Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У нас дзьве бясплатныя мэдыцыны: адна — для чыноўнікаў, другая — для „простага народу“»


Валянцін Жданко
Валянцін Жданко

Збройны канфлікт на паўднёвым усходзе Ўкраіны па-ранейшаму прыцягвае ўвагу многіх актыўных аўтараў Свабоды, якія ў сваіх допісах выказваюць уласнае стаўленьне да гэтай сур’ёзнай праблемы, што ў значнай ступені закранула і Беларусь.

Пачну сёньняшнюю размову з аднаго такога ліста. Наш слухач Ігнат Гавенскі з Полацку, разважаючы пра магчымыя наступствы вайны, піша:

«Як толькі Расея захапіла Крым, некаторыя гарачыя галовы сталі сьцьвярджаць, што вось цяпер пачнецца распад самой Расеі. Шмат у чым гэта было падобна да рытуальных скокаў шамана, які бразгаціць сваім шаманскім бубнам, каб выклікаць дождж. Тут жа ўсё значна больш складана. У сацыяльнай арганізацыі імпэрыі існуе свой жыцьцёвы цыкль, гістарычныя этапы: іх ні на якіх танках не аб’едзеш.

Распад Расеі як імпэрыі пачаўся не ў 1991 годзе і нават не ў 1917-м. Першым стрэлам у яе стала вайна зь Японіяй на пачатку мінулага стагодзьдзя і першая расейская рэвалюцыя 1905 году.

Цяпер колькасьць расейцаў як этнасу імкліва скарачаецца. На іхнае месца прыходзяць кітайцы, каўказцы, сярэднеазіяты... І настане час, калі яны скажуць адкрыта: на якое ліха нам ваша ядзернае нацыянал-камуністычнае праваслаўнае самадзяржаўе? У нас свае парадкі, свой лад жыцьця, свая рэлігія...

Сваёй авантурай Пуцін распаліў нацыяналістычную гістэрыю. Цяпер ён будзе трымаць сытуацыю ў падвешаным стане. Калі Пуцін раптам памрэ альбо будзе скінуты, у Расеі пачнецца крывавая бойка паміж уладнымі кланамі».

Імпэрыі, сапраўды, распадаюцца па-рознаму. Бывае, што ледзь не ў адно імгненьне — як здарылася з Аўстра-Вугоршчынай пасьля Першай сусьветнай вайны. А бывае, што доўга і пакутліва — дзесяцігодзьдзямі і нават стагоддзямі. Расейская імпэрыя, відавочна, якраз такі прыклад. Сем дзесяцігодзьдзяў камуністычнага панаваньня былі, як цяпер выяўляецца, толькі формай аднаўленьня і захаваньня былой імпэрыі, адтэрміноўкай далейшага развалу і распаду.

Мала хто з сур’ёзных аналітыкаў, кажучы пра чарговы такі этап, які пачаўся з анэксіі Крыму, мае на ўвазе, што крах імпэрыі адбудзецца ў адно імгненьне, на нашых вачах. Гэты працэс можа заняць многія і многія гады.

На тэму расейскай палітыкі на постсавецкай прасторы выказваецца і іншы наш даўні слухач і аўтар Алесь Цадко з Маладэчна. Ён піша:

«Пуцін спрабуе ідэнтыфікаваць расейскамоўнае насельніцтва суседніх краін як частку так званага „Рускага сьвету“ і тым самым уцягнуць гэтыя тэрыторыі ў зону свайго ўплыву.

Але ж тое, што частка русыфікаванага народа размаўляе па-расейску, зусім не азначае, што генэтычна, антрапагенна гэтыя людзі сталі расейцамі. Навукоўцы выявілі, што сёньняшнія расейцы — нашчадкі вугра-фінскіх і цюрскіх народаў. Украінцы ў значнай сваёй частцы належаць да іранскай групы, блізкай да асэтынаў — сарматаў і аланаў. Мы ж, беларусы — прамыя спадкаемцы балцкіх плямёнаў. Аб’ядноўваюць усіх нас толькі падобныя мовы, прынесеныя з паўднёвага захаду вельмі нешматлікімі ў параўнаньні з калянізаваным насельніцтвам славянамі, якія на той час былі больш цывілізаванымі.

Нельга ж казаць, што чарнаскуры афрыканец, які размаўляе па-ангельску, генэтычна стаў ангельцам.

Зьвярніце ўвагу на назвы гарадоў, рэк, азёр. У Расеі яны вельмі часта — цюрскага паходжаньня, а ў нас — балцкага.

Адметна, як адрэагаваў на ідэю „Рускага сьвету“ Лукашэнка — вядомы інтэгратар усіх часоў і народаў, які ня раз называў сябе „расейцам са знакам якасьці“. Нават некаторыя расейскія палітыкі заклапочаныя, бо і ён, паглядзеўшы на ўкраінскія падзеі, спрабуе паказаць нацыянальную адметнасьць беларусаў».

Так, спадар Алесь, гістарычныя і геаграфічныя аналёгіі тут празрыстыя. Напрыклад, многія афрыканскія краіны з прычыны свайго каляніяльнага мінулага размаўляюць пераважна па-ангельску, ангельская мова абвешчана там адной зь дзяржаўных (а ў некаторых краінах — і адзінай дзяржаўнай). Але нікому з брытанскіх лідэраў не прыходзіць у галаву, грунтуючыся на гэтым, абвясьціць, напрыклад, Нігерыю, Сьера-Леонэ ці Гану «Гістарычнай Ангельшчынай» альбо часткай «Ангельскага сьвету» і ўвесьці туды войскі для абароны англамоўнага насельніцтва ад тых тубыльцаў, якія размаўляюць на мясцовых мовах.

У адной са жнівеньскіх перадач «Праскі акцэнт» ішла гаворка пра тое, што ў Беларусі лічыцца карупцыяй, а што — не. Свой погляд на гэтую праблему ў нашага даўняга слухача і аўтара Кастуся Сырэля з Вушачаў. У лісьце на Свабоду ён піша:

«Вось скажыце, калі ласка, будаўніцтва новага мэдычнага цэнтру адмыслова для вышэйшых чыноўнікаў за дзяржаўны кошт — гэта карупцыя ці не? Дзе і ў якім законе напісана, што ў нашай краіне павінна быць дзьве бясплатныя мэдыцыны — адна для так званага «простага» народу, а другая — для вышэйшага чынавенства? Ці, можа, у нас ужо і Канстытуцыяў дзьве — адна для «простага» народу, а другая — для чыноўнікаў, толькі мы пра гэта ня ведаем? Калі наш Рыгоравіч любіць народ так, як ён дэкляруе, то ці ня стаць яму разам з «простым» народам у чаргу ў сваю раённую паліклініку, Мясьніковічу — у сваю, Ярмошынай — у сваю? А хочаце вышэйшага ўзроўню мэдычных паслуг, то лезьце ў свой гаманец і плаціце, а ня квапцеся на бясплатную мэдыцыну, маламаёмныя вы нашы — колькі ні маеце, усё вам мала!

Імкненьне праехацца на народным карку капіюецца і на ніжэйшых узроўнях улады, напрыклад, на раённым. Адмысловыя паліклінікі для «слуг народу» тут за недахопам сродкаў не будуюць, а вось базы адпачынку на берагах маляўнічых азёр з лазьнямі, більярдамі і камінамі для «узкого круга ограниченных лиц» — колькі заўгодна. З так званага «простага» народу тут бывае толькі адзін чалавек — вартаўнік на дзяржаўнай зарплаце, ён жа і лазенку па сумяшчальніцтве выцепліць, і парожнія бутэлькі прыбярэ. Тут, на гэтых «базах адпачынку», пад звон келіхаў «решаются вопросы» — запрашаецца які-небудзь вышэйстаячы начальнік, у якога «выбіваюцца» сродкі для чаго-небудзь. Зразумелая справа, што ўсё гэта мае афіцыйнае прыкрыцьцё і нават тэарэтычнае абгрунтаваньне.

Гэта — карупцыя ці не?

Ці ўзяць палёт вышэйшага дзяржаўнага чыноўніка на дзяржаўным самалёце за дзяржаўны кошт у Нагана ў Японію, каб паглядзець хакей — гэта карупцыя ці не? І гэта таксама дбайна капіюецца на ўсіх узроўнях улады. Назавіце мне прозьвішча хоць аднаго кіраўніка ў краіне, які б не карыстаўся службовым транспартам у асабістых мэтах — б’юся аб заклад, што такіх няма, — піша ў сваім лісьце на Свабоду Кастусь Сырэль з Вушачаў. — А знакамітае «ты — мне, я — табе» — хто пра яго ня ведае? Ты мне — самазвал бэтону ці асфальту на панадворак, я табе — самазвал гною на гарод. Ты мне — брыгаду рабочых, каб забэтанаваць ці заасфальтаваць панадворак, я табе — брыгаду рабочых, каб растрэсьці на гародзе той самы гной. А выкарыстаньне падначаленых у рабочы час дзеля будаўніцтва ўласнай лазьні, гаража, лецішча — гэта ж робіцца на кожным кроку і таксама ня лічыцца карупцыяй!

А ўжо як кожны кіраўнік «доіць» бюджэт падначаленай арганізацыі — гэта проста нейкі вышэйшы пілятаж! Бярэцца, напрыклад, падручнік для тэхнікумаў ці ВНУ, зь яго перадрукоўваецца слова ў слова дзясятак старонак зь дзьвюма агульнавядомымі формуламі, дадаецца табліца ўзятых са столі лічбаў, уся гэтая лухта вянчаецца глыбакадумным і самавітым сказам: «Разьлікі зробленыя на кампутары пры дапамозе адмысловай праграмы». Пасьля гэтага складаецца дамова — і пара тысяч даляраў дзеліцца на дваіх — кіраўніка арганізацыі-замоўніка і выканаўцу. За тры гадзіны працы з аднаго боку і подпіс з другога — нядрэнна! А што ўсё гэта потым не працуе — каго гэта цікавіць? Я на працягу жыцьця двойчы з такім сустракаўся. Першы раз справа тычылася разьліку дальнасьці сувязі ў залежнасьці ад вышыні прыёмна-перадавальных антэн, другі раз — цеплатэхнічных разьлікаў. Чыста выпадкова здарылася, што і адзін, і другі падручнікі я чытаў, інакш мог і не здагадацца, што гэта банальны крадзеж!

А знакамітыя тэндэры — хто пра іх ня ведае! Я асабіста знаёмы зь юрыстам, які быў звольнены з працы за тое, што адмовіўся выканаць загад начальніка: «Як хочаш круціся, але каб тэндэр выйграла вось гэтая фірма».

Каюся — бываў уцягнуты ў карупцыйныя схемы і я. Напрыклад, рабіў я аднойчы адну складаную працу, зьвязаную з электронікай, зрабіў і хутка, і якасна. А пасьля гэтага начальнік, зь якім я дамаўляўся, кажа: «Плачу табе, як дамаўляліся, толькі ты расьпішасься за большую суму, рэшту аддасі мне». І не было магчымасьці запярэчыць — занадта я быў ад яго залежны.

То бок — быў несвабодны.

Зьвярніце ўвагу, шаноўнае спадарства — усе пералічаныя прыклады карупцыі проста немагчымыя ў свабодным грамадзтве, дзе свабодныя людзі свабодна працуюць самі на сябе, дзе дзяржава не імкнецца рэглямэнтаваць кожны крок кожнага грамадзяніна. І калі наш прэзыдэнт шчыра рупіцца, каб зьнішчыць карупцыю, то няхай перш-наперш не стварае для яе росквіту спрыяльнага асяродзьдзя, як ён гэта робіць ужо дваццаць год. Калі ня можаш гэтага зрабіць — сыходзь! І тады мы ня будзем ламаць дзіды ў спрэчках — а зьменшылася ў нас за дваццаць год карупцыя ці, наадварот, павялічылася? Асабіста мая думка такая, што ва ўсякім разе ня зьменшылася.

З павагай — «карупцыянэр» Кастусь Сырэль зь мястэчка Вушачы«.

Калі пайсьці такім шляхам, як прапануеце вы, спадар Кастусь, дык выкараніць давядзецца ня толькі карупцыю, але адначасова і аўтарытарную сыстэму ўлады. А значыць, настане канец пажыцьцёваму прэзыдэнцтву. Ці ж можа Лукашэнка пайсьці такой дарогай?

Таму ў Беларусі змагацца з карупцыяй будуць па-іншаму. Каранёў злачыннай зьявы гэта не закранае, затое на электарат дзейнічае спраўна. Надзець высокапастаўленаму чыноўніку кайданкі проста перад тэлекамэрай дзяржаўнага тэлебачаньня — што можа больш залагодзіць сэрца непераборлівага выбаршчыка? Ну, а тое, што чыноўніка гэтага сам жа Лукашэнка і прызначаў, што ён жа пазбавіў грамадзтва ўсялякага кантролю за гэтым чыноўнікам — дык хто пра тое ўспомніць?

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. З вамі быў Валянцін Жданко. Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, паштовая скрынка 111.

Праграма «Паштовая скрынка 111» выходзіць у эфір кожную сераду.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG