Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пракурор просіць для Бандарэнкі пяць гадоў


Андрэй Бандарэнка
Андрэй Бандарэнка

Абвінаваўца Аляксандар Бароўскі лічыць, што віна Андрэя Бандарэнкі даказаная ў поўным аб’ёме.

Пракурор Аляксандар Бароўскі падтрымаў кваліфікацыю абвінавачаньня Бандарэнкі ў поўным аб’ёме. «Так, былі пытаньні што да ўжываньня ключоў, але, тым ня менш, я падтрымліваю кваліфікацыю цалкам», — сказаў пракурор і выказаўся адносна ўсіх трох эпізодаў.

Паводле пракурора, у першым эпізодзе абвінавачаньня Бандарэнка вінаваты, і гэта ў судзе даказана. «Эпізод ад 5 лютага абвінавачаны не прызнаў цалкам, нібыта ў ягоных дзеяньнях не было хуліганскага матыву, ён толькі адштурхоўваў пацярпелага», — сказаў Бароўскі. Аднак, на думку пракурора, такая пазыцыя — «абраны абвінавачаным спосаб абароны». Адносна пачатку канфлікту — несупадзеньне ўсіх паказаньняў.

Пацярпелы Яворскі кажа, што гэта яго зьняважылі, і калі ён паспрабаваў высьветліць гэта, то атрымаў удар. Бандарэнка кажа, што гэта яго зьняважылі. Хто мае рацыю? На думку пракурора, нават калі б Бандарэнку сапраўды зьняважыў Яворскі, гэта не падстава, каб біць яго ў твар рукой. Тое, што такі ўдар быў нанесены, на думку пракурора, пацьверджана сьведкай Дурманавай. Пракурор прызнаў, што ў яе паказаньнях ёсьць пэўныя разыходжаньні, але патлумачыў гэта даўнасьцю часу. Спадар Бароўскі мяркуе, што паказаньні Дурманавай пацьвярджаюцца часткова і міліцыянтам Курыльчыкам. «А што ёсьць „невялікія дробязі“, разыходжаньні ў іхніх паказаньнях, то гэта не ўплывае на сутнасьць», — таксама мяркуе пракурор. Аляксандар Бароўскі ня бачыць падстаў падазраваць, што пацярпелы Артур Яворскі дзейнічаў адносна Бандарэнкі ў правакацыйных мэтах.

Адносна другога эпізоду абвінавачаньня (канфлікту з пацярпелай Тацянай Радзіён) прадстаўнік пракуратуры таксама лічыць, што віна Бандарэнкі ў злосным хуліганстве была ў судзе цалкам даказаная. Шмат увагі пракурор аддаў даказваньню таго, што ў руках у Бандарэнкі падчас таго канфлікту былі ключы, якімі ён адамкнуў дзьверы ў кватэру напярэдадні бойкі з Тацянай Радзіён. «Мяркую, Бандарэнка першым нанёс удар, ён ударыў ключамі па галаве пацярпелай», — заявіў Аляксандар Бароўскі і спаслаўся на дасьледаваную ў судзе экспэртызу, паводле якой «ключы маглі быць ужытыя ў якасьці прадмета, якім нанесеныя ўдары па галаве пацярпелай Радзіён».

Віна Бандарэнкі ў канфлікце з пацярпелымі Тацянай Радзіён і яе маці Натальляй Траўлькай, які адбыўся 27 красавіка ў будынку Кастрычніцкага РУУС (трэці эпізод), у пракурора таксама не выклікае сумненьня. Асноўным доказам Аляксандар Бароўскі лічыць відэазапіс канфлікту, падчас якога Бандарэнка ўдарыў нагой па тэлефоне Радзіён, а потым у твар — пацярпелую Траульку. Гэтае злачынства пракурор адносіць да злоснага хуліганства па прыкмеце паўторнасьці.

Пракурор згадаў, што Бандарэнка пасьля гэтага эпізоду прызнаў сваю віну перад Радзіён і Траулькай і спрабаваў перад імі выбачыцца. Але пры гэтым Бандарэнка зрабіў гэтыя дзеяньні ўсяго празь некалькі дзён, як быў азнаёмлены з пастановай аб завядзеньні супроць яго крымінальнай справы па першым эпізодзе. Прычыну такіх паводзінаў пракурор бачыць у тым, што ва ўсіх трох эпізодах Бандарэнка быў нецьвярозы. У гэтым ён бачыць «абцяжавальныя абставіны». А зьмякчальныя — у тым, што Бандарэнка часткова прызнаў сваю віну і мае на ўтрыманьні малое дзіця. Таксама пракурор мяркуе, што на Бандарэнку распаўсюджваецца амністыя, якая цяпер дзейнічае.

Пракурор Бароўскі лічыць, што выпраўленьне Бандарэнкі магчымае толькі ў месцах пазбаўленьня волі, і просіць яму 6 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму. Па амністыі просіць скасаваць год з гэтага тэрміну. Такім чынам, паводле пракурора Бароўскага, Бандарэнку варта асудзіць на 5 год зьняволеньня.

Пасьля перапынку на абед у судзе выступіць адвакат Дар’я Ліпкіна.

***

Працэс над Андрэем Бандарэнкам пачаўся 29 ліпеня ў Кастрычніцкім судзе Менску. Андрэя Бандарэнку абвінавачваюць ва ўчыненьні хуліганскіх дзеяньняў, спалучаных з ужываньнем фізычнай сілы.

Справу расьсьледаваў Кастрычніцкі райаддзел Сьледчага камітэту па Менску.

Падчас расьсьледаваньня былі ўстаноўленыя тры эпізоды хуліганскіх дзеяньняў, учыненых абвінавачаным. Два зь іх зьвязаныя з ужываньнем гвалту ў адносінах да жанчын. Дзеяньні Бандарэнкі кваліфікаваныя сьледчымі як злачынствы, прадугледжаныя ч.1, ч.2 і ч.3 арт.339 Крымінальнага кодэксу (хуліганства, злоснае хуліганства і асабліва злоснае хуліганства).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG