Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці адважыцца Беларусь на адукацыйныя рэформы дзеля ўступленьня ў Балёнскі працэс?


Беларуская студэнтка, ілюстрацыйнае фота
Беларуская студэнтка, ілюстрацыйнае фота

Ва Ўкраіне прынялі рэвалюцыйны закон аб вышэйшай адукацыі. Закон значна пашырае аўтаномію ўнівэрсытэтаў і дае грамадзкасьці болей мэханізмаў для кантролю за дзейнасьцю ВНУ.

Закон створаны на аснове крытэраў Эўрапейскай адзінай прасторы адукацыі.

Ці магчымыя такія зьмены ў беларускай адукацыі? Галоўны рэдактар generation.by Юры Сідун лічыць, што практычна ва ўсіх сфэрах Беларусь адстае ад суседзяў, і прычыны найперш палітычныя. Украіне насамрэч ня так проста даўся гэты закон. Барацьба за заканадаўчую рэформу вышэйшай адукацыі ва Ўкраіне ішла з 2009 году. Гэта першы заканадаўчы акт, які быў распрацаваны не экспэртамі, не палітычнымі партыямі, а менавіта грамадзянскай супольнасьцю. І першы закон, які быў прыняты пасьля рэвалюцыйных пераменаў і падпісаны новым прэзыдэнтам Пятром Парашэнкам. У Беларусі сытуацыя моцна адрозьніваецца ад украінскай, кажа Юры Сідун:

«Беларускія чыноўнікі ад адукацыі ўсё ж такі занялі пазыцыю далучэньня да Балёнскага працэсу, да крытэраў эўрапейскай адзінай прасторы адукацыі. Аднак фактычна гэта толькі шырма, каб пад гэтым брэндам далучэньня да Балёнскага працэсу прыцягваць сюды болей замежных студэнтаў, дзеля таго каб зарабляць на адукацыі. Бо сёлета недабор платнікаў вельмі істотны. Гэты недабор дзяржава спрабуе кампэнсаваць замежнымі студэнтамі.

Але чыноўнікі не гатовыя ахвяраваць сваімі падыходамі да вышэйшай адукацыі. Вельмі цяжка ўявіць, да прыкладу, што ў Беларусі рэктараў будуць абіраць выкладчыкі ВНУ з удзелам студэнтаў на абмежаваныя тэрміны. Ці што ў Беларусі зьявяцца акадэмічныя свабоды. Усе намаганьні студэнтаў разьвіваць рух самакіраваньня натыкаюцца на рэпрэсіі. А тыя дэкаратыўныя структуры, якія існуюць, выконваюць ролю імітатараў. Я, прынамсі, ня чуў, каб яны выконвалі нейкія рэалістычныя задачы. Тым больш што апошнім часам нават тыя структуры самакіраваньня, якія існавалі, тыя ж студэнцкія прафсаюзы, замяняюцца ячэйкамі БРСМ».

Беларусь застаецца адзінай эўрапейскай краінай, якая не прынятая ў Балёнскі працэс. На думку сябра грамадзкага Балёнскага камітэту Андрэя Лаўрухіна (звольненага нядаўна з ЭГУ), цяпер у Беларусі якраз ёсьць шанец стаць чальцом Балёнскага працэсу, і гэта будзе пазытыўным крокам і, магчыма, падставай для ўнясеньня зьменаў у заканадаўства аб адукацыі. Але ёсьць апасеньні, што Беларусь будзе імітаваць гэтыя зьмены, кажа Андрэй Лаўрухін:

«І тут шмат што залежыць ад акадэмічнай супольнасьці: ці пагодзіцца яна падыгрываць той імітацыі, ці будзе яна паглынаць тое, што будзе выдавацца за ўнівэрсытэцкае самакіраваньне, за акадэмічныя свабоды. І наагул, уступленьне ў Балёнскі працэс — справа значна лягчэйшая, чым тыя істотныя трансфармацыі, рэформы, якія па лёгіцы павінны адбыцца пасьля таго, як Беларусь далучыцца да Балёнскага працэсу».

Якія зьмены чакаюць украінскую адукацыю: дэцэнтралізацыя кіраваньня адукацыяй і абмежаваньне паўнамоцтваў Мінадукацыі; вялікая фінансавая аўтаномнасьць ВНУ, заробленыя грошы яны могуць траціць на свае патрэбы; зьнешні кантроль з боку Нацыянальнага агенцтва па забесьпячэньні якасьці вышэйшай адукацыі з прадстаўнікоў Акадэміі навук, ВНУ, студэнтаў; студэнцкае самакіраваньне — як мінімум 15% любой Навуковай рады павінны складаць студэнты. Яны могуць выбіраць 25% дысцыплін, якія будуць вывучаць; новы мэханізм абіраньня рэктараў (галасуюць усе выкладчыкі і да 15% студэнтаў); рэктараў выбіраюць ня больш як на два тэрміны (тэрмін — 5 гадоў); адмяняецца паняцьце «спэцыяліст», уводзіцца двухгадовая магістратура. Будуць ступені, прынятыя ў Эўразьвязе: малодшы бакаляўр, бакаляўр, магістар, доктар філязофіі, доктар навук; акадэмічная мабільнасьць: студэнты маюць магчымасьць вучыцца і стажыравацца ў розных унівэрсытэтах.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG