Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мікалай Халезін: Рэфэрэндум у Шатляндыі — нядобры сыгнал для Эўропы


Мікалай Халезін
Мікалай Халезін

Сёньня ў Шатляндыі адбываецца рэфэрэндум пра незалежнасьць. Тым, хто прыйдзе на ўчасткі, прапануюць адказаць усяго на адно пытаньне: «Ці павінна Шатляндыя быць незалежнай дзяржавай?». У дваццаць першым стагодзьдзі шатляндцы маюць усе шанцы адвярнуць ход гісторыі, зададзены трыста год таму, калі ў 1707 годзе Шатляндыя страціла незалежнасьць, аб’яднаўшыся з Англіяй. Пра тое, якім бачыцца гэты рэфэрэндум вачыма беларуса, Радыё Свабода пагаварыла з кіраўніком «Свабоднага тэатру» Мікалаем Халезіным, які ўжо ня першы год жыве і працуе ў Вялікай Брытаніі.

Удзел у галасаваньні могуць узяць тры з паловай мільёны шатляндцаў. Зацьвердзіць сваё разуменьне будучыні краіны можна на тысячах участкаў па ўсёй яе тэрыторыі. Даступна і галасаваньне па пошце. Участкі закрываюцца а дзясятай гадзіне вечара паводле мясцовага часу. Чаму менавіта цяпер пытаньне пра незалежнасьць ізноў стала актуальным для шатляндцаў?

Мікалай Халезін: «Тут склалася шмат фактараў. Гэтыя рэфэрэндумы — што пра сувэрэнітэт Шатляндыі, што пра выхад Вялікай Брытаніі з ЭЗ, — палітычныя рычагі ціску. Шатляндзкія палітыкі зразумелі, што ня грэх лішні раз націснуць на Лёндан і вытаргаваць некаторыя прэфэрэнцыі.

Не магу сказаць, што гэта барацьба за незалежнасьць у чыстым выглядзе. Тут гэта было справакавана эканамічнымі рычагамі, калі размова пайшла пра тое, каб пакідаць сабе больш сродкаў ад здабычы нафты. Цікавы момант, што цяпер здабыча скарачаецца і, адпаведна, прыбытак таксама. Таму палітыкі зразумелі, што гэты час ня вечны, козыры скончацца, і была разыграная гэтая карта рэфэрэндуму».

Разнастайныя аналітыкі і экспэрты зь цікавасьцю сочаць за тым, як паўплывае на вынікі рэфэрэндуму ўдзел у ім маладых шатляндцаў. Мяркуецца, што большасьць зь іх горача вітае ідэю незалежнасьці.

Мікалай Халезін: «У верасьні мінулага году расклад сілаў быў прыблізна 22–23 працэнты за аддзяленьне, а астатнія супраць. Абсалютна нічога не паказвала вось гэтай шалёнай барацьбы і шалёнага абмеркаваньня. Але дынаміка пайшла не зусім так, як плянаваў Лёндан. І гэта была непасрэдная нядбайнасьць прэм’ер-міністра Дэвіда Кэмэрана.

Прыхільнікі еднасьці ўсяляк гнаравалі гэтую кампанію. Яна проста не вялася. Сваю кампанію вялі толькі прыхільнікі сувэрэнітэту Шатляндыі. Таму так хутка скараціўся разрыў. І на нейкі момант — у першыя дні верасьня — расклад выглядаў як 52 працэнты «за незалежнасьць» супраць 48 працэнтаў «за адзінства».

Але гэтыя лічбы хутка памяняліся, і цяпер яны выглядаюць прыблізна як 48 на 46. 48 — за адзіную краіну і 46 — за аддзяленьне. Усё вырашаць тыя, хто яшчэ ня вызначыўся».

Калі ўсё ж большасьць на рэфэрэндуме выкажацца за незалежнасьць, то канчатковы развод адбудзецца 24 сакавіка 2016 году. Менавіта ў гэты дзень заплянаваны выхад Шатляндыі са складу Аб’яднанага Каралеўства.

Мікалай Халезін: «Я не прыхільнік таго, каб усіх грэбсьці пад адну грабёнку і называць гэта барацьбой за незалежнасьць. У Шатляндыі амаль бязьмежная незалежнасьць. Свой парлямэнт, урад, нават на валюце няма брытанскай каралевы — на валюце намаляваныя героі Шатляндыі, хоць гэта брытанскі фунт.

У Шатляндыі амаль бязьмежная незалежнасьць

Адзін фактар можа шмат што патлумачыць. Шатляндзкія палітыкі, кажучы пра незалежнасьць, настойваюць, што трэба пакінуць брытанскі фунт як адзіны плацежны сродак. Такім чынам, незалежная Шатляндыя ня мае намеру разьвіваць уласную плацёжную сыстэму. А калі ўжо сувэрэнітэт, то трэба неяк думаць пра сваю валюту, або ўваходзіць у зону эўра, калі ўлічваць жаданьне Шатляндыі быць у ЭЗ.

Таму гэты рэфэрэндум для мяне ня надта апраўданы. На сёньняшні момант Шатляндыя вытаргавала ў Кэмэрана яшчэ шырэйшыя паўнамоцтвы для парлямэнту і мэханізм падзелу грошай ад здабычы нафты. Гэта тое, за што Кэмэрана крытыкуюць. Яму прадракаюць адстаўку ў любым выпадку. Калі Шатляндыя выйдзе, то яму давядзецца ісьці ў адстаўку, бо ён прайграў рэфэрэндум. Калі Шатляндыя застанецца часткай Вялікай Брытаніі, то яго заклікаюць сысьці ў адстаўку, бо ён даў Шатляндыі занадта вялікія прэфэрэнцыі. Гэта такі сур’ёзны капкан, зь якога давядзецца выходзіць. Праўда, у яго самы высокі рэйтынг папулярнасьці з усіх палітыкаў, так што ён карыстаецца пэўнай падтрымкай сярод брытанцаў».

Зьяўленьне на мапе сьвету новай краіны пацягне за сабою і новыя праблемы:

Мікалай Халезін: «Вядома, калі Шатляндыя пераможа, то ня будзе ніякіх танкаў, гармат. Будзе спакойны развод, але шумны — ізноў жа з-за фінансаў. Бо Брытанскі банк заявіў, што ня мае намеру пакідаць фунт у Шатляндыі ў выпадку яе аддзяленьня.

Другі момант — гэта падзел дзяржаўных пазыкаў, якія прыпадаюць і на Шатляндыю. Размова пра тое, як падзяліць пазыкі, ужо ідзе: ці паводле памеру тэрыторыяў, ці паводле колькасьці насельніцтва. Гэта сур’ёзнае пытаньне».

Расейскія СМІ выносяць навіны пра рэфэрэндум у Шатляндыі на першыя палосы, акцэнтуючы права тэрыторыяў на самавызначэньне. Прыклад Вялікай Брытаніі, краіны з найлепшым дабрабытам і разьвітой дэмакратыяй — з аднаго боку, і хрэстаматыйнай імпэрыі — з другога, здольны замацаваць імкненьне некаторых тэрыторыяў да аддзяленьня і зрабіць яго мэйнстрымам.

Мікалай Халезін: «Я спадзяюся, што гэтага (аддзяленьня Шатляндыі. — Рэд.) не адбудзецца.

Калі тут гэты развод пройдзе спакойна, то я ня ўпэўнены, ці ўсё будзе гладка ў наступным ланцужку.

Наступным будзе рэфэрэндум у Каталёніі празь некалькі месяцаў. Я думаю, што па гэтым жа шляху пайшла б Паўночная Ірляндыя і яшчэ цэлы шэраг тэрыторыяў, якія б пабачылі ў гэтым сыгнал да дзеяньняў.

Паводле маіх адчуваньняў, нічога добрага гэты сыгнал цяпер не нясе. Вельмі сур’ёзная сытуацыя ва Ўсходняй Эўропе і з вайной, і зь дзеяньнямі Пуціна, таму ўздымаць пытаньні пра разьдзяленьне дзяржаваў цяпер вельмі небясьпечна».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG