Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Справы аб зьнікненьні Захаранкі, Ганчара і Красоўскага праз два тыдні закрыюць


Тэрмін расьсьледаваньня крымінальнай справы аб зьнікненьні былога міністра ўнутраных спраў Юрыя Захаранкі сканчаецца 24 верасьня, а 16 верасьня спаўняецца 15 гадоў з дня зьнікненьня палітыка Віктара Ганчара і бізнэсоўца Анатоля Красоўскага.

Такім чынам, у верасьні з інтэрвалам у тыдзень абедзьве справы аб зьнікненьні вядомых палітыкаў могуць проста закрыць з фармулёўкай «у сувязі з заканчэньнем тэрміну даўнасьці».

Кіраўніца «Беларускага дакумэнтацыйнага цэнтру» Раіса Міхайлоўская не выключае, што так і будзе:

Раіса Міхайлоўская
Раіса Міхайлоўская

«І мы мяркуем, што гэта будзе „час ікс“. Са сканчэньнем гэтага 15-гадовага тэрміну яны могуць гэтыя справы закрыць. І пацярпелыя могуць азнаёміцца ў такім выпадку з усімі матэрыяламі расьсьледаваньня. Але тут трэба ведаць здольнасьці нашых уладаў, што некаторыя матэрыялы могуць засакрэціць, могуць не паказаць родным і іхнім прадстаўнікам. Але ў любым выпадку гэта магчымасьць азнаёміцца з матэрыяламі спраў».

Карэспандэнт: «Ці меў нехта магчымасьць дагэтуль азнаёміцца з матэрыяламі справы?»

«Не дапускаюць, дагэтуль ніхто не знаёміўся. Толькі раней была прызнаная пацярпелай па справе Захаранкі яго жонка Вольга, якая жыве ў Нямеччыне. Таму азнаёміцца з матэрыяламі справы можна будзе ў тым выпадку, калі прымуць рашэньне пра закрыцьцё справы з-за сканчэньня тэрміну даўнасьці. Справу Захаранкі раней працягнулі да 24 верасьня».

Згодна з Крымінальна-працэсуальным кодэксам пацярпелыя маюць даволі шырокія правы — заяўляць хадайніцтвы, скаргі, знаёміцца з матэрыяламі справы, абскарджваць рашэньні працэсуальнага органа, заяўляць адводы і гэтак далей, кажа кіраўнік праваабарончага аб’яднаньня «Прававая дапамога насельніцтву» Алег Воўчак:

Алег Воўчак
Алег Воўчак

«Калі першы год сьледчыя яшчэ нешта запытвалі ў родных, сваякоў, то, напэўна, ужо гадоў 14 ніхто не выклікаў ні сваякоў, ні адвакатаў, ні прадстаўнікоў. Хоць справы быццам бы трымаюцца на кантролі, але ніхто не напружваецца».

Цяпер хоць ёсьць надзея, што пацярпелыя па справе змогуць азнаёміцца з матэрыяламі расьсьледаваньняў. Але, да прыкладу, некаторыя родныя зьніклых знаходзяцца па-за межамі Беларусі — гэта жонка Анатоля Красоўскага Ірына і дачка Валерыя, жонка Юрыя Захаранкі Вольга і дачка Алена, — і яны ня змогуць азнаёміцца са справамі. Таму маці Захаранкі Ўльяна Рыгораўна даўно зьвярнулася з заявай, каб і яе прызналі пацярпелай па справе сына, тлумачыць прадстаўнік сям’і Захаранкаў праваабаронца Алег Воўчак:

«Чаму мы настойвалі — таму што жонка Вольга і дачка Алена ў Нямеччыне, і калі справа будзе закрыта 24 верасьня, яны, натуральна, сюды не прыедуць, таму што яны атрымалі статус палітуцекачоў. Дзякуй Богу, маці Ўльяна Рыгораўна жывая, і яна можа атрымаць статус яшчэ адной пацярпелай па справе. Спачатку нам адмовілі, сказалі, што дзьвюх дастаткова, хоць у любой справе можна і 10, і 20 мець пацярпелых — абмежаваньняў няма. Гэта права родных і сваякоў».

Пасьля некалькіх скаргаў Ульяны Захаранкі прыйшоў адказ са Сьледчага Камітэту: 14 ліпеня яе ўрэшце прызналі пацярпелай. А нядаўна стала вядома, што сьледчы Вараўка ў суправаджэньні некалькіх чалавек прыехаў да 90-гадовай жанчыны, не прадставіўся, напалохаў і даў падпісаць нейкую паперку. Якую, і ці толькі адну, — дагэтуль пытаньне, ня кажучы ўжо пра маральны аспэкт, калі сьледчы ня даў сабе клопату патлумачыць жанчыне сталага веку, што яна падпісвае і навошта прыехалі сьледчыя, заўважае праваабаронца Алег Воўчак:

«Вараўка ды іншыя сьледчыя — усе ўсё добра ведаюць, шлюць паведамленьні пра падаўжэньне тэрмінаў, каб я перадаў сваякам. Маглі б чыста па-чалавечы патэлефанаваць, сказаць, што „мы пад’едзем, каб бабуля ня ехала, можаце і вы прысутнічаць“. Але ў мяне ёсьць іншае пытаньне: а калі яны іншыя паперкі далі бабулі падпісаць? Мы ж ня ведаем. А што, калі яны далі паперку такога пляну: маўляў, „я з матэрыяламі справы азнаёмілася, прэтэнзій ня маю“, і ўсё астатняе?»

І ўсё ж такі, ці ёсьць надзея, што справы зьнікненьняў Захаранкі, Ганчара і Красоўскага будуць расьсьледаваныя да канца? Калі б іх перакваліфікавалі на іншы артыкул, які ня мае тэрміну даўнасьці, ці магло б нешта зьмяніцца? Вольга Захаранка і Ірына Красоўская, якія жывуць за межамі Беларусі, напісалі заявы з просьбай аб’яднаць справы аб зьнікненьні іхніх мужоў і перакваліфікаваць іх са 101 артыкула Крымінальнага кодэксу, які дзейнічаў да 2000 году, на артыкул 128 — «злачынствы супраць бясьпекі чалавецтва». Але на гэта павінна быць палітычная воля, перакананая кіраўніца «Беларускага дакумэнтацыйнага цэнтру» Раіса Міхайлоўская:

«Сьледчы Юры Вараўка адказаў адмовай. Мы разумеем, што юрыдычна такое магчымае толькі пры палітычнай волі, скажам так. Але, зь іншага боку, яны могуць і не закрываць гэтыя справы да поўнага расьсьледаваньня, да знаходжаньня вінаватых, да знаходжаньня целаў — то бок да нейкай лягічнай кропкі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG