Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навошта міністр Макей лётаў у Курдыстан


Уладзімер Макей падчас прэсавай канферэнцыі ў Эрбілі
Уладзімер Макей падчас прэсавай канферэнцыі ў Эрбілі

Міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей зьдзейсьніў неанансаваны візыт у Ірацкі Курдыстан, дзе сустрэўся з прэзыдэнтам аўтаноміі Масудам Барзані. Таксама кіраўнік МЗС наведаў лягер уцекачоў у горадзе Дахук, дзе тысячы курдаў-езідаў ратуюцца ад баевікоў тэрарыстычнай групоўкі «Ісламская дзяржава».

Макей адзначыў, што маштабы трагедыі патрабуюць удзелу ўсёй міжнароднай супольнасьці і Беларусь будзе ўздымаць гэтае пытаньне на сэсіі Генасамблеі ААН.

Гэта першы візыт беларускай дэлегацыі такога ўзроўню ў Ірацкі Курдыстан, які атрымаў шырокую аўтаномію ў 2005 годзе, неўзабаве пасьля ўводу амэрыканскіх войскаў і падзеньня рэжыму Садама Хусэйна — галоўнага ворага курдзкай незалежнасьці. Сустрэўшыся з афіцыйнымі асобамі ў Эрбілі, Уладзімер Макей паабяцаў аказваць падтрымку ў барацьбе з тэрарыстычнай пагрозай, у тым ліку праз сацыяльна-эканамічнае разьвіцьцё рэгіёну. У пацьверджаньне намераў былі праведзеныя перамовы, на якіх бакі дамаўляліся пра пастаўкі беларускай тэхнікі і харчаваньня.

У апошняй дэкадзе жніўня спадар Макей таксама наведваўся ў Багдад, дзе правёў перамовы з прэзыдэнтам Іраку Мухамэдам Фуадам Масумам. Ірацкі лідэр ацаніў візыт як «сыгнал падтрымкі ірацкага кіраўніцтва ў барацьбе з экстрэмістамі». Сапраўды, кіраўнік беларускага зьнешнепалітычнага ведамства асудзіў дзеяньні тэрарыстычных груповак, якія прывялі да маштабных ахвяраў сярод мірнага насельніцтва.

На выніковай прэсавай канфэрэнцыі ў Эрбілі Ўладзімер Макей, у прыватнасьці, адзначыў:

«Беларусь вельмі заклапочаная разьвіцьцём сытуацыі ў Іраку і ў рэгіёне ў цэлым у сувязі з актывізацыяй пагрозы тэрарызму і экстрэмізму. Некаторы час таму мы наведалі Багдад, а ў гэтыя дні знаходзімся ў Эрбілі — якраз дзеля таго, каб прадэманстраваць падтрымку як высілкам ураду Іраку, так і ўраду Ірацкага Курдыстану. Сытуацыя, якая сёньня складваецца, уяўляе небясьпеку ня толькі для Іраку і іншых краінаў рэгіёну, але і для ўсёй міжнароднай супольнасьці, для чалавецтва ўвогуле. І справіцца з гэтай пагрозай, з гэтай небясьпекай можна толькі тады, калі мы аб’яднаем намаганьні ўсіх дзяржаў. Таму абмеркаваньне сытуацыі, якая складаецца ў рэгіёне, і выпрацоўка адэкватных захадаў супрацьдзеяньня — гэта было адной з мэтаў і майго папярэдняга візыту ў Багдад, і цяперашняга візыту ў Эрбіль».

Спрэчныя тэрыторыі на курдзка-ірацкай мяжы — спрадвеку галоўная праблема паміж арабамі і курдамі. Пасьля 2003 году курды фармальна атрымалі гістарычную тэрыторыю на поўдзень ад Ірацкага Курдыстану, аднак Кіркук, Найнава, Дыяла афіцыйна не ўваходзяць у склад аўтаноміі дагэтуль. Пры гэтым Кіркук ды іншыя гарады летам былі захопленыя баевікамі «Ісламскай дзяржавы» і цяпер час ад часу пераходзяць з рук у рукі. Ахвярамі гвалту ўжо сталі тысячы чалавек, асноўны паток уцекачоў з Іраку накіраваўся ў Курдыстан.

Дасьведчаны дыплямат, журналіст-міжнароднік Міхаіл Бацян называе разумнымі высілкі беларускага боку ў маніторынгу стратэгічнага напрамку. Амэрыканцы і эўрапейцы пакідаюць ірацкую тэрыторыю, іншыя ў роздуме, ці варта інвэставаць у цалкам разбураную эканоміку. У безальтэрнатыўнай сытуацыі вагу набываюць нават такія малыя краіны, як Беларусь. Да таго ж шмат каго адваджвае сама геапалітычная спэцыфіка Курдыстану:

«Увогуле гэта няшчасныя людзі, якія ніколі ня мелі і ня маюць уласнай дзяржавы і нейкай дакладнай тэрыторыі. Ім, вядома, не пазайздросьціш. Затое ў гэтым зьвязку думаю пра Беларусь: дзякуй богу, мы маем зямлю, гісторыю, культуру, маем нармальных людзей. Трэба за гэта трымацца і, гледзячы на той жа Курдыстан, не дапускаць нават у думках, каб з намі калі-небудзь здарылася горшае».

Карэспандэнт: «Падтрымліваючы публічна Курдыстан, ці не ўскладніць Беларусь адносіны зь іншымі краінамі?»

«Ня думаю, што цяпер гэта так катэгарычна. Усё ж назіраецца рух да прызнаньня курдаў. Так, некаторыя краіны супраць, а некаторыя такія крокі вітаюць. Наладжваньне стасункаў — цалкам нармальная справа. Тым больш, з боку эўрапейскіх краінаў Беларусь знаходзіцца ў ізаляцыі, і Менск шукае магчымасьці, каб абазначыць сябе на гэтым сьвеце. Такія імкненьні якраз паказваюць, што Беларусь ёсьць, яна існуе. Для тых умоваў, у якіх мы знаходзімся, можа, гэта і не найгоршае рашэньне. Вядома, можна ціхенька сядзець — ніхто пра Беларусь ня чуе і ня ведае — а можна неяк паказвацца, калі на тое ёсьць хоць нейкая магчымасьць. Мы невялікая, маладая дзяржава, і калі вы паедзеце ў аддаленую краіну, пра Беларусь, на жаль, нічога ня ведаюць. Я сам з гэтым сутыкаўся, як працаваў у дыпляматыі. Брыдкае слова „прапаганда“, але ж трэба прапагандаваць імідж краіны ўсялякімі спосабамі».

Адметна, што да 2003 году кіраўніцтва Беларусі шчыльна супрацоўнічала з папярэднімі ірацкімі ўладамі, якія мелі непасрэднае дачыненьне да генацыду курдаў. Здабыткам галоснасьці сталі факты пастаўкі зброі зь Беларусі ў абыход санкцыяў ААН, пра што сьведчылі знойдзеныя фінансавыя дакумэнты. У адмываньні грошай і супрацоўніцтве з рэжымам Садама Хусэйна быў абвінавачаны тагачасны «Інфабанк», які Вашынгтон унёс у «чорны сьпіс». Перад самым пачаткам ваеннай апэрацыі ЗША і саюзьнікаў амбасада Іраку ў Менску рыхтавала дэсант беларускіх журналістаў, які меўся паказаць, што ў Багдадзе ўсё спакойна. Толькі ў апошні момант рэйс быў адменены. Цяпер, як адзначыў Уладзімер Макей, Беларусь зноў гатовая да супрацы з кіраўніцтвам як усяго Іраку, так і курдзкай аўтаноміі:

«Другі аспэкт нашага візыту — абмеркаваньне пэрспэктыў гандлёва-эканамічнага ўзаемадзеяньня з Ірацкім Курдыстанам. Мы лічым, што ўзровень гандлёва-эканамічных сувязяў паміж Курдыстанам і Беларусьсю вельмі невысокі, і ён не адпавядае таму патэнцыялу, які мог бы быць, каб мы да канца выкарыстоўвалі ўсе магчымасьці. Пытаньні гандлёва-эканамічнага ўзаемадзеяньня мы абмяркоўвалі і з прэзыдэнтам Ірацкага Курдыстану, і з прэм’ер-міністрам, і зь міністрамі ўраду. Мы дамовіліся пра шэраг канкрэтных праектаў, якія ініцыюем у бліжэйшы час і ажыцьцявім у будучым, і я думаю, што гэта будзе ўзаемавыгадна і Беларусі, і Ірацкаму Курдыстану, і Іраку ў цэлым. Самае галоўнае, як мы пераканаліся, — ёсьць зацікаўленасьць як з боку Курдыстану, так і з боку Беларусі актыўна разьвіваць гандлёва-эканамічнае ўзаемадзеяньне, гуманітарнае супрацоўніцтва».

Стварэньне аўтаноміі Ірацкага Курдыстану пачалося на пачатку 1970-х, пасьля доўгіх гадоў крывавага супраціву, аднак у 1974-м Паўночны Ірак накрыла новая хваля вайны паміж курдамі і ўладнымі арабамі. У 1991 годзе пры падтрымцы арміі ЗША курдам удалося замацавацца на гістарычнай тэрыторыі, раз-пораз адбіваючы карныя апэрацыі ўрадавых войскаў. Новай Канстытуцыяй 2005 году ўлады новага Іраку надалі вобласьці шырокую аўтаномію з функцыямі «палавіністай незалежнасьці». На 40 тысячах квадратных кілямэтраў аўтаноміі жыве больш за 5 мільёнаў чалавек.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG