Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Краіны Балтыі чакаюць ад Абамы жорсткіх рашэньняў


Урмас Паэт і Барак Абама
Урмас Паэт і Барак Абама

Прэзыдэнт ЗША прыбыў ў Эстонію, дзе сёньня абмяркуе зь лідэрамі Балтыйскіх краінаў пытаньні бясьпекі ва ўмовах расейскай агрэсіі ва Ўкраіне.

Многія аглядальнікі абвінавачваюць краіны Захаду ў недастаткова сур’ёзным падыходзе да вырашэньня канфлікту з Расеяй.

Прыбыцьцё амэрыканскіх вайскоўцаў у Эстонію, Літву і Латвію ўвесну гэтага году мела на мэце прадэманстраваць амэрыканскую падтрымку гэтым краінам Балтыі перад расейскай агрэсіяй. Каб пацьвердзіць гэтыя гарантыі бясьпекі, Прэзыдэнт Барак Абама асабіста рушыў да свайго партнэру па НАТО — Эстоніі.

«Сярод маіх задач у Эстоніі, — падкрэсьліў Абама напярэдадні,— даць эстонцам зразумець, што мы сур’ёзна настроеныя выконваць нашы абавязацельствы», — цытуе прэзыдэнта ЗША «Голас Амэрыкі».

Эстонія не на жарт занепакоеная расейскім уварваньнем ва Ўкраіну, бо там, як і ва Ўкраіне, пражывае вялікая колькасьць расейскамоўнага насельніцтва, якое Пуцін можа прыйсьці «абараняць».

Напярэдадні прэм’ер-міністар Эстоніі Тааві Рыйвас заявіў, што не спадзяецца на сталую дысьлякацыю тысячаў амэрыканскіх жаўнераў, аднак патрабуе выразных гарантыяў бясьпекі.

«Я думаю, што Прэзыдэнт Абама дашле магутны сыгнал, што НАТО і ЗША ставяцца сур’ёзна да пытаньня бясьпекі нашага рэгіёну. І я думаю, гэта вельмі важная і своечасовая заява», — адзначыў кіраўнік эстонскага ўраду.

На сустрэчу з Прэзыдэнтам ЗША ў Талін прыбудуць таксама прэзыдэнты Латвіі і Літвы. Прыярытэтнае пытаньне на гэтых сустрэчах — гарантыі бясьпекі, кажа Гэзэр Конлі, віцэ-прэзыдэнт праграмаў Эўропы, Эўразіі і Арктыкі Цэнтра стратэгічных міжнародных дасьледаваньняў у Вашынгтоне.

«У краінаў Балтыі заўсёды быў вялікі страх, што ў выпадку якога наступу НАТО не падставіць ім сваё плячо. Я думаю, цяпер гэта павінна быць зразумела, што мы аказваем падтрымку ня толькі словамі і нашай салідарнасьцю, але на самой справе адпраўляем амэрыканскіх жаўнераў і абсталяваньне ў балтыйскія краіны».

Уварваньне Расеі ва Ўкраіну адкрыла ў жыхароў балтыйскіх краінаў старыя раны. Многія зь іх яшчэ памятаюць 40-я гады, калі Савецкі Саюз гвалтам анэксаваў гэтыя тры маленькія краіны. Сёньня тут ня хочуць зноў бачыць танкі на сваіх вуліцах.

«Асабліва пасьля сытуацыі ва Ўкраіне, многія напалоханыя, што гэта зноў можа здарыцца тут, што аднойчы расейская меншасьць падымецца і скажа, што яны хочуць далучыцца да Расеі ці адлучыць ад Эстоніі паўночна-ўсходнія рэгіёны і аддаць іх Расеі», — распавядае Кэтлін Кірна, лектар Талінскага ўнівэрсытэта міжнародных адносінаў.

Расея цяпер правярае на пільнасьць сваіх прыбалтыйскіх суседзяў. На мінулым тыдні самалёты НАТО некалькі разоў уздымаліся, каб перахапіць расейскія бамбавікі і зьнішчальнікі ў паветранай прасторы краінаў НАТО. Акрамя таго, вайскоўцы Латвіі зафіксавалі вялікую колькасьць падводных лодак недалёка ад сваіх тэрытарыяльных водаў.

Але чаго больш асьцерагаюцца Эстонія, Літва і Латвія — што НАТО, ЗША і Эўропа не сур’ёзна ўспрымаюць пагрозу, якую ўяўляе расейскі прэзыдэнт Пуцін. Шараговыя жыхары Таліна чакаюць ад візыту Прэзыдэнта ЗША дэманстрацыі сур’ёзнага падыходу да вырашэньня праблемы.

«Мае чаканьні датычацца ўкраінскага крызісу. Каб хтосьці нарэшце сказаў штосьці пэўнае, не выкручваўся, ня быў палітычна карэктным. Я спадзяюся на сур’ёзны падыход да гэтага пытаньня», — дзеліцца сваімі чаканьнямі мінак Расмус Кар’я.

Прыкладна такога ж пункту гледжаньня прытрымліваецца іншая жыхарка эстонскай сталіцы Маргіт Савіцкі:

«Мяне турбуе цяперашняя сытуацыя. Спадзяюся, гэты візыт прынясе правільныя рашэньні, і іх рэальнае выкананьне, каб мы не былі ў бядзе ў будучыні».

«Я сумняюся, што тут будуць агучаныя вялікія заявы, але думаю, што сам гэты візыт зьяўляецца палітычнай заявай, арыентаванаю, хутчэй за ўсё, на Расею», — не выказвае вялікага аптымізму Андрэс Мэлеск.

«Больш, яшчэ больш жорстка. Мне не падабаецца, як Расея паводзіць сябе з Украінай. Вядома, я хачу пачуць жорсткую пазыцыю. Многія людзі на гэта спадзяюцца», — настойвае Іў Пулер.

Пасьля Эстоніі Прэзыдэнт ЗША накіруецца ў Уэльс на саміт НАТО, які адбудзецца 4-5 верасьня. Як чакаецца, там лідэры краінаў Балтыі настойваць на гарантыях бясьпекі, узмацненьні патруляваньня сіламі НАТО, як раней абяцалі ў Альянсе, і чаго чакаюць грамадзяне Балтыйскіх краінаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG