Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Нарвэжцы ўспрымаюць Расею як агрэсара, які анэксаваў Крым»


Актывісты моладзевага крыла Нарвэскай лібэральнай партыі Тор Эс і Ранвэйг Форсвард
Актывісты моладзевага крыла Нарвэскай лібэральнай партыі Тор Эс і Ранвэйг Форсвард

Маладыя нарвэскія палітыкі выказаліся ў інтэрвію Свабодзе пра збройны канфлікт ва Ўкраіне.

Імкненьне Ўкраіны стаць часткай аб’яднанай Эўропы прывяло да анэксіі Расеяй Крыму і да збройнага канфлікту. Значная частка беларусаў сфармавала сваё бачаньне падзеяў у суседняй краіне пад уплывам расейскіх сродкаў масавай інфармацыі. А якое стаўленьне да таго, што адбываецца ва Ўкраіне, маюць грамадзяне эўрапейскіх краін, якія далёка ад тэатру баявых дзеяньняў — напрыклад, Нарвэгіі?

Што ведаюць нарвэжцы пра збройны канфлікт ва Ўкраіне? Ці ведаюць пра ягоныя прычыны? Наколькі папулярная тэма расейскай агрэсіі супраць Украіны ў сродках масавай інфармацыі Нарвэгіі? На гэтыя пытаньні адказалі двое актывістаў моладзевага крыла Нарвэскай лібэральнай партыі — «Маладыя лібэралы Нарвэгіі» Тор Эс і Ранвэйг Форсвард.

Паводле маладых нарвэскіх палітыкаў, у іх на радзіме збройны канфлікт ва Ўкраіне не застаецца па-за ўвагай мясцовых мэдыяў. Аднак украінская тэма на дадзены момант прадстаўлена ў іх не настолькі шырока, як было напачатку:

«Як толькі канфлікт пачаўся, было дужа шмат перадач, прысьвечаных яму. Цяпер інтарэс патроху пачаў згасаць. І такія перадачы зьяўляюцца ўсё радзей і радзей. Таму мы абодва наўрад ці ўяўляем на сёньня ўсю карціну таго, што адбываецца ва Ўкраіне», — прызнаецца Тор Эс.

«Паколькі гэтыя падзеі працягваюцца больш за паўгода, — дадае Ранвэйг Форсвард, — то я ўжо і згубілася ў ланцугу іх разьвіцьця».

Маладыя людзі не хаваюць, што не гатовыя гаварыць пра прычыны канфлікту ў далёкай для іх краіне. Тыя ўяўленьні, якія ў іх ёсьць, сфармаваныя пад уплывам мясцовых сродкаў масавай інфармацыі. Гэтыя ўяўленьні, цьвердзяць маладыя палітыкі, супадаюць і зь іхнымі ўласнымі:

«Расея — гэта агрэсар. Яна анэксавала Крым, — тлумачаць яны. — Гэта галоўны факт, які сфармаваны і дамінуе ў сьвядомасьці нарвэжцаў цяпер. Амаль усе адзначаюць нэгатыўную ролю Расеі як агрэсара. І гэта так ёсьць насамрэч», — падсумоўваюць, дапаўняючы адзін аднаго, госьці з Нарвэгіі.

Шукаць аб’ектыўную ісьціну нашы маладыя людзі лічаць не заўжды мэтазгодным заняткам

Паводле іхніх словаў, нарвэжцам цяжка разабрацца ў прычынах канфлікту ва Ўкраіне і вылучыць, як яны кажуць, «аб’ектыўную ісьціну».

«Паколькі ў канфлікце ўдзельнічаюць два бакі, — зазначаюць маладыя нарвэжцы, — то інфармацыя да нас даходзіць з двух полюсаў — з пазытыўнага і нэгатыўнага. І шукаць аб’ектыўную ісьціну нашы маладыя людзі лічаць не заўжды мэтазгодным заняткам. Калі ты сам не ў канфлікце, то зразумець яго сутнасьць дужа цяжка».

Маладыя нарвэскія палітыкі пагаджаюцца, што ўзровень цікавасьці да падзеяў ва Ўкраіне абумоўлены тым, што гэтая краіна далёка ад іхнай. Калі б гэты канфлікт быў бы побач з Нарвэгіяй, лічаць яны, то цікавасьць да яго была б большая:

«Калі канфлікт далёка, то інфармацыя даходзіць дужа палітызаваная і палітычна афарбаваная, таму дужа цяжка разабрацца ў зьвестках, якія да цябе даносяць сродкі масавай інфармацыі. Канфлікт між Украінай і Расеяй у нечым нагадвае палестынска-ізраільскі канфлікт. Ён далёка, і дужа цяжка адшукаць ягоныя вытокі».

У Магілёў госьці з Нарвэгіі наведаліся разам зь сябрамі Лібэральнага клюбу, каб распавесьці пра функцыянаваньне адукацыйных сыстэм аб’яднанай Эўропы і Злучаных Штатаў Амэрыкі. Сустрэчы зь імі для магілёўцаў арганізавалі мясцовыя актывісты «Маладых дэмакратаў АГП».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG