Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску згадалі «Балтыйскі шлях»


Урачыстасьці, прысьвечаныя 25-й гадавіне «Балтыйскага шляху», адбыліся сёньня ўвечары ў амбасадзе Літвы ў Менску. Арганізатарамі імпрэзы выступілі дыпляматы трох балтыйскіх краін — Латвіі, Літвы і Эстоніі.

23 жніўня 1989 году а 19 гадзіне грамадзяне трох гэтых былых савецкіх рэспублік узяліся за рукі і стварылі жывы ланцуг, які злучыў тры балтыйскія сталіцы.

На «Балтыйскі шлях», які расьцягнуўся на 650 км, выйшлі каля 2,5 млн чалавек. Гэтая палітычная акцыя сымбалізавала салідарнасьць народаў у іхнай рашучасьці ліквідаваць наступствы пакту Молатава-Рыбэнтропа.

Baltic Way
Baltic Way

Амбасадар Літвы Эвалдас Ігнатавічус сказаў, што гэтае сьвята — вельмі вялікае для балтыйскіх дзяржаў і балтыйскага насельніцтва.

«Гэта ня проста лёс 2,5 млн людзей, а асабістая гісторыя кожнага з гэтых людзей. Я памятаю, як стаяў на Шляху з каляскай, у якой ляжаў мой паўгадавалы сын, цяпер ён равесьнік „Балтыйскага шляху“».

Амбасадар Латвіі Міхаіл Папкоўс распавёў, што ў той час працаваў на тэлебачаньні і здымаў «Балтыйскі шлях» зь верталёта.

«Я тады, магчыма, больш, чым іншыя людзі, адчуў маштабнасьць гэтай акцыі», — адзначыў амбасадар Латвіі.

Амбасадар Эстоніі ў Беларусі Майт Марцінсон сказаў, што ў той дзень быў далёка ад сваёй радзімы — служыў у савецкай арміі ў Нагорным Карабаху.

«Я вельмі шкадаваў, што ня мог быць у той час на радзіме і браць удзел у гэтай вялікай акцыі», — сказаў амбасадар Эстоніі.

Дыпляматы трох краін адзначылі, што «Балтыйскі шлях» прывёў іхнія краіны ў ЭЗ і НАТО. «Гэта наша сучаснасьць і наша будучыня», — заявілі тры амбасадары.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG