Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Распад Расейскай Фэдэрацыі можа пачацца праз 1,5-2 гады — экс-прэм’ер Расеі


Міхаіл Касьянаў
Міхаіл Касьянаў

Міхаіл Касьянаў мяркуе, што ўжо напрыканцы гэтага году можна чакаць адчувальнага пагаршэньня эканамічнай сытуацыі ў Расеі. А бліжэйшыя паўтара-два гады стануць вырашальнымі для будучыні ўсёй Расейскай Фэдэрацыі.

Каб захаваць уладу ў такой складанай сытуацыі, Пуціну патрэбны зьнешні вораг. Такім ворагам у Крамлі выбралі Ўкраіну. Пра гэта ў Варшаве падчас сустрэчы з польскай інтэлігенцыяй казаў Міхаіл Касьянаў, расейскі экс-прэм’ер, а цяпер адзін зь лідэраў расейскай апазыцыі.

Распавядаючы ў Варшаве аб сучаснай сытуацыі ў Расеі, Міхаіл Касьянаў значную частку свайго выступу прысьвяціў сытуацыі ва Ўкраіне. Паводле яго словаў, Пуцін атрымаў, так бы мовіць, мандат на агрэсію супраць Украіны ў 2008 годзе, пасьля вайны з Грузіяй. На думку расейскага апазыцыянэра, бяззубая палітыка Захаду фактычна разьвязала Пуціну рукі. Пра прычыны агрэсіі Расеі супраць Украіны Касьянаў рытарычна пытаецца:

«Якая мэта Пуціна ў дачыненьні да Ўкраіны? Безумоўна, галоўная мэта — гэта ўтрыманьне ўлады ўнутры краіны. А для таго, каб захоўваць уладу, яму патрэбны зьнешні вораг і пераможныя войны».

Касьянаў кажа, што пры цяперашняй сытуацыі найбольшай дапамогай для Ўкраіны ў яе супрацьстаяньні з Расеяй можа быць аднадушнасьць ЭЗ, ЗША і Канады. Гэтыя краіны, кажа палітык, павінны пасьлядоўна нагадваць пра незаконнасьць анэксіі Крыма і дамагацца вываду з Украіны ўсіх расейскіх вайскоўцаў.

Пуцін шакаваны санкцыямі Захаду

Касьянаў сьцьвярджае, што Пуцін шакаваны санкцыямі, прынятымі заходнімі дзяржавамі. Маўляў, у Крамлі спадзяваліся, што Захад моўчкі праглыне агрэсію супраць Украіны, гэтак жа, як гэта было ў выпадку вайны з Грузіяй. Прэзыдэнт Расеі, выхаванец КДБ, лічыць, што ўсё ў сьвеце можна купіць. Ён ня верыць, што такія каштоўнасьці, як правы чалавека, свабода і дэмакратыя, на самай справе важныя для заходніх палітыкаў.

«Пуцін у гэта ня верыць. Ён вельмі моцна перажывае і знаходзіцца ў стане шоку праз тое, што нават тая ж Ангела Мэркель у Нямеччыне, якой ён прысьвячаў столькі ўвагі, раздаючы вельмі выгадныя кантракты нямецкім кампаніям, яна падпісалася пад санкцыямі», — тлумачыць расейскі апазыцыянэр.

Паводле словаў Касьянава, Пуцін мае тую перавагу над Захадам, што ён непрадказальны, ён, так бы мовіць, самадзержац. Прэзыдэнт Расеі лічыць заходніх палітыкаў слабымі, бо ў адрозьненьне ад яго яны павінны раіцца і ўзгадняць свае рашэньні.

«Дэ-факта мы бачым, што маюцца прыкметы рэжыму, які трансфармуецца з аўтарытарнага рэжыму ў рэжым з элемэнтамі фашызму. Ён вельмі падобны на рэжымы Мусаліні і Франка», — адзначае Касьянаў.

Кажучы пра найбольш магчымыя сцэнары разьвіцьця падзеяў у Расеі, Касьянаў называе два верагодныя, на яго думку.

«Адзін зь іх, які я лічу найбольш жахлівым і недапушчальным, — гэта паглыбленьне рысаў фашысцкага рэжыму ў Расеі. Спадзяюся, што гэты жудасны сцэнар не адбудзецца. Што да другога сцэнару, дык я лічу, што Пуцін усё ж не вар’ят і ён павінен зразумець, што прайграў у сваім блефе і ў гэтых авантурах, таму ён павінен шукаць стратэгію выхаду з гэтай сытуацыі», — кажа Міхаіл Касьянаў.

Паводле яго дадзеных, ужо напрыканцы гэтага году ў эканоміцы Расеі будуць прыкметныя зьявы, якія пасьля прывядуць да эканамічнага каляпсу дзяржавы. Санкцыі Захаду паскараюць глыбокі крызыс у Расейскай Фэдэрацыі. На працягу бліжэйшых 1,5-2 гадоў будзе вырашацца лёс расейскай дзяржавы, у якім можна чакаць тэндэнцый распаду фэдэрацыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG