Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Вы бяз санкцыі зьбіраеце подпісы за ўсталяваньне міру. Я выклікала нарад міліцыі»


Аляксей Паўлоўскі, архіўнае фота
Аляксей Паўлоўскі, архіўнае фота

На Кармяншчыне грамадзкі актывіст з Магілёва Аляксей Паўлоўскі зьбірае подпісы мясцовых жыхароў супраць вайны Расеі ва Ўкраіне і накіроўвае іх расейскаму прэзыдэнту і дэпутатам Дзярждумы.

На мінулых выходных магілёўскі грамадзкі актывіст Аляксей Паўлоўскі, які ўлетку стала жыве ў вёсцы Стараград Кармянскага раёну, зьбіраў подпісы супраць вайны Расеі ва Ўкраіне ў самім райцэнтры. 26 мясцовых жыхароў пасьпелі падпісацца на рынку пад зваротам да Пуціна і віцэ-сьпікера Дзярждумы Жырыноўскага.

Што было далей, распавядае сам Аляксей Паўлоўскі: «Падыходзіць да мяне кабета: «О, гэта вы подпісы зьбіраеце?» Я ёй і адказваю: «Падтрымайце». Яна мне адразу: «Тацяна Шэхцер, Кармянскі раённы савет дэпутатаў. Вы бяз санкцыі зьбіраеце подпісы за ўсталяваньне міру. Я выклікала нарад міліцыі».

Да прыезду міліцыі актывіст пасьпеў схаваць аркушы з подпісамі:

«Пакуль міліцыянт не прыйшоў, я паперы схаваў куды трэба. Мяне супрацоўнік павёў у райаддзел міліцыі. Там запатрабавалі пашпарт, я даў вусныя тлумачэньні — і мяне адпусьцілі. Мне потым расказвалі людзі, што ідэолягі й міліцыянты ў пошуках аркушаў з подпісамі абшуквалі на рынку прыбіральню. Подпісы гэтыя ў прыбіральні шукалі. Гэта ўжо мне людзі распавялі».

Акурат 26 жніўня сустрэча будзе. Мае лісты пра мір ва Ўкраіне ўжо накіраваныя, каб Пуцін са сваімі памагатымі выводзіў гэтую шайку-лейку

Ліст з подпісамі кармянцаў як жыхароў саюзнай дзяржавы Беларусі й Расеі Аляксей Паўлоўскі ўжо накіраваў у Маскву. У ім падпісанты, зьвяртаючыся да Пуціна й Жырыноўскага, патрабуюць наступнага:

«Мы, грамадзяне саюзнай дзяржавы, падтрымліваем сувэрэнітэт братняй Украіны і патрабуем ад вас дзеля ўсталяваньня міру ў калысцы праваслаўнай Русі вывезьці са зваротным гуманітарным канвоем з трохсот КАМАЗаў на тэрыторыю Расейскай Фэдэрацыі фармаваньні ўласаўцаў, пятай калёны і чачэнскіх галаварэзаў. У выніку гэта дапаможа прадухіліць забойства мірных грамадзянаў, а таксама дазволіць адмяніць санкцыі супраць расейскіх алігархаў і вярнуць на сталы расейцаў з эўрапейскіх краінаў якасныя тавары, на якія вы наклалі эмбарга. А сродкі на вайну пойдуць на сацыяльныя патрэбы саюзнай дзяржавы, на мірныя Беларусь, Расею і Ўкраіну».

Паўлоўскі кажа, што раней падобны ліст з подпісамі сямі дзясяткаў жыхароў Магілёва ён ужо накіроўваў у Маскву. Адказы адтуль, хоць і запозьнена, але прыходзяць.

Гэтым разам збор подпісаў прымеркаваны да сустрэчы ў Менску прэзыдэнтаў Беларусі, Казахстану, Расеі, Украіны пры пасярэдніцтве прадстаўнікоў Эўразьвязу, якая мае адбыцца 26 жніўня:

«Акурат 26 жніўня сустрэча будзе. Мае лісты пра мір ва Ўкраіне ўжо накіраваныя, каб Пуцін са сваімі памагатымі выводзіў гэтую шайку-лейку. Людзі супраць таго, што яны панакіроўвалі ва Ўкраіну гэтых бандытаў».

Калі на Кармяншчыне людзі падпісваліся пад зваротам да расейскіх кіраўнікоў наконт спыненьня вайны ва Ўкраіне, то ў абласным цэнтры на мінулых выходных некаторыя гамельчукі вывешвалі ўкраінскія дзяржаўныя сьцягі — на знак салідарнасьці з Украінай, якая ў мінулую нядзелю адзначала 23 гадавіну сваёй незалежнасьці.

Тым часам у самой Украіне, у прыватнасьці ў суседняй з Гомельшчынай Чарнігаўскай вобласьці, мясцовыя ўлады ўмацоўваюць сваю ўсходнюю мяжу, апасаючыся агрэсіі з боку Расеі.

Кіраўнік Чарнігаўскага абласнога савету Мікалай Зьвераў заявіў нядаўна мэдыям, што гэта будзе нешта накшталт лініі Манэргейма — глыбокі роў, сьцяна, драцяная агароджа з сыгналізацыяй, вышкі, міны на падыходах. На пабудову ўмацаваньняў атрымана згода Дзяржаўнай памежнай службы і Міністэрства абароны Ўкраіны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG