Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бабруйскую журналістку пакаралі буйным штрафам


Марына Маўчанава
Марына Маўчанава

Бабруйскі суд аштрафаваў журналістку выданьня «Бабруйскі кур’ер» Марыну Маўчанаву на 32 базавыя велічыні — 4 мільёны 800 тысяч рублёў.

Судзьдзя Натальля Чарапуха прызнала яе вінаватай у незаконным распаўсюдзе і вырабе прадукцыі сродкаў масавай інфармацыі. Адміністрацыйны перасьлед за журналісцкую дзейнасьць Маўчанавай пачалі супрацоўнікі бабруйскай міліцыі. Яны, як заяўляецца ў матэрыялах справы, у ходзе маніторынгу інтэрнэт-сеціва выявілі публікацыю журналісткі на сайце тэлеканалу «Белсат».

Марына Маўчанава сябе вінаватай не прызнае. Заяўляе, што суд не даказаў яе віны. Абвінавачваньні лічыць беспадстаўнымі, бо на яе думку, яны парушаюць ратыфікаваны Беларусьсю Міжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах, а таксама яе канстытуцыйнае права на свабоднае распаўсюджаньне інфармацыі.

Суду і Марына Маўчанава і яе адвакат спрабавалі давесьці, што артыкул адміністрацыйнага кодэксу, які нібыта быў парушаны, ня можа выкарыстоўвацца як абвінавачваньне журналіста, а толькі сродку масавай інфармацыі.

"Усе нашы довады былі праігнараваныя. Судзьдзя, як мне падаецца, наагул ня слухала, што мы кажам. І вынесла свой вырак",— камэнтуе вынік суду Марына Маўчанава.

Адміністрацыйны перасьлед Маўчанава разглядае як спробу запалохаць журналістаў перад прэзыдэнцкімі выбарамі. Яе пакараньне ня першае ў Беларусі.

«Калі я знаёмілася з матэрыяламі справы, то ўбачыла ў іх копіі матэрыялаў на іншага незалежнага журналіста Алеся Залеўскага. Ягоная справа разглядалася ўлетку Карэліцкім судом. Матэрыялы гэтай справы не былі падшытыя да маёй справы, а проста былі ў яе ўкладзеныя. Я напісала скаргу ў Міністэрства юстыцыі. На судзе хадайнічала, каб быў адкладзены працэс, пакуль ня будзе адказу. Судзьдзя заявіла, што ня бачыла ніякіх копіяў іншых спраў. Я так разумею, што справа Залеўскага была для міліцыі і суда як шаблён як дзейнічаць у сытуацыі з маёй справай— заяўляе Марына Маўчанава.

Алеся Залеўскага пакаралі на 30 базавых велічыняў — Маўчанаву на 32.

На Магілёўшчыне акрамя Марыны Маўчанавай пад перасьлед за супрацоўніцтва без акрэдытацыі з замежнымі СМІ патрапіў магілёўскі журналіст Аляксандар Буракоў. Яго вінавацяць у тым, што ён працуе на «Нямецкую хвалю».

На Гарадзеншчыне пакаралі штрафамі за супрацу з замежнымі СМІ акрамя Алеся Залеўскага — Андрэя Мялешку ды Алеся Дзянісава.

У Гомелі пракурорскія папярэджаньні вынесьлі Міколу Бянько і Юліі Сівец.

Спробы абскардзіць пакараньні ў судовым парадку засталіся незадаволенымі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG