Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расіянін ва Ўкраіне: Людзі тут падзяляюцца на «нашых» і «рускіх»


Пятро Любчанкаў
Пятро Любчанкаў

Расейскія ўлады ўключылі ў фэдэральны «Пералік экстрэмістаў і тэрарыстаў» арганізатараў «Маршу за фэдэралізацыю Кубані».

Гэтую шмат у чым жартоўную акцыю група актывістаў апазыцыйных рухаў і звычайных жыхароў Краснадару плянавала зладзіць 17 жніўня, у адзін дзень з маршам «За фэдэралізацыю Сібіры». Удзельнікі сібірскага маршу былі затрыманыя, але пазьней адпушчаныя. Краснадарцам пашанцавала менш: двое чалавек па гэтай справе цяпер утрымліваюцца ў СІЗА, ім пастаўленыя абвінавачаньні ў экстрэмізьме і ў дзеяньнях, накіраваных на парушэньне тэрытарыяльнай цэласьці РФ; яшчэ двое аб’яўленыя ў вышук.

Адзін з арганізатараў «Маршу за фэдэралізацыю Кубані», псыхоляг з Краснадару Пятро Любчанкаў, распавёў Радыё Свабода, што ён знаходзіцца ва Ўкраіне, папрасіў палітычнага прытулку ў гэтай краіне і цяпер праходзіць вайсковую падрыхтоўку перад службай у адным з украінскіх добраахвотніцкіх батальёнаў.

РС: Пятро, як вам цяпер жывецца з гучным тытулам «тэрарыста і экстрэміста»?

Любчанкаў: Ну, вельмі нязвыкла, розныя пачуцьці і думкі з гэтай нагоды былі, цяпер ужо пасьпеў прызвычаіцца, тэрарыст — значыць тэрарыст. Цяпер для мяне самае важнае, каб людзі, якіх арыштавалі, выйшлі на волю. Па нашай справе, наколькі мне вядома, праходзяць чатыры чалавекі. Гэта я, Дар’я Полюдава, Вячаслаў Мартынаў, два дні таму ў Краснадары быў арыштаваны Сяргей Цітарэнка. У мяне адчуваньне, што ФСБ вырашыла проста «зраўняць лік», таму што з трох арганізатараў акцыі двое ўцяклі ва Ўкраіну, вось яны і арыштавалі яшчэ аднаго. Сяргей Цітарэнка ня меў ніякага дачыненьня да акцыі, але маральна нас падтрымліваў.

РС: Як узьнікла ідэя зладзіць «Марш за фэдэралізацыю Кубані», якая ў гэтай гісторыі доля жарту, а якая — праўды?

Любчанкаў: Мы былі абсалютна сур’ёзныя ў тым пляне, што асноўнай ідэяй гэтай акцыі было выказаць падтрымку Ўкраіне і паказаць усяму сьвету, наколькі крывадушнічае крамлёўскі рэжым, наколькі хлусьлівы і крывадушны Пуцін. У гэтым была асноўная ідэя акцыі, яе падзялялі ўсе, хто прымаў у ёй удзел. У гэтым сэнсе наша акцыя ўдалася, таму што «Маршы за фэдэралізацыю» Сібіры і Кубані былі ўспрынятыя ва Ўкраіне зь вялікім энтузіязмам, народ радаваўся, што ёсьць сілы і ў Расеі, якія могуць дапамагчы ім у гэтай няроўнай барацьбе. На жаль, мы, актывісты, дорага заплацілі за гэта.

РС: У Новасібірску акцыя наогул не адбылася, у Краснадары, наколькі я разумею, вам усё ж удалося выйсьці на вуліцу. Колькі чалавек сабраў «Марш за фэдэралізацыю Кубані» і як усё гэта адбывалася?

Любчанкаў: Справа ў тым, што да самага апошняга моманту мы стараліся рабіць усё ў рамках закону Расейскай Фэдэрацыі. Мы адмовіліся ад правядзеньня шэсьця, ад мітынгу, таму што ён ня быў узгоднены з уладамі. Мы вырашылі зрабіць проста «народны сход», без транспарантаў, плякатаў ці агітацыі. Па цяперашнім заканадаўстве гэта адзіная акцыя, якая магчымая без узгадненьня. Акцыя атрымалася нешматлікай, прыйшло ўсяго чалавек 30.

РС: Як вам здаецца, справа толькі ў цэнзуры, ці ў Краснадары сапраўды вельмі малая падтрымка Ўкраіны ў канфлікце з Расеяй?

Любчанкаў: Большасьць людзей тут замбаваная, бегаюць і крычаць «Крым наш!», «Ва Ўкраіне фашысты!». Ёсьць невялікая колькасьць людзей, якім удаецца думаць свабодна і самастойна, але яны паасобку. Гэта таксама была адна з задач «Маршу за фэдэралізацыю Кубані» — аб’яднаць людзей, якія думаюць свабодна, падтрымаць і іх у тым ліку.

РС: Пятро, вы цяпер у Адэсе — чым вы займаецеся ва Ўкраіне?

Любчанкаў: Я псыхоляг, працую псыхолягам, папрасіў палітычнага прытулку тут. Калі ў канцы жніўня пайшла ўжо наўпроставая агрэсія Расеі на Ўкраіну, увод войскаў і акупацыя Новаазоўску, я прыняў рашэньне, што ня буду больш хавацца за сьпіны хлопцаў, якія на фронце абараняюць і маю свабоду таксама. Я вырашыў, што пайду ў добраахвотніцкі батальён, таму што паўстала непасрэдная небясьпека акупацыі Адэсы, а заставацца тут мне будзе нельга, калі Адэсу акупуюць рускія. Уцякаць я таксама больш не хачу. Цяпер я праходжу вайсковую падрыхтоўку, навучыўся страляць з аўтамата і многім іншым рэчам. Простыя адэсіты рыхтуюцца да магчымай акупацыі, праходзяць і вайсковую падрыхтоўку, вучацца весьці партызанскую вайну, валянтэры капаюць акопы, умацоўваюць блёкпасты, дапамагаюць арміі.

РС: Вы кажаце «калі Адэсу акупуюць рускія» — гэта значыць, самі сябе рускім ужо ня лічыце?

Любчанкаў: Гэта такая дыхатамія. Мы тут кажам «нашы» і «рускія», незалежна ад этнічнай прыналежнасьці таго, хто гаворыць. У час вайны ўсё проста: ёсьць нашы, ёсьць вораг. У дадзеным выпадку мы называем ворага «рускія», хоць Адэса — рускамоўны горад і большасьць насельніцтва гаворыць па-руску.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG