«Ён сказаў, што гэта была зачэпка. Ён сказаў, што гэта ня першы выпадак, ён навучыўся сябе правільна трымаць, перажываць усё гэта, захоўваць сілу духу, навучыўся ўсё гэта вытрымліваць. 20 дзён у адзіночнай камэры — гэта, канечне, цяжка. Але кажа, што многа займаўся ёгай і спортам, і гэта дапамагала. Здароўе цяпер у парадку, шмат чытае, займаецца, наколькі гэта магчыма ва ўмовах турмы, ёгай, спортам. Трымаецца бадзёра, упэўнена. Мяне радуе, што ён знаходзіць у сабе сілы, каб вытрымліваць усё гэта, цярпець і змагацца да канца, пакуль усё гэта скончыцца. Бо на датэрміновае вызваленьне мы не разьлічваем і не спадзяёмся — ні ён, ні мы», — распавёў бацька Мікалая Аляксандар Дзядок карэспандэнту Свабоды.
Мікалая Дзядка павінны вызваліць 3 сакавіка наступнага году, калі ў яго завяршаецца тэрмін.
Мікалай Дзядок адбыў за кратамі ўжо 4 гады. Трымаюць актывіста анархісцкага руху ў крытай магілёўскай турме, як Мікалая Статкевіча і Яўгена Васьковіча. Як і яны, Мікалай таксама адмаўляецца пісаць прашэньне аб памілаваньні.
Палітвязень Мікалай Дзядок быў узяты пад варту 3 верасьня 2010 году, асуджаны 27 траўня 2011 году судом Заводзкага раёну Менску паводле ч. 2 арт. 339 КК (злоснае хуліганства) на 4,5 года пазбаўленьня волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Рашэньнем суду ад 5 сьнежня 2012 году ўмовы адбыцьця пакараньня былі зьмененыя на больш жорсткія, ён пераведзены з калёніі № 17 у Шклове ў турму № 4 Магілёва. Мае больш за 20 спагнаньняў ад адміністрацыі калёніі і турмы.