Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лідэры Расеі, Украіны і Эўразьвязу пагадзіліся правесьці перамовы


На ініцыятыву Менска аб перамовах паміж кіраўнікамі Расеі і Ўкраіны з удзелам Аляксандра Лукашэнкі рэакцыі з Кіева пакуль няма.

Пакуль невядома, калі можа прайсьці сустрэча Пуціна, Парашэнка і Барозу аб пастаўках расейскага газу ва Ўкраіну і наконт падпісанага Украінай і Эўразьвязам пагадненьня аб асацыяцыі.

Як паведамляе Reuters, прэзыдэнты Расеі і Ўкраіны і старшыня Эўракамісіі пагадзіліся правесьці перамовы па газе і наконт рознагалосьсяў у сувязі з Пагадненьнем аб свабодным гандлі паміж ЭЗ і Ўкраінай паралельна з намаганьнямі па стабілізацыі становішча ва Ўкраіне, паведамілі ў Эўразьвязе.

Крыніца Reuters у Эўракамісіі паведаміла, што прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін, прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка і старшыня Эўракамісіі Жазэ Мануэль Барозу правядуць асабістую сустрэчу, але пакуль невядома, дзе і калі яна адбудзецца. Сытуацыя, калі дыскусія наконт рознагалосьсяў выводзіцца на прэзыдэнцкі ўзровень, дае надзею на магчымае зьніжэньне напружанасьці ва Ўкраіне, ахопленай крызісам, у выніку якога адносіны паміж Расеяй і Захадам сур’ёзна пагоршыліся.

У ходзе тэлефоннай размовы ў чацьвер Барозу і Пуцін абмеркавалі шляхі ўрэгуляваньня крызісу ва Ўкраіне, гаворыцца ў паведамленьні Эўракамісіі.

"Было вырашана правесьці кансультацыі паміж прэзыдэнтамі Расеі, Украіны і Эўракамісіі па пытаньнях, зьвязаных з рэалізацыяй пагадненьня аб асацыяцыі паміж ЭЗ і Украінай, а таксама аб пастаўках газу, паралельна з намаганьнямі па стабілізацыі палітычнай сытуацыі і сытуацыі ў галіне бясьпекі. Канкрэтныя дэталі правядзеньня гэтых перамоваў будуць абмяркоўвацца па адпаведных дыпляматычных каналах«,— гаворыцца ў заяве Эўракамісіі.

Сэрыя трохбаковых перамоваў па газе з удзелам міністраў энэргетыкі Украіны і Расеі, а таксама эўракамісара па пытаньнях энэргетыкі Гюнтэра Этынгера ў чэрвені скончылася няўдачай, пасьля чаго расейскі «Газпром» спыніў пастаўкі газу ва Ўкраіну.

Пасьля гэтага Этынгер правёў двухбаковыя перамовы з міністрам энэргетыкі Украіны і плянуе сустрэцца з расейскім міністрам 29 жніўня ў спробе аднавіць трохбаковыя дыскусіі аб цане за расейскі газ для Ўкраіны.

Раней сваё пасярэдніцтва ў перамовах Пуціна і Парашэнкі прапаноўваў Аляксандар Лукашэнка, але адказу на ягоную ініцыятыву з Кіева пакуль няма.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG