Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ФСБ Расеі затрымала аўтобус з беларусамі, якія ехалі ў Катынь

абноўлена

Сёньня, з нагоды Міжнароднага дня памяці ахвяраў сталінізму і нацызму, актывісты і праваабаронцы з Беларусі плянавалі ушанаваць ахвяраў Катыні на месцы трагедыі.

Прадстаўнікі праваабарончай арганізацыі «Мэмарыял», руху «Разам», руху «За Свабоду» ініцыятывы «За ўратаваньне Курапатаў» (усяго каля 30 чалавек) сёньня раніцай выехалі на аўтобусе з Менску на месцы трагедыі ў Катыні.

Як паведаміла Свабодзе Ганна Шапуцька, аўтобус без праблем прайшоў кантроль на беларуска-расейскай мяжы. Але потым, на найбліжэйшай заправачнай станцыі, зьявіліся прадстаўнікі памежнай службы ФСБ Расеі. Расейцы праверылі пашпарты ва ўсіх пасажыраў аўтобусу, і праз пэўны час вярнулі іх — але забралі дакумэнты ў кіроўца.

Акрамя таго, дваіх беларусаў, пасажыраў аўтобуса, у якіх не было пашпартоў, забралі ў мясцовы райаддзел расейскай паліцыі.

Цяпер у аўтобусе знаходзіцца адзін прадстаўнік расейскіх службаў у цывільным, які адмаўляецца адказваць на нейкія пытаньні, і двое супрацоўнікаў расейскай дарожнай паліцыі. Беларускія ўдзельнікі паездкі ўжо пазванілі ў беларускую амбасаду ў Маскве Там ім параілі пісаць скаргу ў генэральную пракуратуру Расеі.

Прыехаў яшчэ адзін супрацоўнік у цывільным, і сказаў, што аўтобус прапусьцяць у Катынь, але ў суправаджэньні расейскай ДАІ, і каб у удзельнікаў паездкі не было палітычных плякатаў і ўкраінскіх сьцягоў. Аўтобус паехаў – яго суправаджаюць дзьве машыны, наперадзе і ззаду.

Гэтак пад канвоем беларускія актывісты ўсё ж даехалі да Катыні і здолелі наведаць мэмарыял. Вакол іх назіралася незвычайная канцэнтрацыя расейскіх міліцыянтаў (каля 15 чалавек), але экскурсія прайшла без эксцэсаў. Алесь Макаеў нават узьняў бел-чырвона-белы сьцяг.

23 жніўня Днём памяці гэты дзень абвясьціў Эўрапарлямэнт у 2009 годзе. Беларускія грамадзкія актывісты меркавалі ўскласьці кветкі да мэмарыялу ахвярам трагедыі 1941 году, а таксама на месцы гібелі ўрадавай дэлегацыі Польшчы ў 2010 годзе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG