Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каталёнія: змаганьне вакол рэфэрэндуму аб незалежнасьці


Праз два тыдні пасьля рэфэрэндуму аб незалежнасьці Шатляндыі, на якім большасьць вырашыла застацца ў складзе Вялікабрытаніі, у іншым куце Эўропы — Каталёніі — насьпявае канфлікт вакол пытаньня аддзяленьня.

У адказ на падпісаны ў суботу дэкрэт лідэра Каталёніі Артура Маса аб правядзеньні 9 лістапада рэфэрэндуму аб незалежнасьці, прэм’ер-міністар Гішпаніі Марыяна Рахой заявіў у панядзелак, што галасаваньня не адбудзецца, бо рэфэрэндум парушае гішпанскую канстытуцыю.

Як адзначае амэрыканскі штодзёньнік The New York Times, існуе імавернасьць, што Каталёнія правядзе рэфэрэндум насуперак рашэньням цэнтральнага ўраду, і гэта расколе гішпанскае грамадзтва і заахвоціць сэпаратыстаў у іншых рэгіёнах Эўропы.

Пазьней у панядзелак Канстытуцыйны суд Гішпаніі прагаласаваў за тое, каб прыпыніць каталёнскі дэкрэт да вынясеньня рашэньня аб яго законнасьці.

Паводле The New York Times, апытаньні грамадзкай думкі паказваюць, што каталёнцы падзеленыя ў пытаньні аб незалежнасьці, але пры гэтым большасьць падтрымлівае тое, каб гэтае пытаньне было вынесенае на рэфэрэндум.

Прэм’ер-міністар Гішпаніі Марыяна Рахой абвінаваціў каталёнскага лідэра Артура Маса у авантурызьме. Магчымы рэфэрэндум «пярэчыць закону, выходзіць па-за межы дэмакратыі, падзяляе каталёнцаў, аддаляе іх ад Эўропы і шкодзіць іх дабрабыту», — цытуе The New York Times гішпанскага прэм’ера.

У сваю чаргу Артура Мас заявіў, што менавіта гішпанскае кіраўніцтва вінаватае ў цяперашняй сытуацыі, бо адмовілася ад фінансавых ды іншых саступак Каталёніі.

У Каталёніі жыве 7,5 мільёнаў чалавек, што складае прыкладна 16 працэнтаў насельніцтва Гішпаніі. Пры гэтым доля Каталёніі ў гішпанскай эканоміцы вышэйшая — 19 працэнтаў. Гэта выклікае незадаволенасьць сярод каталёнцаў гішпанскай фінансавай сыстэмай, якая пераразьмяркоўвае падаткі на бяднейшыя рэгіёны Гішпаніі.

Прэм’ер-міністар Рахой заявіў у панядзелак, што гатовы аднавіць з кіраўніцтвам Каталёніі дыялёг аб эканамічных саступках, але «ў межах вяртаньня да законнасьці». Ён адмовіўся адказваць на пытаньне, як ягоны ўрад адрэагуе, калі Каталёнія ўсё ж будзе праводзіць рэфэрэндум 9 лістапада.

У каталёнцаў існуе вельмі моцная культурная тоеснасьці і доўгая гісторыя канфліктаў з цэнтральнай уладай Гішпаніі, адзначае The New York Times. За няўдалым абвяшчэньнем незалежнасьці Каталёніі ў 1930-я гады сьледавала грамадзянская вайна ў Гішпаніі і доўгая дыктатура генэрала Франсыска Франка.

Вяртаньне да дэмакратыі ў 1970-я дазволіла гішпанскім рэгіёнам, у тым ліку Каталёніі, вярнуць сабе некаторую аўтаномію — асабліва ў адукацыйнай сыстэме, дзе каталёнская стала асноўнай мовай — у абмен на шырокае супрацоўніцтва з цэнтральным урадам у Мадрыдзе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG