Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пагадненьне аб спыненьні агню ва Ўкраіне: Мюнхэн ці Хасаўюрт?


Пятро Парашэнка на саміце NATO
Пятро Парашэнка на саміце NATO

Хто выйграў, а хто прайграў ад пагадненьня аб спыненьні агню ва Ўкраіне? Якім будзе палітычнае рэха гэтага пагадненьня ва Ўкраіне? Ці дапамогуць Украіне вынікі саміту NATO?

Над гэтымі пытаньнямі ў «Праскім акцэнце» разважаюць беларускія палітолягі Арсені Сівіцкі і Андрэй Ягораў і ўкраінскі палітычны аналітык Канстанцін Бандарэнка.

Перамір’е: пераможцы і пераможаныя

Дракахруст: Перамовы ў Менску ў межах кантактнай групы па Ўкраіне (а фактычна — паміж украінскай уладай і сэпаратыстамі, а яшчэ дакладней — паміж Кіевам і Масквой) прывялі да перамір’я ў Данбасе. Але, як кажуць ангельцы, д’ябал хаваецца ў дробязях. Што азначаюць умовы перамір’я, ці можна сказаць, што канфлікт ператвараецца ў замарожаны, што Расея дасягнула ўсіх сваіх мэтаў ва Ўкраіне? Прыгадваецца, што чэрвеньскі мірны плян прэзыдэнта Парашэнкі прадугледжваў раззбраеньне сэпаратыстаў і ўсталяваньне кантролю Ўкраіны над мяжой. Менскае перамір’е гэтага не прадугледжвае.

Канстанцін Бандарэнка
Канстанцін Бандарэнка

Бандарэнка: Так, безумоўна. Канфлікт ператвараецца ў замарожаны. Такіх шмат на постсавецкай прасторы. Павінна прайсьці шмат часу, каб узаемны недавер адышоў у мінулае. Кіеву давядзецца прапанаваць варыянт, які б задавальняў і жыхароў Заходняй і Цэнтральнай Украіны, і тых, хто жыве ў Данецкай і Луганскай абласьцях, і жыхароў Усходу і Поўдня Ўкраіны, і большасьць стратэгічных партнэраў Украіны (паколькі ў канфлікт уцягнутыя і ЗША, і ЭЗ), і Расею. Гэты варыянт, напэўна, павінен прадугледжваць высокую ступень дэцэнтралізацыі. Данецкая і Луганская вобласьці пагаджаюцца на адмысловы статус у рамках Украіны. І дыскусіі ў бліжэйшы час будуць ісьці вакол гэтага статусу.

Андрэй Ягораў
Андрэй Ягораў

Ягораў: Я ня думаю, што Расея дасягнула ва Ўкраіне ўсіх сваіх мэтаў і канфлікт стаў замарожаным. Зараз мы пакуль маем прыпыненьне агню, і колькі яно працягнецца — невядома. Пакуль ніводзін з бакоў не пайшоў на значныя саступкі іншаму боку. Уваход расейскіх войскаў зьмяніў усю сытуацыю. Ваенная машына Ўкраіны ня можа зараз супрацьстаяць масіраванаму ўварваньню расейскіх войскаў, патрэбная нейкая перагрупоўка войскаў і падтрымка Захаду. І гэтае часовае перамір’е патрэбнае Кіеву з тактычных меркаваньняў.

А тэрарыстам і Расеі перамір’е патрэбнае, каб дамагчыся рашэньня аб адмысловым статусе ЛНР і ДНР, каб мець магчымасьць кантраляваць паводзіны Кіева. Але я не бачу гатоўнасьці на гэта з боку ўладаў Украіны.

Арсені Сівіцкі
Арсені Сівіцкі

Сівіцкі: Тыя ўмовы перамір’я, якія былі падпісаныя ў Менску, вельмі падобныя на ўмовы, якія былі прапанаваныя «групай Боіста», якая складалася з амэрыканскіх і расейскіх экспэртаў, якія некалькі месяцаў таму сустрэліся ў Фінляндыі. Яны выпрацавалі плян урэгуляваньня канфлікту з 24 пунктаў. Тыя 7 пунктаў, якія расейскі прэзыдэнт Пуцін нібыта «накідаў на каленцы», а потым агучыў прэзыдэнт Парашэнка — гэтая якраз пункты, якія фігуравалі ў пляне «групы Боіста». Так, перамір’ем Расея дасягнула сваіх мэтаў, але ня дзеяньнямі па дэстабілізацыі Ўкраіны і стварэньнем «народных рэспублік», а праз кансэнсус зь вялікімі дзяржавамі. У складзе «групы Боіста» былі ня толькі незалежныя экспэрты, але і былы шэф расейскай службы зьнешняй разьведкі і двое адстаўных кіраўнікоў дэпартамэнту Расеі і Эўразіі Нацыянальнай разьведнай рады ЗША.

Дракахруст: Арсені, а гэты плян не нагадвае вам мюнхенскі? У 1938 годзе вялікія дзяржавы таксама прыйшлі да паразуменьня.

Сівіцкі: Так, нагадвае. Зараз пра гэта шмат пішуць: што вялікія дзяржавы дамовіліся, але забыліся спытаць Украіну. Цікава адзначыць, што ў складзе «групы Боіста» не было ніводнага ўкраінскага экспэрта. Некаторыя параўноўваюць цяперашняе перамір’е з пактам Молатава-Рыбэнтропа.

Расея дасягнула ня толькі тактычных мэтаў, яна прадухіліла ўступленьне Ўкраіны ў NATO і дамаглася замарожваньня імплімэнтацыі пагадненьня аб асацыяцыі Ўкраіны з Эўразьвязам.

«Парашэнка пайшоў на ўкраінскі Хасаўюрт»

Дракахруст: Многія ва Ўкраіне могуць расцаніць перамір’е як здраду ці капітуляцыю. Прэм’ер Яцанюк, здаецца, і не хавае, што яго падыход істотна больш жорсткі, чым прэзыдэнта Парашэнкі. Ці не спародзіць перамір’е востры ўнутрыпалітычны крызіс ва Ўкраіне, а, можа, і новы Майдан?

Бандарэнка: Ва Ўкраіне існуюць дзьве палітычныя плыні: «партыя вайны» і «партыя міру». «Партыя вайны» лічыць, што трэба весьці вайну да тае пары, пакуль ня будзе разьбіты супраціў на Ўсходзе, і што неабходна атрымаць максымальную падтрымку NATO і ЗША, каб перамагчы Расею ў гэтым канфлікце. «Партыя міру», якая прадстаўленая найперш Партыяй рэгіёнаў і Партыяй разьвіцьця Ўкраіны, выступаюць за кампраміс і формулу перамір’я, каб пачаць адраджэньне ўкраінскай эканомікі, якая знаходзіцца на мяжы каляпсу.

Пятро Парашэнка ішоў на выбары пад міратворчымі лёзунгамі, ён казаў, што скончыць АТА за лічаныя тыдні, ён абяцаў устойлівы мір. Але потым ён стаў на пазыцыі «партыі вайны». Зараз, калі ён пагадзіўся на перамір’е, яго абвінавачваюць у згодніцтве і капітуляцыі. Колькасьць яго прыхільнікаў зараз рэзка зьменшыцца, яны адыдуць да Юліі Цімашэнкі, да Алега Ляшко, да іншых радыкальных праектаў.

Мы бачым, што на ўкраінскай палітычнай сцэне зьявілася новая плынь — гэта людзі, якія прайшлі праз АТА, якія ведаюць, што такое вайна. Калі пагаршаецца эканамічная і сацыяльная сытуацыя, калі зьяўляецца вялікая колькасьць расчараваных дэмабілізаваных людзей, узьнікаюць сур’ёзныя негатыўныя тэндэнцыі ў грамадзкім жыцьці, якія назіраліся ў Эўропе пасьля Першай сусьветнай вайны.

Дракахруст: Вы кажаце пра «партыю вайны» і «партыю міру». А ці не аказваецца «партыя міру» закладніцай пуцінскай тактыкі «салямі»? Ён узяў Крым — «партыя міру» гаворыць пра мір. Ён бярэ Данбас — «партыя міру» працягвае быць супраць узброенага супраціву. Ён возьме Днепрапятроўск, Харкаў ці нават Кіеў — «партыя міру» будзе працягваць заклікаць да міру? Так ня можа быць.

Цяперашняе перамір’е — гэта перадышка, час сфармаваць абароназдольную армію, якая на працягу 23 гадоў развальвалася

Бандарэнка: Ва Ўкраіне надзвычай складаная сытуацыя. Няма грошай. Няма арміі. Няма чым абараняцца. Ёсьць сур’ёзны патрыятычны ўздым, але няма забесьпячэньня рэсурсамі гэтых ідэалістычных, высакародных памкненьняў грамадзкасьці. Таму цяперашняе перамір’е — гэта перадышка, час сфармаваць абароназдольную армію, якая на працягу 23 гадоў развальвалася, час сфармаваць эканамічныя і дыпляматычныя перадумовы, каб узяць рэванш. Неабавязкова на полі бою, найперш размова ідзе пра дыпляматычны рэванш за тыя паразы, якія панесла Ўкраіна.

У нас часта прыгадваюць у гэтай сувязі вопыт Расеі, якая ў 1996 годзе атрымала Хасаўюрт — па сутнасьці паразу ў вайне з Чачней. А ў 2000 годзе Хасаўюрт абярнуўся перамогай. Пагадненьнем у Менску Парашэнка пайшоў на ўкраінскі Хасаўюрт.

NATO і Украіна

Дракахруст: Як вы ацэньваеце вынікі саміту NATO, які адбыўся на гэтым тыдні? Яго асноўныя вынікі: стварэньне корпусу хуткага рэагаваньня, усталяваньне ваенных базаў у Эстоніі, Польшчы і Румыніі, дазвол на пастаўкі зброі Ўкраіне індывідуальнымі чальцамі альянсу. Наколькі гэтыя рашэньні падаюцца вам адэкватнымі сытуацыі ва Ўкраіне?

Сівіцкі: З самага пачатку ўкраінскага крызісу рэакцыя NATO на яго была стрыманая. Украіна не ўваходзіць у альянс і ня мае нават статусу краіны-партнэра NATO. Я пэўны час таму ўдзельнічаў у сымуляцыйных гульнях, мэтай якіх было прадказаць магчымую рэакцыю на анэксію Крыму і на далейшае ўварваньне расейскіх войскаў на тэрыторыю Ўкраіны. Тыя меры ў адказ з боку NATO, якія мы тады спрагназавалі, і робяцца альянсам зараз: гэта павялічэньне колькасьці войскаў у краінах Балтыі і ў Цэнтральнай Эўропе, павялічэньне колькасьці і маштабаў вучэньняў, ваенна-тэхнічная і кансультацыйная дапамога Ўкраіне.

Я ня думаю, што крокі NATO істотна паўплываюць на разьвіцьцё ваенна-палітычных падзеяў ва Ўкраіне

Я ня думаю, што крокі NATO маглі істотна паўплываць ці паўплываюць на разьвіцьцё ваенна-палітычных падзеяў ва Ўкраіне.

Дракахруст: Андрэй, Захад ня меў адмысловых ваенных абавязкаў ні перад Карэяй у 1950 годзе, ні перад Кувэйтам у 1990 годзе, што не перашкодзіла ўступіць у вайну за гэтыя краіны. А за Ўкраіну ў 2014 годзе нешта перашкодзіла. Ці лічыце вы выпадковым тое, што прэзыдэнт Парашэнка абвясьціў аб канчатковай згодзе на спыненьне агню менавіта на саміце NATO?

Ягораў: Зразумела, не. Парашэнка абвяшчаў пра мірную дамоўленасьць на саміце NATO, каб тактычна перагуляць Расею. Ён пагадзіўся на перамір’е, на чым настойвалі і лідэры NATO, але скарыстаўся магчымасьцю, каб высьветліць, чым NATO можа дапамагчы Ўкраіне потым, пасьля перамір’я, якое відавочна не вырашае сытуацыю. Гэта ня здача пазыцыяў, ня тое, што ён пагадзіўся на ўмовы Расеі.

Пасьля саміту Ўкраіна стала нашмат бліжэй да альянсу. Рашэньні, прынятыя на саміце, даюць Украіне нашмат больш магчымасьцяў атрымліваць ваенна-тэхнічную і кансультацыйную дапамогу.

Арсені кажа, што нібыта ёсьць змова вялікіх дзяржаваў ня даць Украіне зблізіцца з NATO і пайсьці па шляху асацыяцыі з ЭЗ, але мы бачым, што менавіта вайна, разьвязаная Расеяй, наблізіла Ўкраіну да NATO.

У геапалітычным сэнсе я ня бачу выйгрышу Расеі. NATO ўзмацнілася, рэфармавалася, наблізілася да мяжы з Расеяй. Я мяркую, што дамова Ўкраіны аб асацыяцыі з ЭЗ будзе ратыфікаваная. Аднак яе немагчыма будзе рэалізаваць без таго, каб завяршыць вайну.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG