Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экспэрт: Само ўкраінскае грамадзтва хоча мець новы парлямэнт


Датэрміновыя выбары ў Вярхоўную Раду маюць адбыцца 26 кастрычніка. Указ пра датэрміновае спыненьне паўнамоцтваў цяперашняй Рады быў падпісаны Пятром Парашэнкам учора, а сёньня пасьля афіцыйнай публікацыі ён уступіў у сілу.

Як пройдуць украінскія выбары, калі краіна практычна ў стане вайны з Расеяй — меркаваньні ўкраінскіх экспэртаў.

Рашэньне пра роспуск Рады было прынятае ў адпаведнасьці з 90-м артыкулам Канстытуцыі, паводле якога прэзыдэнт Украіны можа распускаць Раду пасьля распаду парлямэнцкай кааліцыі, калі новая не сфармавалася на працягу 30 дзён.

Парлямэнцкая кааліцыя ў Вярхоўнай Радзе распалася 24 ліпеня, калі фракцыі партыяў «Удар» і «Свабода» заявілі пра выхад з большасьці.

Правядзеньне выбараў ва ўмовах фактычнага ўварваньня расейскіх войскаў на тэрыторыю Ўкраіны выклікае шмат пытаньняў. Аднак украінскія экспэрты перакананыя: цяперашні парлямэнт не адпавядае тым пераменам, якіх чакаюць украінцы.

Аляксандар Чарненка, старшыня праўленьня Камітэту выбарцаў Украіны, кажа: парлямэнт — асноўны тормаз рэформаў.

Аляксандар Чарненка
Аляксандар Чарненка

Аляксандар Чарненка: «Парлямэнт, які цяпер дзейнічае, няздатны да прыняцьця рашэньняў. І шмат у чым гэтая вайна зацягнулася і стала мажлівай таму, што ў гэтым парлямэнце ёсьць прадстаўнікі „пятай калёны“, антыўкраінскія сілы. Ня можа ўся краіна чакаць, таму што на нязначнай тэрыторыі вядуцца ваенныя дзеяньні. Краіна мусіць разьвівацца, мяняцца, а для гэтага неабходны новы парлямэнт. Мэтай Пуціна і ёсьць неправядзеньне гэтых выбараў, дэстабілізацыя. Бо ў парлямэнце ёсьць антыўкраінскія сілы. Чым хутчэй і чым больш дэмакратычна мы правядзем парлямэнцкія выбары, тым хутчэй скончыцца вайна».

Такую ж думку мае і вядучы экспэрт палітыка-прававых праграмаў Цэнтру Разумкова Віктар Замяцін:

«Адна зь ягоных найбуйнейшых фракцыяў — Партыя рэгіёнаў, дзейнасьць якой датычная да ўсіх трагічных падзеяў зь лістапада мінулага году. Лягічна будзе сказаць, што такі парлямэнт ня мае права на існаваньне.

Прайшоў першы дзень афіцыйнай выбарчай кампаніі. Як гэта будзе арганізавана, яшчэ цяжка сказаць. Цяпер ідуць паседжаньні ЦВК. Вядома, што ў Раду будзе абрана 438 дэпутатаў. У 12 акругах, якія знаходзяцца ў Крыме, выбары не адбудуцца».

Арганізаваць выбары будзе хоць і няпроста, але магчыма, а абраны ў выніку іх парлямэнт будзе цалкам легітымны, — працягвае Аляксандар Чарненка.

«Сёньня трэба разумець, што на тэрыторыях, якія ўкраінская ўлада не кантралюе, выбары арганізаваць немагчыма. Гэта ня значыць, што ў Данецкай і Луганскай абласьцях выбары ўвогуле не адбудуцца. Сёньня ў 20 з 32 акругаў абедзьвюх абласьцей магчыма правесьці выбары. Там, дзе выбары ня пройдуць, яны пройдуць, калі тэрыторыі будуць вызваленыя.

Такім чынам, у 12 акругах у Крыме і недзе ў 20 акругах на Данбасе выбары не адбудуцца. Але гэта ня мае ўплыву на легітымнасьць парлямэнту. Парлямэнт Украіны легітымны, калі ў ім ёсьць 300 дэпутатаў. Калі 20–25 дэпутатаў ня будзе, гэта з палітычнага пункту гледжаньня не зусім правільна, але такі парлямэнт легітымны і можа прымаць рашэньні».

«Выбары пройдуць паводле старога выбарчага закону, дзе палова выбіралася па партыйных сьпісах, а палова — па мажарытарнай сыстэме. Вось якраз тыя 12 „крымскіх“ акругаў — мажарытарныя», — дадае Аляксандар Чарненка.

На думку Віктара Замяціна, у склад новага парлямэнту маюць шанец прайсьці палітычныя сілы, якія маюць збольшага супольныя погляды на будучае разьвіцьцё краіны.

Віктар Замяцін: «Відавочна, што прыйдуць у новы склад Вярхоўнай Рады такія палітычныя сілы, як партыя „УДАР“, „Бацькаўшчына“, „Салідарнасьць“ (гэта партыя, заснаваная цяперашнім прэзыдэнтам Парашэнкам. Ён ня мае права быць яе членам, але яна асацыююецца зь ягоным імем). Цалкам магчыма, што ў парлямэнце будзе Радыкальная партыя, лідэр якой — вельмі неадназначны палітык Ляшко. Пад пытаньнем праходжаньне ў новы склад парлямэнту партыі „Свабода“. З тых дадзеных, якія былі ў чэрвені, можна зразумець, што напэўна ня трапяць у ВР партыя „Правы сэктар“ і Партыя рэгіёнаў. Але можа трапіць партыя „Сильна Україна“, лідэр якой — Сяргей Цігіпка».

Аляксандар Чарненка ўпэўнены, што адкрыты наступ расейскіх войскаў можа быць зьвязаны якраз з жаданьнем Крамля не дапусьціць украінскіх выбараў.

Аляксандар Чарненка: «Вядома, сёньня ёсьць ва Ўкраіне дыскусіі наконт увядзеньня ваеннага стану, бо сытуацыя ўсё больш напружаная. Падчас ваеннага стану выбары не праводзяцца. Але мы не выключаем, што ваенны стан будзе ўведзены ў дзьвюх абласьцях, і, магчыма, там выбары і не адбудуцца. Сёньня неправядзеньне выбараў — гэта якраз тое, чаго дамагаецца Пуцін ва Ўкраіне. Магчыма, увядзеньне гэтых войскаў адбылося таму, што ў Расеі зразумелі — выбары ўсё адно адбудуцца. Таму пайшоў чарговы віток эскаляцыі».

Віктар Замяцін нагадвае, што на пачатку чэрвеня больш за 70 адсоткаў насельніцтва выступала за правядзеньне датэрміновых выбараў.

«Гэтага хоча не прэзыдэнт Парашэнка, ня ўрад. Гэтага хоча сам украінскі народ», — запэўнівае экспэрт.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG