Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі вырабляюць сьцягі ДНР і Наваросіі


Беларуская інтэрнэт-крама Easyprint.by (пасьведчаньне аб рэгістрацыі выдадзена Менскім гарвыканкамам) гандлюе сьцягамі «Данецкай народнай рэспублікі» і «Наваросіі». Яны разьмешчаныя на старонцы крамы сярод афіцыйнай дзяржаўнай сымболікі.

Абодва сьцягі каштуюць па 199 тысяч рублёў ($19.21), памер — 75×155 см. У рэкляме напісана, што гэта «прыгожы і практычны сьцяг». Яго можна набыць у Менску альбо атрымаць поштай, у тым ліку за межамі Беларусі.

Паводле сайту, «сьцяг ДНР нароўні з гербам і гімнам зьяўляецца дзяржаўным сымбалем самаабвешчанай ДНР. Аўтар сьцяга, як мяркуецца, быў натхнёны сьцягам і гербам Расеі».

Пад выявай іншага сьцяга напісана: «Сьцяг Наваросіі (Саюзу народных рэспублік)». Паводле сайту інтэрнэт-крамы, «Наваросія» — «непрызнанае дзяржаўнае ўтварэньне ва Ўсходняй Эўропе, канфэдэратыўны саюз самаабвешчаных рэспублік. Насельніцтва — 6.592.894 чалавекі, тэрыторыя — 53.201 км²». Таксама адзначаецца, што пра стварэньне гэтай дзяржавы было абвешчана 24 траўня 2014 году пасьля аб’яднаньня самаабвешчаных ДНР і ЛНР. «Назва дзяржавы азначае заяўленую пераемнасьць ад аднайменнага гістарычнага рэгіёну Расейскай імпэрыі, у межы якога ўваходзіла ў тым ліку і вялікая частка Данбасу», — адзначаецца на сайце.

Прадстаўнік інтэрнэт-крамы Максім Сьцепаненка ў тэлефоннай размове з карэспандэнтам Свабоды патлумачыў, чаму прадаецца такая прадукцыя:

«Проста ёсьць нейкі попыт, і мы прадаём. Гэта ж не забаронена. Тэлефанавалі людзі, пыталіся. Мы замовілі, зрабілі і прадаём. Ад каго і які павінен быць дазвол? Калі ёсьць нейкі праваўладальнік, ён можа нам падаць заяўку, каб мы зьнялі з продажу. Але пакуль да нас зьвярталіся для таго, каб купляць. Мы замаўляем, у нас ёсьць вытворчасьць. Нам усё вырабляюць. Калі ёсьць устойлівы попыт, мы кладзем сабе на склад, то бок тут ніякай палітычнай падаплёкі можаце не шукаць. Мы — камэрсанты. Трывожна за лёс Украіны, але тут ніякай палітыкі няма. Мы не палітычная арганізацыя, мы зарабляем грошы. У нас просяць нешта вырабіць, мы вырабляем. У нас чалавек можа пад замову нейкі сьцяг зрабіць. Часта не адмаўляем. Але калі будзе нейкае афіцыйнае патрабаваньне, папера, то пытаньняў няма. Калі нешта не адпавядае беларускаму заканадаўству, то пытаньняў наагул ніякіх няма».

На сайце выстаўленыя дзяржаўныя сьцягі шэрагу краін. На пытаньне, чаму крама не гандлюе бел-чырвона-белым сьцягам, Максім адказаў так:

«Мы не прадаём, ёсьць іншыя арганізацыі, якія прадаюць. Можаце там купіць».

Паводле парталу by24.org, жыхар Менску Дзьмітры Косьцікаў падаў у Фрунзенскі РУУС заяву на краму Easyprint.by, якая распаўсюджвае антыдзяржаўную рэкляму і сымболіку незарэгістраваных фармаваньняў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG