Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Расеі здымаюць мастацкі фільм пра вайну ва Ўкраіне. Прадусар — афіцэр спэцслужбаў


Аўтары новага расейскага фільму абяцаюць расказаць «усю праўду» пра вайну паміж украінскімі ўрадавымі войскамі і сэпаратыстамі на ўсходзе Ўкраіны. Украінскія мэдыі ўжо назвалі гэты праект «прапагандай».

Пагрозьлівыя ўкраінскія салдаты? Так. Амэрыканскія наёмнікі, высакародныя сэпаратысты і адважныя расейскія журналісты? Так, так і так.

У новым расейскім фільме, які цяпер здымаецца, прапануецца свая вэрсія «праўды» пра ўкраінскі крызіс у форме першай мастацкай стужкі на гэтую тэму.

Фільм пад рабочай назвай «Праўда» шчыльна прытрымліваецца крамлёўскай лініі ў дачыненьні да вайны ва Ўкраіне, дзе злобным украінскім ваякам супрацьстаяць высакародныя паўстанцы, а ў полымя бітвы паміж імі трапляе здымачная група расейскай тэлевізіі.

Бюджэт фільму, які здымаецца ў Калінінградзкай вобласьці, вельмі абмежаваны, таму вядомы расейскі мэдыя-прадзюсэр Канстанцін Рыкаў заклікаў расейскіх патрыётаў сабраць 300 000 рублёў ($7,800), каб дапамагчы закончыць здымкі.

«Ужо сам факт здымак гэтай карціны выклікаў буру эмоцыяў і нянавісьці сярод настроеных па-антырасейску жыхароў Украіны», — напісаў Рыкаў у сваім блогу.

Навіна пра фільм сапраўды распаліла эмоцыі ва Ўкраіне, дзе сродкі масавай інфармацыі назвалі фільм «прапагандысцкім», скіраваным на абяленьне крамлёўскай агрэсіі і падтрымку прарасейскіх сэпаратыстаў на ўсходзе краіны.

Праект атрымаў падтрымку з боку расейскіх сілавікоў у Калінінградзкай вобласьці. Рэжысэр фільму Алег Джураеў сказаў, што мясцовыя органы ФСБ дапамаглі праекту вайсковай тэхнікай і жывой сілай. У здымках дапамагаюць студэнты Памежнага інстытуту ФСБ. Акторы і ўся каманда працуюць на «голым энтузіязьме», сказаў Джураеў. Паводле яго, здымкі маюць закончыцца на гэтым тыдні, а на экраны фільм выйдзе да канца году.

Журналісты ў аблозе, «амэрыканскія наёмнікі»

Канкрэтна пра зьмест фільму вядома мала. Джураеў сказаў, што сюжэт разгортваецца вакол тэлевізійнай здымачнай групы, якая апынулася ў Славянску і не пасьпела выбрацца адтуль, калі горад занялі ўкраінскія вайскоўцы. З трэйлеру, які Джураеў зьмясьціў на на сваёй старонцы «Вконтакте», мы даведваемся, што журналісты — калегі галоўнай гераіні — гінуць у выніку ўкраінскага абстрэлу, што нагадвае рэальныя падзеі, калі падчас абстрэлу сэпаратысцкага блёк-паста пад Луганскам загінулі расейскія тэлежурналісты Ігар Карнялюк і Антон Валошын.

У сюжэце таксама фігуруюць афіцэры колішняга «Бэркуту», якія разганялі Эўрамайдан у Кіеве, а таксама байцы ўкраінскага добраахвотніцкага батальёну «Азоў».

Ёсьць у фільме і «амэрыканскія наёмнікі», што можа быць адгалоскам цьверджаньняў расейскага МЗС, што прыватная амэрыканская фірма Greystone паслала на дапамогу «ультранацыяналістам» 150 кантрактнікаў.

Прадстаўнікі Greystone абверглі гэтую інфармацыю, а амбасадар ЗША ў Кіеве назваў яе «лухтой».

Адзіны грамадзянін ЗША, пра якога вядома, што ён сапраўды ваяваў на ўкраінскім баку — Марк Паслаўскі, амэрыканец украінскага паходжаньня зь Нью-Джэрзі, які служыў у добраахвотніцкім батальёне і быў забіты ў мінулым месяцы.

На гэтым тыдні зьявілася відэа, у якім чалавек з амэрыканскім акцэнтам цьвердзіць, што ён грамадзянін ЗША і ваюе на баку прарасейскіх сэпаратыстаў.

«Дрэнныя»

«Праўда» — ня першы прыклад расейскага фільму, у якім бароніцца пазыцыя Крамля ва ўзброеным канфлікце з удзелам сэпаратыстаў і былога савецкага суседа.

Менш, чым праз год пасьля васьмідзённай вайны з Грузіяй 2008 году расейскі Першы канал паказаў фільм «Алімпійскае пекла», у якім віноўнікам канфлікту быў названы тагачасны прэзыдэнт Міхаіл Саакашвілі.

(Пазьней паведамлялася, што высокапастаўленыя грузінскія службоўцы мелі дачыненьне да здымак фільма «Пяць дзён у жніўні», дзе падавалася прыхільная да Саакашвілі вэрсія вайны, а ролю грузінскага прэзыдэнта граў Эндзі Гарсія.)

Няма ніякіх сумневаў, што «дрэннымі» у фільме «Праўда» будуць украінскія вайскоўцы і іх прыхільнікі на Захадзе.

Прадусар Мікалай Сакалоў — афіцэр спэцслужбаў, які напісаў сцэнар і працаваў разам з Джураевым над кароткім фільмам, які на адным з расейскіх фэстываляў быў уганараваны як «найлепшы патрыятычны фільм» — папярэдзіў актораў, чые палітычныя погляды не адпавядаюць іх ролі ў фільме.

«Мы — дрэнныя, разумееце?» — сказаў Сакалоў групе маладых людзей падчас здымкі сюжэту для мясцовай тэлевізіі. — «Калі нехта з вас з палітычных меркаваньняў ня можа ўдзельнічаць у гэтым фільме або граць „дрэнных“ — то лепш адразу ідзіце. Бяз крыўдаў».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG