік — высокі прафэсіянал у сфэры кіраваньня такімі ўстановамі, як невялікі ўнівэрсытэт гуманітарнага профілю. Мой тэрмін знаходжаньня на гэтай пасадзе сканчаўся ў 2016 годзе, але калі ёсьць магчымасьць хоць у нейкай ступені паспрыяць больш прафэсійнаму мэнэджмэнту ўнівэрсытэту, то я вырашыў яе скарыстаць. Да таго ж гэтае рашэньне прымалася нашым вышэйшым органам — Кіраўнічай радай», — кажа Міхайлаў.

Пасада прэзыдэнта ЭГУ, якую цяпер будзе займаць Міхайлаў, амаль ніякіх кіраўнічых функцый не прадугледжвае. Але пры гэтым за Міхайлавым захоўваецца месца ў Кіраўнічай радзе ЭГУ.

«Пасада прэзыдэнта ўводзіцца для таго, каб паспрабаваць захаваць тую пераемнасьць, якая была на працягу многіх гадоў створана ў рамках тых кантактаў, якія мае наш унівэрсытэт у Эўропе і Амэрыцы, дзеля таго, каб перадаваць гэтыя кантакты ўжо будучаму магчымаму рэктару. Гэтыя кантакты нельга абарваць, яны важныя для ўнівэрсытэту. І таму гэтая пасада ўведзена часова, яна не назаўсёды, для таго каб быў момант пераходнага пэрыяду», — тлумачыць ён.

Міхайлаў падкрэсьлівае, што канфлікт часткі выкладчыкаў ЭГУ з унівэрсытэцкім кіраўніцтвам, які працягваўся амаль увесь 2014 год, ніяк не паўплываў на яго адстаўку з пасады рэктара.

Я ўжо немалады і не гатовы класьціся касьцьмі да апошняга моманту

«Я думаю, што ў нейкі момант любая структура павінна пераходзіць у іншую фазу свайго разьвіцьця, у іншы рэжым. Я паўтараю: я мог заставацца да 2016 году. Ніхто мяне да гэтага не прымушаў. Але Кіраўнічая рада даўно і добра ведае, што вытрымліваць такі рытм жыцьця — гэта каштуе вялікіх намаганьняў. Я ўжо немалады і не гатовы класьціся касьцьмі да апошняга моманту. У любым выпадку я лічу, што рашэньні, якія былі прынятыя Кіраўнічай радай, — гэта былі вельмі патрэбныя і карысныя рашэньні ў патрэбны момант. Яны прасілі мяне застацца і ў Кіраўнічай радзе (гэта таксама вельмі важна), і на пасадзе прэзыдэнта — а гэта не дэкаратыўная пасада», — падкрэсьліў Міхайлаў.

Учора было абвешчана, што Міхайлаў пакідае пасаду рэктара і цяпер будзе займаць новаствораную пасаду прэзыдэнта Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту. Паведамляецца, што хутка будзе абвешчаны конкурс на займаньне пасады рэктара. Да моманту, пакуль пераемнік Міхайлава ня зойме пасаду, часова выконваць абавязкі рэктара будзе Дэвід Полік.

Поўнае інтэрвію з Анатолем Міхайлавым можна будзе прачытаць на сайце Радыё Свабода заўтра. Міхайлаў раскажа пра сваё стаўленьне да канфлікту кіраўніцтва ўнівэрсытэту з выкладчыкамі, пра асаблівасьці новага Статуту і далейшага курсу ЭГУ, а таксама пра галоўныя вынікі сваёй 22-гадовай працы на пасадзе рэктара.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG