Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі будуць шукаць экстрэмізм у інфармацыйнай прадукцыі


У Беларусі ствараецца Рэспубліканская экспэртная камісія па ацэнцы інфармацыйнай прадукцыі на прадмет наяўнасьці (адсутнасьці) ў ёй прыкмет праявы экстрэмізму.

Гэта прадугледжана пастановай Саўміна № 810 ад 21 жніўня 2014 года, паведамілі ў прэс-службе беларускага ўрада.

Пастанова прадугледжвае стварэньне сыстэмы экспэртных камісій у кожнай з абласьцей Беларусі. Рэспубліканская экспэртная камісія, створаная пры Міністэрстве інфармацыі, будзе таксама выконваць функцыі экспэртнай камісіі па Менску.

У камісію ўвойдуць аўтарытэтныя экспэрты ў сфэры філязофіі, псыхалёгіі, філялёгіі, сацыялёгіі, а таксама прадстаўнікі органаў дзяржаўнага кіраваньня, якія ажыцьцяўляюць процідзеяньне экстрэмізму. Гэта дазволіць усебакова і кампэтэнтна разглядаць матэрыялы на прадмет наяўнасьці ў іх прыкмет экстрэмізму.

Камісія будзе мець права запытваць і атрымліваць неабходныя дакумэнты, матэрыялы і інфармацыю, якія маюць значэньне для правядзеньня экспэртыз. Таксама яна зможа запрашаць і заслухоўваць на сваiх пасяджэньнях прадстаўнікоў дзяржорганаў, арганізацый, грамадзкіх аб’яднаньняў і індывідуальных прадпрымальнікаў. Пры неабходнасьці для экспэртыз будуць прыцягвацца розныя спэцыялісты, грамадзкія дзеячы, якія не ўваходзяць у камісію.

Падставамі для правядзеньня экспэртызы інфармацыйнай прадукцыі будуць звароты дзяржорганаў, арганізацый, грамадзкіх аб’яднаньняў і індывідуальных прадпрымальнікаў, а таксама пастанова (вызначэньне) дзяржорганаў ці службовых асобаў, якія маюць адпаведнае права.

Экспэртнае заключэньне экспэртнай камісіі можна будзе абскардзіць у судовым парадку.

Як растлумачылі БелТА ў Міністэрстве інфармацыі, «дакумэнт прыняты дзеля недапушчэньня распаўсюджваньня на тэрыторыі Беларусі інфармацыйных матэрыялаў экстрэмісцкага характару, для абароны грамадзкіх інтарэсаў ад дэструктыўных праяваў ў інфармацыйнай прасторы».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG