Амэрыканскія кангрэсмэны станоўча адрэагавалі на выступ прэзыдэнта Ўкраіны Пятра Парашэнкі перад абедзьвюма палатамі Кангрэсу ЗША 18 верасьня.
Марсі Каптур, кангрэсмэн з Агаё, падтрымала просьбу Пятра Парашэнка прызнаць Украіну саюзьнікам ЗША па-за межамі НАТО:
«Я заклікала нашых генэралаў, вайскоўцаў і НАТО разгледзець магчымасьць фармаваньня сыстэмы абароны у той частцы Эўропы, якая гадамі пакутавала. Цяпер прэзыдэнт Парашэнка просіць прызнаньня Ўкраіны стратэгічным саюзьнікам ЗША па-за НАТО... Гэты статус даў бы магчымасьць Украіне падтрымаць бясьпеку. Незалежна ад таго, адкуль бы прыйшла дапамога, — з Польшчы, Балкан ці краінаў Балтыі. Але мусіць быць збудаваная добрая структура для бясьпекі Ўкраіны. Я маю адчуваньне, што Ўкраіну пакінулі на разарваньне вятрам і таму цяпер Захад мае вялікія маральныя абавязкі перад Украінай».
Кангрэсмэн Майк Квіглі ў інтэрвію «Голасу Амэрыкі» назваў выступ Пятра Парашэнкі «беспрэцэдэнтным»:
«Выступ Пятра Парашэнкі прыйшоўся на крытычны, паваротны момант у гісторыі Ўкраіны. Я веру, што прэзыдэнт Пуцін прагне аднавіць СССР і без Украіны ён гэтага ня зробіць. Таму ЗША павінны зрабіць усё магчымае, каб абараніць суверэнітэт Украіны... Пуцін цалкам непрадказальны, але я думаю, што ЗША будуць рэагаваць на дзеяньні Расеі. Я і мае калегі будзем працаваць, каб Украіна атрымлівала падтрымку. Мы разумеем, што адбываецца».
Кангрэсмэн Джым Герлак з Пэнсыльваніі ў інтэрвію «Голасу Амэрыкі» заявіў, што выступ прэзыдэнта Парашэнкі ў Кангрэсе выведзе стасункі паміж Украінай і ЗША на новы ўзровень. Герлак лічыць, што ЗША і надалей будуць надаваць Украіне падтрымку:
«ЗША ўжо надаюць Украіне бронекамізэлькі, прылады начнога бачаньня і іншае. Нямала людзей у Кангрэсе лічаць, што мы мусім пашырыць кшталт і характар абсталяваньня, якое ЗША надаюць Украіне, і ўключыць у яго абарончую зброю. Але прэзыдэнту давядзецца зважаць на тое, што робіць і чаго ня робіць Пуцін і той факт, што расейскія сілы дагэтуль знаходзяцца на ўсходзе Ўкраіны і ў Крыме і не зьбіраюцца іх пакідаць. Думаю, што гэта мае стаць сыгналам для нашага прэзыдэнта, што настаў час узмацніць падтрымку Ўкраіны і дапамогу ў вайсковым сэнсе. Таму ў Палаце прадстаўнікоў аднагалосна ўхвалілі рэзалюцыю, якая заахвочвае прэзыдэнта да такіх дзеяньняў».
Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка 18 верасьня ўпершыню прыбыў з афіцыйным візытам у ЗША. Зранку ён выступіў у Кангрэсе, дзе заклікаў надаць Украіне статус стратэгічнага саюзьніка ЗША па-за НАТО, дапамагчы ўкраінскаму войску ўзбраеньнем і стварыць адмысловы фонд падтрымкі інвэстыцый з Украінай. Пасьля гэтага Пятро Парашэнка сустрэўся з прэзыдэнтам ЗША Баракам Абамай.