У 2015 годзе ў Беларусі зьявіцца трэцяя ваенная база Расейскай Фэдэрацыі. На думку экспэртаў, яна прызначаная ня столькі для абароны, колькі для дэманстрацыі сілы ў адрас НАТО.
На ёй будуць разьмяшчацца зьнішчальнікі, здольныя несьці ракетна-бомбавае ўзбраеньне і наносіць ўдары па наземных цэлях ў радыюсе паўтары тысячы кілямэтраў ад аэрадрома. Пра гэта піша «Нямецкая хваля».
Паводле словаў ваеннага аглядальніка Аляксандра Алесіна, абедзьве расейскія базы, якія ўжо разьмешчаныя на тэрыторыі Беларусі, зьяўляюцца ў першую чаргу аб’ектамі тэхнічнымі, якія займаюцца пераважна выведкай, радыёлякацыяй і сувязьзю. Абедзве яны — пагадненьнем ад 6 студзеня 1995 году — разам зь зямельнымі ўчасткамі перададзеныя Расеі ў бязвыплатнае карыстаньне на 25 гадоў.
Новая база, пра якую заявіў Сяргей Шайгу, кардынальна адрозьніваецца ад дзьвюх наяўных. Паводле словаў камандуючага ВПС Расеі Віктара Бондарава, у Беларусі плянуецца разьмясціць полк (24 самалёта) Су-27СМ3, якія, хоць і зьяўляюцца зьнішчальнікамі, здольныя несьці бомбы, а таксама могуць у тры разы больш эфэктыўна, чым базавая мадэль Су-27, працаваць па наземных цэлях.
«Дадзеныя самалёты ў Беларусі — гэта хутчэй сыгнал нашым суседзям у Польшчы і краінах Балтыі. Для абароны, думаю, яны тут залішнія. Для гэтых мэтаў тут хапае нашай супрацьпаветранай абароны», — мяркуе Аляксандар Алесін. Пра пляны пастаяннай дысьлякацыі з 2015 года ў Беларусі палка расейскіх зьнішчальнікаў Су-27 заявіў у красавіку на сустрэчы з прэзыдэнтам Аляксандрам Лукашэнкам міністр абароны Расеі Сяргей Шайгу. У Беларусі цяпер на дзьвюх базах знаходзяцца ад 4 да 10 зьнішчальнікаў Су-27. Адна база знаходзіцца ў Вілейцы, іншая — пад Баранавічамі.