Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хадаркоўскі заявіў, што гатовы стаць прэзыдэнтам Расеі


Міхаіл Хадаркоўскі
Міхаіл Хадаркоўскі

Міхаіл Хадаркоўскі, якога шмат хто лічыць галоўным палітычным апанэнтам прэзыдэнта Расеі Ўладзімера Пуціна, упершыню пасьля выхаду з турмы заявіў пра свае прэзыдэнцкія амбіцыі.

Пра гэта піша французская газэта Le Monde.

На сьвяткаваньні 70-годзьдзя Le Monde ў Парыжы, падчас публічных адказаў на пытаньні, былы кіраўнік кампаніі «ЮКОС» заявіў аб гатоўнасьці стаць новым прэзыдэнтам Расеі, «калі гэта спатрэбіцца» для пераадоленьня крызіснай сытуацыі.

Раней Хадаркоўскі заўсёды падкрэсьліваў, што ў яго няма палітычных амбіцый, і ўсё, што ён робіць і плянуе рабіць — гэта грамадзкая дзейнасьць. І на гэты раз Міхаіл Хадаркоўскі пастараўся казаць пра свае прэзыдэнцкія амбіцыі ў як мага больш шырокім кантэксьце інтарэсаў грамадзтва і Расеі ў цэлым:

«Я б не выяўляў цікавасьці да прэзыдэнцкай пасады, калі б Расея разьвівалася нармальна», — у прыватнасьці, сказаў ён, падкрэсьліўшы, што Расея мае патрэбу ў канстытуцыйнай рэформе, «галоўным у якой зьяўляецца пераразьмеркаваньне прэзыдэнцкай улады на карысьць суду, парлямэнту і грамадзянскай супольнасьці». «...Я гатовы стаць прэзыдэнтам, калі гэта спатрэбіцца для таго, каб перажыць крызыс і правесьці канстытуцыйную рэформу», — сказаў 51-гадовы Хадаркоўскі, такім чынам упершыню ўслых заявіўшы тое, чаго ад яго даўно чакалі многія яго прыхільнікі.

Прэсавы сакратар прэзыдэнта Расеі Пуціна Дзьмітрый Пяскоў заявіў у эфіры радыёстанцыі «Коммерсант ФМ», што не бачыць падставы камэнтаваць словы экс-кіраўніка ЮКОСа.

Тым часам у суботу быў адноўлены праект Хадаркоўскага «Адкрытая Расія» — гэтая грамадзкая арганізацыя была заснаваная як фонд яшчэ ў 2001 годзе акцыянэрамі кампаніі ЮКОС і Хадаркоўскім «для рэалізацыі дабрачынных, адукацыйных і асьветніцкіх праектаў». Пасьля арышту Хадаркоўскага фонд пачала правяраць генпракуратура, на яго рахункі быў накладзены арышт, і фонд спыніў дзейнасьць.

Цяпер у «Адкрытай Расіі» ёсьць вэб-партал, на якім 20 верасьня адроджаны рух правёў першы форум сваіх прыхільнікаў у інтэрнэце. Задача руху — аб’яднаць праэўрапейскі арыентаваных расейцаў з тым, каб кінуць выклік уладзе Пуціна.

У Парыжы, адказваючы на пытаньне, як, на яго думку, на гэты праект адрэагуе прэзыдэнт Расіі, Хадаркоўскі адказаў: "Думаю, ён занэрвуецца",— паведамляе расейская служба ВВС.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG