Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Колькасьць консульскіх работнікаў ЗША можа павялічыцца — Мясьніковіч


Міхаіл Мясьніковіч
Міхаіл Мясьніковіч

Беларусь і ЗША разгледзяць магчымасьць узаемнага павелічэньня колькасьці консульскіх работнікаў у амбасадах.

Пра гэта сёньня ў Нью-Ёрку на першым беларуска-амэрыканскім інвэстфоруме заявіў прэм’ер-міністар Беларусі Міхаіл Мясьніковіч.

«Мы дамовіліся з пасольствам ЗША ў Менску, што будзем усяляк садзейнічаць працы МЗС Беларусі і Дзярждэпартамэнта ЗША», — заявіў прэм’ер-міністар. Гаворка ідзе пра магчымасьць некаторага павелічэньня колькасьці працаўнікоў пасольстваў, найперш консульскіх.

«Гэтае пытаньне знаходзіцца ў стадыі разгляду», — цытуе БЕЛТА Мясьніковіча.

Адносна магчымасьці візавых паслабленьняў, асабліва для прадстаўнікоў бізнэсу, Міхаіл Мясьніковіч адзначыў, што ў гэтым пытаньні ёсьць пэўныя праблемы, якія неабходна вырашаць сумесна з адміністрацыяй ЗША. Ён апавёў, што падчас ягонага візыту ў Нью-Ёрк заплянаваныя ў тым ліку і сустрэчы з прадстаўнікамі Дзярждэпартамэнта ЗША.

Паводле намесьніка міністра замежных спраў Аляксандра Гур’янава, Беларусь і ЗША «дамовіліся прынамсі, што не падаражэюць тыя візы, якія выдаюцца ў двухбаковым фармаце».

«А зь беларускага боку сыстэма максымальна спрошчаная. У любым выпадку пад канкрэтныя бізнэс-інтарэсы ў Беларусі мы гатовыя выдаваць доўгатэрміновыя візы без усялякіх праблемаў», — заявіў намесьнік міністра.

Таксама Міхаіл Мясьніковіч заявіў, што разьлічвае на перазагрузку беларуска-амэрыканскіх адносін.

«Мы адкрытыя для дыялёгу, гэтаксама як адкрытая наша краіна», — адзначыў ён.

Колькасьць супрацоўнікаў амбасады ЗША ў Менску была скарочаная на патрабаваньне беларускага боку з 35 чалавек да пяці ў сакавіку 2008 года з-за ўвядзеньня Злучанымі Штатамі санкцый адносна дзяржканцэрну «Белнафтахім».

Неўзабаве пасьля гэтага амбасадар Беларусі ў ЗША Міхаіл Хвастоў быў адкліканы з Вашынгтону для кансультацый, а Менск на патрабаваньне беларускага боку пакінула амбасадар ЗША Карэн Ст’юарт. Санкцыі адносна «Белнафтахіму» былі ўведзеныя ЗША ў сувязі з парушэньнямі правоў чалавека ў Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG