Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Крыж, Пагоня ці Калюмны — які сымбаль яднае беларусаў? (галасаванка)


Цягам паўмесяца арганізатары акцыі «Сымбаль, які яднае краіну» зьбіралі меркаваньні, што можна лічыць галоўным нацыянальным сымбалем.

17 жніўня «Асамблея НДА» ў межах кампаніі «Зробім лепш» пры інфармацыйнай падтрымцы Радыё Свабода зьвярнулася да грамадзкасьці з пытаньнем «Які сымбаль аб’яднае беларусаў?».

Інтэрнэт падхапіў дыскусію, падчас якой былі вызначаныя чатыры сымбалі, гэта:

Калюмны — адзін зь дзяржаўных сымбаляў Вялікага княства Літоўскага: у чырвоным полі тры слупы, злучаныя ўнізе. Пачатак выкарыстаньня сымбалю ў якасьці дзяржаўнага зьвязаны з пэрыядам княжаньня Гедыміна.

Шасьціканцовы крыж — сымбаль яднае беларускія канфэсіі, каталікоў і праваслаўных, вядомы ў варыяцыях крыжа Ягелёнаў і крыжа Эўфрасіньні Полацкай. Паводле легенды, Беларусь стане незалежнай шчасьлівай дзяржавай, калі да нас вернецца Эўфрасіньнеўскі крыж.

Пагоня — герб Вялікага княства Літоўскага, які атрымаў статус дзяржаўнага ў час княжаньня Вітаўта. Традыцыйны нацыянальны герб беларусаў. Дзяржаўны герб Беларускай Народнай Рэспублікі (1918—1919) і Рэспублікі Беларусь (1991—1995).

Васьміканцовая зорка — зоркападобны цэнтральна-сымэтрычны знак, элемэнт геамэтрычнага арнамэнту. У беларускай арнамэнталістыцы такая зорка вышывалася, пераважна чырвонымі ніткамі, на ручніках, абрусах, мужчынскай і жаночай вопратцы ў Цэнтральнай Беларусі, Панямоньні і інш.; часта выкарыстоўвалася ў ткацтве, вырабе рэчаў з саломкі, упрыгожаньнях яек-маляванак.

Галасуйце тут

8 верасьня, у дзень 500-годзьдзя Бітвы пад Воршай, будзе абвешчаны галоўны сымбаль, які яднае беларусаў.

З абраным сымбалем будуць вырабленыя харугвы (палотнішчы), якія можна будзе атрымаць у незалежных грамадзкіх цэнтрах беларускіх гарадоў ці бясплатна замовіць поштай праз сайт symbal.by.

Харугву з сымбалем кожны зможа разьмясьціць у любым месцы: дома, на бальконе, у кватэры, узяць на фэстываль ці іншую імпрэзу або сфатаграфавацца зь ім у знакавым месцы ды разьмясьціць фотаздымак на сайце акцыі symbal.by, у сацыяльных сетках, на пэрсанальных сайтах ці ў блогах з хэштэгам #symbalby.

Дык які сымбаль яднае беларусаў? Галасуй!

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG