Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэміяй былога прэзыдэнта Польшчы Леха Валэнсы ўзнагароджаны ўкраінскі рух «Эўрамайдан», які спрыяў падзеньню прарасейскага рэжыму на пачатку гэтага году.

Прэмія была ўручаная дэлегацыі прадстаўнікоў Майдану на цырымоніі ў польскім горадзе Гданьску ў панядзелак.

Сябра ўкраінскай дэлегацыі, мэр Кіеву, лідэр партыі УДАР Віталь Клічко заявіў: «Гэтая прэмія – ўзнагарода мільёнам украінцаў, якія падняліся ў барацьбе за сваю свабоду і сваю будучыню, за дэмакратыю і справядлівасьць. Прэмія... зьяўляецца і прызнаньнем эўрапейскіх імкненьняў Украіны, якая за свой эўрапейскі выбар праліла кроў. Гэта, у першую чаргу, – увекавечаньне памяці ўкраінскіх патрыётаў, якія паклалі сваё жыцьцё на Майдане...»

У складзе дэлегацыі «Эўромайдану» – сьпявачка Руслана, лідэр партыі «Свабода» Алег Цягнібок, журналістка і грамадзкая дзяячка Тацяна Чарнавол, былы камэндант Майдану Андрэй Парубій і іншыя.

Прэмія была заснаваная ў 2008 годзе Лехам Валэнсам – былым прэзыдэнтам Польшчы, лідэрам прафсаюзу «Салідарнасьць» і рабочых пратэстаў 1980-х гадоў – на знак удзячнасьці за атрыманьне ў 1983 годзе Нобэлеўскай прэміі міру.

Прэмія ў памеры 100 тысяч даляраў прысуджаецца за ўнёсак у супрацоўніцтва паміж народамі, у барацьбу за свабоду і ў прапаганду каштоўнасьцяў руху «Салідарнасьць».

У 2013 годзе ляўрэатам прэміі Валэнсы стаў расеец, экс-уладальнік кампаніі ЮКАС Міхаіл Хадаркоўскі.

Лех Валэнса
Лех Валэнса

XS
SM
MD
LG