Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У нас кумаўская сыстэма ўлады, таму і карупцыя страшная», — апытаньне ў Магілёве


«Як вы лічыце, большыя ці меншыя маштабы набыла карупцыя за гады кіраваньня Лукашэнкі? Чаму так мяркуеце?» Адказвалі жыхары Магілёва.

Маладая дзяўчына: «А вам адказваць праўдзіва? Яе ня стала ні больш і ні менш. Высокапастаўленыя чыноўнікі, я асабіста сутыкнулася, нічога не баяліся і цяпер не баяцца. Таму ў нас уся карупцыя ў пагонах».

Малады хлопец: «Меней стала. На працягу апошніх паўтара дзясятка гадоў кантроль ёсьць. Іншым разам перагінаюць, але так, відаць, і павінна быць».

Жанчына: «Большыя маштабы. За прыгожымі фразамі пра празрыстасьць і чысьціню схаваная кумаўская сыстэма ўлады. Усе павязаныя нейкімі зьдзелкамі. А вось паказушныя працэсы — гэта сьведчаньне карупцыі страшэннай».

Наўпроставы лінк

Мужчына: «Я не бізнэсовец, таму мне цяжка меркаваць. Пра гэта варта лепей запытваць у бізнэсоўцаў, у якіх узаеміны з прадстаўнікамі ўлады і адміністрацыйнымі органамі. Я ведаю, аднак, што, па вялікім рахунку, такія злачынствы цяжка выкрыць».

Мужчына сталага веку: «Напэўна меншымі. Больш дзейсна зь ёй вядзецца барацьба. Няма свабоды, як кажуць, злачынцам. Папаўся — адказвай!»

Жанчына: «Гэта трэба быць да ўлады блізкай, каб ведаць, ёсьць карупцыя ці няма. Напэўна ж ёсьць. І засталася такой жа. Барацьба зь ёй не вядзецца — хіба толькі на словах».

Мужчына: «Не адчуваю я нешта розьніцы. Няма ў мяне прыкладаў для параўнаньня. Па ідэі, павінна быць меней. У нас жа ўсё добра».

Малады мужчына: «Па-мойму, дык карупцыя як была, гэтак і засталася. Тут не залежыць нешта ад улады. У нас народ такі ды людзі такія. Гэта ў характары кожнага чалавека пры ўладзе».

Мужчына: «Ды карупцыі няма ў нас, відаць, ужо...»

Мужчына сталага веку: «Менш стала. Усё ж дысцыпліна троху ёсьць у нас. І ёсьць кантроль. Дзяржава ёсьць дзяржава. Гэта дыктат. Яго павінны баяцца. Вось ва Ўкраіне ніхто нічога не баяўся, дык вынік навідавоку. У нас жа такога няма».

Мужчына: «Мяркую, што больш. Заробкі ў нас невялікія ў людзей, а палацы растуць. Барацьба зь ёй вядзецца выбарачна. А вы часам не з КДБ?»

Мужчына: «А я адкуль магу ведаць пра гэта? Наш прэзыдэнт жа вядзе барацьбу з карупцыяй! І слушна робіць, што вядзе. Так і трэба, толькі вось усіх не перасаджаеш. Яна была, ёсьць і будзе...»

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG