Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шаманства і космас Байкалу


Байкальскія пэйзажы
Байкальскія пэйзажы

Карэспандэнт Свабоды наведаў Усходнюю Сыбір, дзе сярод іншага сустрэўся зь мясцовымі беларусамі — рэпартажы адтуль публікаваліся на нашым сайце. Але журналіст ня мог абмінуць пэрліну гэтага краю — возера Байкал.

Гармонія зямлі і вады
Гармонія зямлі і вады

Сярод незьлічонай колькасьці нерукатворных цудаў прыроды сваё адметнае месца займае возера Байкал — найбольш значны рэзэрвуар прэснай вады, натуральны запаведнік непаўторнага расьліннага і жывёльнага сьвету, месца з унікальным ляндшафтам. Байкал і горныя вяршыні навокал яго спрадвек былі сьвятынямі для абарыгенаў, і толькі з усталяваньнем тут расейскіх (а потым — савецкіх) парадкаў пачалася кіпучая дзейнасьць, каб зацягнуць яго ў прамысловы абарот.

Амаль як у кіно
Амаль як у кіно

Скалы, сосны і «слаўнае мора»
Скалы, сосны і «слаўнае мора»

Зьбіраючыся на Байкал, ня цешце сябе дарэмнай думкай, што немалыя грошы, патрачаныя на авіяпералёт, кампэнсуюцца купаньнем у празрыстай вадзе ды сонечнымі ваннамі на мясцовых пляжах. Байкал нельга зразумець спажывецкім поглядам лянівага турыста, які прывык перамяшчаць сваё цела хіба што ад басэйну да барнай стойкі. Байкал — месца для неабыякавых назіральнікаў, якія, як і многія пакаленьні тутэйшых шаманаў, успрымаюць яго як жывую істоту, як энэргетычны згустак касьмічнага маштабу. Сюды едуць па эмоцыі і незвычайныя адчуваньні.

Цывілізацыя праціскваецца ўсё глыбей
Цывілізацыя праціскваецца ўсё глыбей

Алег Рудакоў «вітаецца» з Байкалам
Алег Рудакоў «вітаецца» з Байкалам

Сыбірскае Прыбайкальле небеспадстаўна прэтэндуе на тое, каб звацца «беларускім» — толькі ў Іркуцкай вобласьці падчас аграрнай рэформы Пятра Сталыпіна атабарыліся больш за 300 тысяч выхадцаў зь Беларусі. Яшчэ раней сюды высылалі паўстанцаў з атрадаў Кастуся Каліноўскага, а ўжо за савецкім часам тут адбывалі працоўную павіннасьць палітычныя вязьні, будаўнікі БАМу, гідраэлектрастанцыяў ды іншых прамысловых гігантаў. Але толькі ў сярэдзіне 1990-х дзякуючы намаганьням былога вайскоўца Алега Рудакова, «сьпісанага ў тыраж» з прычыны стану здароўя, удалося сабраць разьяднаных беларусаў у акрэсьленую этнічную групу.

Сьляды савецкай індустрыялізацыі
Сьляды савецкай індустрыялізацыі

Жывыя экспанаты музэю
Жывыя экспанаты музэю

Омуль ва ўсіх кулінарных праявах
Омуль ва ўсіх кулінарных праявах

Захаваньню першароднага аблічча Байкала спрыяе яго недаступнасьць. Дабрацца да бальшыні куткоў можна па вадзе ці паветры — Байкал надзейна схаваны ад людзей скаламі ды таёжным гушчаром. Дарогі падведзеныя толькі да некаторых прыбярэжных паселішчаў, якія сваім выглядам яскрава дэманструюць, што стала б з возерам, каб нішто не замінала расьсяляцца па ягоным пэрымэтры. Самы асвоены — пасёлак Ліствянка за 70 кілямэтраў ад Іркуцку, тут у сэзон народу таўчэцца, як на ўсходнім базары. Адрасы паломніцтва — музэй Байкалу ды нерпарый з дрэсіраванымі нерпамі. Амаль у кожным двары стаіць вяндлярня, дзе рознымі спосабамі вэндзяць омуля — галоўны кулінарны сымбаль. На рыбным рынку прадаецца ці ня ўвесь харчовы асартымэнт падводнага сьвету возера.

Від з «Каменя Чэрскага»
Від з «Каменя Чэрскага»

Польская памяць пра нараджэнца Віцебшчыны
Польская памяць пра нараджэнца Віцебшчыны

Прыбярэжная паласа, дасканала вывучаная Чэрскім
Прыбярэжная паласа, дасканала вывучаная Чэрскім

«Камень Чэрскага» — вяршыня, названая ў гонар знакамітага дасьледчыка, за этнічную прыналежнасьць якога спрачаюцца палякі, расейцы, беларусы. З глыбы адкрываецца выдатны від на выток Ангары і вяршыні хрыбта Хамар-Дабан на супрацьлеглым баку возера. Нараджэнец Віцебшчыны Ян Чэрскі ў ліку ўдзельнікаў антырасейскага паўстаньня 1863 году быў арыштаваны і сасланы ў Сыбір, дзе пасьля частковай рэабілітацыі аддаў сябе вывучэньню Байкала і яго навакольля. У чарговай экспэдыцыі цяжка захварэў, пахавалі яго на Калыме. На будынку музэю Байкала палякі ўсталявалі знак у памяць пра «славутага земляка», расейцы перахрысьцілі яго ў «Ивана Дементьевича». Ян Дамінікавіч Чэрскі несправядліва забыты ў Беларусі, затое ўвекавечаны ў назвах горных сыстэмаў, пікаў, перавалаў, далінаў, вульканаў і вуліц гарадоў. Імя Чэрскага носіць Іркуцкае таварыства беларускай культуры.

Байкал велічны ў любы час
Байкал велічны ў любы час

Пад канец лета камні зелянеюць
Пад канец лета камні зелянеюць

Байкал велічны ў любую пару, але паспрабаваць ацаніць ягоную прыгажосьць лепш у кароткі сэзон суднаходзтва. За выключэньнем вусьця Ангары, зімой Байкал цалкам замярзае і ў некаторых месцах канчаткова вызваляецца ад празрыстага лядовага панцыру, таўшчыня якога перавышае мэтар, толькі летам. Рэгулярная пасажырская навігацыя пачынаецца, як правіла, пры канцы траўня. Гэта яшчэ ня позна, каб на ўласныя вочы пераканацца ў тым, што байкальская бездань — ня міт, бо абсалютна рэальна ўбачыць дно на глыбіні 40 і нават 50 мэтраў. У наступныя летнія месяцы, уключна з восеньскімі, «прабіць» ваду позіркам можна ня больш чым на дзясятак мэтраў.

Акунуцца ў Байкал — сьвятая справа
Акунуцца ў Байкал — сьвятая справа

Асалода ад прыроды
Асалода ад прыроды

Паняцьце лета для Байкала збольшага ўмоўнае. Вада ў возеры пастаянна халодная, і нават у анамальна гарачыя дні не падымаецца вышэй за 10 градусаў. Гэта толькі ўдвая цяплей, чым заўсёдная тэмпэратура на глыбіні — круглы год яна складае 4 градусы. Але было б недаравальна, пабываўшы на Байкале, прынамсі ў яго не акунуцца. Зрэшты, ёсьць адно месца, дзе турысты могуць пачуваць сябе прыблізна як на Балтыцы — так званае Малое мора, мелкаводзьдзе паміж берагавой лініяй і самым вялікім байкальскім востравам Альхон. Тут у ліпені і на пачатку жніўня вада праграваецца да 20–22 градусаў. Малое мора прыцягвае тысячы аматараў пагрэцца і пакупацца, у зьвязку з чым сакральны для тубыльцаў кавалак зямлі (Альхон — «сталіца» шаманістаў) імкліва забудоўваецца базамі адпачынку і апартамэнтамі.

У бухце Пясчанай
У бухце Пясчанай

Адна зь вежаў бухты
Адна зь вежаў бухты

Выгляд з “Баргузіна”
Выгляд з “Баргузіна”

Хоць цывілізацыя і наносіць шкоду «слаўнаму мору», але дае магчымасьць даткнуцца да гэтага прыроднага цуду. Найлепшы спосаб адчуць гармонію вады і сушы — прайсьці чатырохгадзінную дыстанцыю ад Іркуцку да адной з самых жывапісных байкальскіх бухтаў пад назвай Пясчаная. Рэйсавы цеплаход сямейства «Баргузін», пераабсталяваны пад пасажыраперавозкі з грузавой баржы, мае адкрытую палубу, зь якой, нягледзячы на халодны вецер, пырскі і задымленасьць, нікуды ня хочацца сыходзіць. Месца наверсе няшмат, але звыклыя да пэйзажаў расейцы ўсю дарогу шумна сьвяткуюць у труме. Увесь шлях суправаджаецца проста ашаламляльным відовішчам — парослыя зяленівам і голыя скалы Прыморскага хрыбта на працягу дзясяткаў кілямэтраў «звальваюцца» ў бяздонныя воды Байкала.

«Хадульныя» сосны
«Хадульныя» сосны

Чалавек і дрэва: адчуйце розьніцу
Чалавек і дрэва: адчуйце розьніцу

Бухта Пясчаная абвешчана помнікам прыроды як асобны ўчастак возера. Першае адчуваньне, што тут не абышлося без умяшаньня вопытнага дызайнэра — спакой месца ахоўваюць дзьве пірамідальныя скалы-вежы, нібыта адлюстраваньні адна адной. Паміж імі правільным паўкругам раскінуўся пясчаны пляж, у сэзон шчыльна акупаваны народам. Гэтая бухта — адзінае месца на ўзьбярэжжы Байкала, дзе можна пабачыць так званыя «хадульныя» дрэвы. Дзесяцігодзьдзямі вецер і вада выдзімалі і вымывалі з-пад магутных лістоўніц і сосен пясок, і цяпер цэлая калёнія дрэваў стаіць проста на каранях-«хадулях» — дзе-нідзе такія «пралёты» перавышаюць чалавечы рост.

Шаман-камень: вяршыня «айсбэргу»
Шаман-камень: вяршыня «айсбэргу»

Бакланаў камень, бухта Пясчаная
Бакланаў камень, бухта Пясчаная

Над водамі Байкала ўзвышаюцца невысокія скалы — насамрэч гэта вяршыні падводных гор. Самы знакаміты — Шаман-камень, чыё паходжаньне мясцовыя суправаджаюць прыгожай бурацкай легендай. Бацька-Байкал хацеў выдаць дачку-Ангару за багатага Іркута, але тая ўсё намагалася ўцячы да прыгажуна Енісея. Раззлаваны Байкал запусьціў усьлед непаслухмянай Ангары вялізнай скалой, якая навечна прыкавала яе да бацькоўскага кута. Вяршыню, якая ўзвышаецца на нябачным сутыку Байкала і Ангары, яшчэ ў даўнія часы назвалі Шаман-каменем. На ёй прыносіліся ахвяры вялікаму возеру, сюды прывозілі на «перавыхаваньне» падазраваных у злачынстве і няверных жонак — калі тыя перажывалі сьцюдзёную ноч, праклён здымаўся. Падобны знакавы камень — «Бакланаў» — месьціцца блізу бухты Пясчанай.

Ангара такая ж велічная, як і яе “бацька”
Ангара такая ж велічная, як і яе “бацька”

Выгляд на Ангару з “Баргузіна”
Выгляд на Ангару з “Баргузіна”

У Байкал упадае больш за тры сотні вялікіх і малых рэчак, Ангара — адзіная, якая зь яго выцякае. Такая дыспрапорцыя ня стала выратавальнай для Ангары, на якой узьведзеныя Іркуцкая, Брацкая і Усьць-Ілімская гідраэлектрастанцыі. Пры будоўлі затапілі вялізныя тэрыторыі, сотні вёсак з пагостамі канулі пад ваду. Індустрыялізацыя савецкіх часоў узяла ў абарот і ўласна Байкал. На пачатку 1960-х у Сьлюдзянскім раёне пачалося ўзьвядзеньне Байкальскага цэлюлёзна-папяровага камбінату, які стаў найбуйнейшай прычынай забруджваньня возера. Нягледзячы на пратэсты эколягаў і грамадзкасьці, камбінат спыніў працу толькі ў апошнія дні 2013-га. Яшчэ некалькі гадоў запатрабуецца, каб закансэрваваць яго ды ліквідаваць адкіды.

Возера Байкал
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:03 0:00

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG